Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

Асабiстыя старонкi сяброу СБП

Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч

Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч

Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч

Беларускі краязнавец, незалежны даследчык і перакладчык з польскай мовы.

Біяграфія

Нарадзіўся 1 сакавіка 1963 года ў Лідзе. Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985). Па адукацыі інжынер. Стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2017).  Жыве ў Лідзе. Мае жонку, сына, нявестку і ўнука.

Сфера навуковых інтарэсаў Л. Лаўрэша — краязнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Навуковая зацікаўленасць гісторыяй Лідчыны тычыцца шырокага часавага дыяпазону — ад першабытнасці да часоў Заходняй Беларусі (1921—1939). Асобна цікавіцца еўрапейскімі падзеямі канца XIV -пачатку XV ст., якія закранулі Лідчыну. Удзельнік творчага калектыву ГрДУ імя Я. Купалы, які па заданні Інстытута гісторыі НАНБ выконвае навукова-даследчую работу па канфесійнай гісторыі Беларусі ХІХ ст.

Публікуецца з 2000 года. Першыя артыкулы былі вынікам вандровак па Лідчыне, падчас якіх у в. Ішчална быў знойдзены дзейны сонечны гадзіннік (мусіць адзіны ў Беларусі), а ў в. Бабры — неапісаны камень-следавік.

Выказаў уласную гіпотэзу пра месца заключэння Востраўскага пагаднення (1392). Распрацоўваў тэму удзелу англійскіх арыстакратаў, персанажаў У. Шэкспіра — Генры Ланкастэра, Генры Персі Хотспура, Джона Бафорта і інш., у вайне Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага княства Літоўскага. Пісаў пра адбітак войнаў і паўстанняў у XIX ст. — вайны 1812 г., паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у гісторыі Лідчыны. Звяртаецца і да пытанняў эканамічнай гісторыі Ліды і Лідчыны. Рэканструяваў раней невядомыя моманты з гісторыі многіх паселішч Лідчыны. Частка артыкулаў Л. Лаўрэша прысвечана і архітэктурным помнікам, архітэктуры готыкі і рамантызму на Лідчыне.

Распрацоўвае канфесійную гісторыю Лідчыны, аўтар артыкулаў пра асобныя прыходы, храмы і капліцы. Зрабіў уклад у царкоўнае краязнаўства. Пры гэтым, мабыць першым у Беларусі, заняўся царкоўным краязнаўствам уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы. У кнізе «Грэкакаталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне» (2012) паказаў у кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў царкоўна-рэлігійныя працэсы на Лідчыне ў ХVI-ХХ ст., апісаў адбітак стварэння, дзейнасці і ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі на гісторыі Лідчыны. Кніга заснавана на багатым факталагічным матэрыяле, з апублікаваннем дакументаў у Дадатках. Прэзентацыя кнігі выклікала пэўны рэзананс.

Даследуе гісторыю прыродазнаўчых навук у Беларусі. Асобная сфера даследаванняў Л. Лаўрэша ў гэтай галіне — астраномія, ёй прысвечаны шэраг артыкулаў і кніга нарысаў «І зорнае неба над галавой…» (2013).

Шэраг публікацый Л. Лаўрэша прысвечана рэчавым, вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у т.л. каменным магілам, камяням-следавікам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам.

Таксама даследуе біяграфіі і дзейнасць вядомых ураджэнцаў Лідчыны, у т.л. звяртае ўвагу на забытыя і малавядомыя імёны. Апублікаваў шэраг біяграм і біяграфічных даследаванняў, у т.л. Кіпрыяна Кандратовіча, Яўгена фон Гротэ дэ Буко, Дзіянісія Хлявінскага, Антонія Гарэцкага, Францішка Нарвойша, Аляксандры Нарбут, Цэзарыя Каменскага, Віктара Басяцкага, Марціна Пачобут-Адляніцкага, Яна Снядэцкага, Вітольда Цэраскага, Гаўрылы Ціхава і інш.

Аўтар 8 кніг (гл. спіс ніжэй) і больш за 200 артыкулаў. Сталы аўтар газеты «Наша слова», часопіса «Лідскі летапісец», «Маладосць», «Гістарычны альманах» і розных навуковых зборнікаў.

  • Лаўрэш Л., Круцікаў У. Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках. — Ліда, 2001. — 108 с. (у суаўтарстве).
  • Лаўрэш Л.Л. Генерал Кіпрыян Кандратовіч (Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі). — Ліда, 2007. — 43 с.
  • Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне / пад рэд. С. В. Марозавай. — Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святамучаніка Язафата ў г. Полацку, 2012. — 128 с.
  • Лаўрэш Л.Л. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміі. — Мінск: Лімарыус, 2013. — 266 с.
  • Лаўрэш Л.Л. Ліда ўчора і сёння : гісторыя горада ў выявах. — Ліда: Лідская друкарня, 2013. — 152 с.
  • Лаўрэш Л.Л. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. — Мінск: Харвест, 2014. — 63, [1] с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).
  • Лаўрэш Л.Л. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. — Гродна: Юрсапрынт, 2016. – 244 с..
  • Лаўрэш Л.Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс / пад рэд. С. В. Марозавай. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2017. – 114 с.

 

Асабiстыя старонкi сяброу СБП

(Паказаць увесь спіс)
Крэбс Ігар Барысавіч
Крэбс Ігар Барысавіч

Перакладчык. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2017).

Чытаць далей...
Пейган Мікалай Аляксандравіч
Пейган Мікалай Аляксандравіч

Краязнавец, публіцыст, гісторык, педагог. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2017 года.

Чытаць далей...
Сцяцко Павел Уладзіміравіч
Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Мовазнавец, прафесар філалогіі. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2017 года.

Чытаць далей...
Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч
Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч

Беларускі краязнавец, незалежны даследчык і перакладчык з польскай мовы.

Чытаць далей...