Сяргей Астравец. Саргасава мора

Сяргей Астравец. Саргасава мора

У адным з тэкстаў са сваёй новай кнігі пісьменьнік і журналіст Сяргей Астравец сьцьвярджае, што рэпартэр не павінен мець сантымэнтаў, ён ня мусіць суперажываць героям сваіх матэрыялаў, быць безуважным да людзей, чые гісторыі распавядае чытачам газэт ці слухачам радыё. Але калі ўважліва прыгледзецца да кожнага з апавяданьняў і эсэ, што склалі «Саргасава мора», можна заўважыць у іх агульныя рысы-сантымэнты самога аўтара. Яны выяўляюцца як у стылі, сюжэтах, так і ў манеры напісаньня твораў. Я зь лёгкасьцю магу налічыць іх 7 — вельмі ж прыгожая лічба атрымліваецца, але чытач не абавязаны спыніцца на гэтым ліку і можа дапоўніць сьпіс уласнымі адкрыцьцямі.

1. «Гарадзенскасьць»

Ёй наўмысна ці падсьвядома «грашыць» ледзь ня кожны беларускі пісьменьнік, які нарадзіўся ці жыве ў гэтым старажытным горадзе. Думаецца, быць зьнітаваным лёсам з Гародняй — вялікая ўдача і крыніца натхненьня для творцы. Вось і Сяргея Астраўца не абмінуў ўплыў чароўнага места. Не, тут няма правінцыйнай пакрыўджанасьці, маўляў — усё жыцьцё ў Менску, а мы на пэрыфэрыі, абмінутыя ўвагай. У кнізе бачыцца сапраўдны гонар, сапраўдная радасьць жыць і тварыць менавіта тут, блукаць старажытнымі вуліцамі, заходзіць у храмы, любавацца наднёманскімі краявідамі.

Хоць і нарадзіўся пісьменьнік у Менску, ён доўгі час жыве і працуе ў Гародні, таму ўся кніга прасякнутая літаральна «гарадзеншчынай». Герой аднаго з твораў, таксама пісьменьнік, нават адкрыта сьцьвярджае: «Я не бяз гонару паведаміў, што большасьць аповедаў напісаў у горадзе з каралеўскімі каранямі, з аленем Сьвятога Губэрта на гербавым шчыце». Чытачу нельга не парадавацца за такую шчасьлівую зьнітаванасьць творцы і гораду, хоць час ад часу гучыць у тэкстах настальгія па прыгажуні Празе.

2. Захапленьне разважаньнямі

Знаходзячыся ў дарозе, стоячы на мяжы ці перажываючы галаўны боль, гатуючы каву ці проста гладзячы ката, героі тэкстаў з «Саргасавага мора» задаюць сабе мноства пытаньняў, шукаюць адказы на самыя розныя запыты сучаснасьці. І самі сабе бясконца доўга на іх адказваюць, прапаноўваюць розныя варыянты разьвіцьця падзей, нібыта «прымерваюць» прыняцьце розных рашэньняў.

Гэта кепска ці добра? Вырашаць чытачу, кожнаму індывідуальна. Часам і сапраўды прыемна назіраць за гэтымі разважаньнямі, пагаджацца ці спрачацца з героямі ў думках. Але падчас хочацца штурхнуць героя ў бок і сказаць: хопіць разважаць, дзейнічай! Але будзьце гатовыя, не заўсёды прыслухаюцца, бо ім часта «з рэчаіснага ладу хацелася апынуцца ў мэтафарычным».

3. Нелюбоў да дыялёгаў

Магчыма, гэты сантымэнт Сяргея Астраўца лягічна вынікае з папярэдняга: пісьменьніку цікавей выбудоўваць дыялёгі герояў з самімі сабой, чым паміж сабой. Права аўтара, але ж чытачу хочацца разнастайнасьці.

4. Пошук водгульля падзей мінуўшчыны ў сучаснасьці

Гэта адзін з самых моцных бакоў кнігі. Аўтар сапраўды клапоціцца, перажывае пра тое, каб памяць пра падзеі былых стагоддзяў жыла сёньня і — галоўнае — інтэрпрэтавалася і ўспрымалася адэкватна. Яго вабяць таямніцы гісторыі, ён захоплены разгадкай рэбусаў, што пакінуў нам час і папярэднія пакаленьні. На старонках кнігі зьяўляюцца вобразы першадрукара, паўстанцаў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі, а таксама царскіх генэралаў, якія былі іх катамі. Пісьменьнік задаецца пытаньнем: чаму мы не шануем нашых слаўных ваяроў? Чаму забываемся на сваіх герояў? Чаму аддаём гучныя перамогі іншым?

Як, напрыклад, перамогу пад Грунвальдам у 1410 годзе, дзе воіны з беларускіх земляў сьмела змагаліся пад сьцягам Вялікага Княства Літоўскага. Як на мяне, то апавяданьне «Рэвэрансы», дзе апісваецца сярэднявечнае сьвята з рэканструкцыяй той знакавай бітвы — самае яркае ў кнізе. І не таму, што маю ўласны сантымэнт да Грунвальду, а таму, што тут голас аўтара гучыць сапраўды арыгінальна і дзёрзка, ён паказвае ўвесь трагі-фарсавы антураж таго дзіўнага сьвяткаваньня. Як вам такія дэталі: «У табары экзатычныя рыцары з рознакаляровымі пасмамі і нават брывамі. Гэта, нечакана, свае. Але, як тлумачыць археоляг, які ўсё ведае, яны — „рускамоўныя“, і зь імі ня хоча сябраваць купка сьвядомых рыцараў, якія ўмеюць па-беларуску. Білінгвістычны канфлікт з грунвальдзкай афарбоўкай». Цікава таксама: аўтар заўважае, што гэтае сьвята — не адзінкавае, якую б знакавую падзею ні ўзяць, «кожнага году паўтараўся адзіны дзеяцяг».

5-6. Прага падарожжаў і празьмерная ўважлівасьць да дэталяў

Я нездарма аб’яднала гэтыя сантымэнты, бо ў апавяданьнях Сяргея Астраўца яны часта ідуць поруч. Кожны, хто шмат падарожнічае, для каго паездка — ня проста патрэба перамясьціцца з пункта А ў пункт Б, а цэлая гісторыя, натхняльная прыгода і крыніца інфармацыі для працы, ведае: дарога — гэта наркотык. Некалькі тыдняў засядзеўся на адным месцы — апаноўвае хандра і невыносны сум. Так і героі «Саргасавага мора» проста прагнуць новых вандровак, адкрыцьцяў і знаёмстваў. І яны іх атрымліваюць — прафэсія журналіста дазваляе. Варта падкрэсьліць, што падарожныя нататкі ў кнізе надзвычай цікавыя, са сьвежым поглядам і яснымі ўражаньнямі. Мы зь імі наведваем знакавыя мясьціны Беларусі і замежжа, родавы маёнтак Тадэвуша Касьцюшкі і родны Навагрудак Адама Міцкевіча, трапляем у Прагу, шпацыруем берагамі магутнага Нёмана.

Усё было б выдатна, каб не адно «але»: празьмерная ўвага аўтара да дробязяў, настолькі драбнюткіх дэталяў, што проста стамляесься часам ад іх пераліку. Колькі кавы выпіў па дарозе, як звалі мужчыну, побач зь якім сядзелі ў аўтобусе, хто напіўся «пушчанкі» і доўгія-доўгія пералікі ў падобным рэчышчы.

7. Дылема: пісьменьніцтва ці журналістыка?

А вось тут аўтар задае сам сабе і чытачу глыбокае пытаньне. Яно стаіць перад творцам, які імкнецца заняцца літаратурнай працай, але вымушаны зарабляць на жыцьцё таксама тэкстамі, але ўжо журналісцкімі. Для мінака мяжа нязначная — усё ж пісаць трэба. Але для пісьменьніка, творчага чалавека паміж гэтымі тэкстамі — сапраўдная прорва. Выпрацоўваць уласны індывідуальны стыль, узбагачаць мову, што на карысьць мастацкай прозе, ці штодзень «штампаваць» аднолькавыя па структуры інфармацыйныя паведамленьні, што пішуцца амаль скалькаванай мовай. Быць сярод людзей, у віхурах падзей і імкнуцца як мага хутчэй данесьці людзям навіны — раптам нешта важнае адбылося, ці стаіцца ва ўласным невялічкім сьвеце і займацца напісаньнем апавяданьняў?

Журналісты, якія маюць таксама і пісьменьніцкія амбіцыі, ведаюць, як цяжка пасьля мноства працоўных тэкстаў заняцца творчасьцю, як уядаецца газэтная мова ў сьвядомасьць, як уплывае на плынь сьвядомасьці і структуру думак.

Які шлях выбера герой — быць летуценьнікам-творцам ці акулай-журналістам? І вось адказ: «Калісьці хацелася забыцца на палітыку і рабіць часопіс з прозай, эсэ, зацемкамі, з дыскусіямі і падарожнымі нататкамі. Але гэта ілюзія, міраж. Няўдзел. Хай лепей штодня шукаць, знаходзіць і паведамляць навіны. Гэта лёс». Сапраўды, кожны прафэсіянал мае сваю місію. І калі твая доля — пісаць актуальныя матэрыялы, уплываць на стан грамадзтва і разьвіцьцё краіны, то грэх выбіраць іншы лёс, хай сабе больш спакойны і бясьпечны.

Але, думаецца, у Сяргея Астраўца выдатна атрымліваецца спалучаць журналісцкі і пісьменьніцкі талент. У апавяданьнях — расказваць пра свае журналісцкія прыгоды, а ў рэпартажы і інтэрвію — дадаваць прыгажосьці і лірычнасьці, так, як гэта ўмее рабіць толькі сапраўды таленавіты празаік.

Марына Весялуха, svaboda.org