Бліскавіцы: Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду

Бліскавіцы: Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду

Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”, якую ўклалі Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль і якая з’явілася літаральна некалькі дзён таму, да кірмашовых стэндаў не дабралася, затое дабралася да паэтычных чытанняў. Спадзяюся, кніга хутка з’явіцца ў многіх кнігарнях, бо нават сам факт яе існавання (для тых, хто не хоча чытаць “шмат літар”) — важкі аргумент на карысць таго, што гісторыя рана ці позна ўсё расставіць па сваіх месцах. І нават верне чытачам забытыя імёны жанчын-пісьменніц.

Калі зірнуць на беларускую літаратуру, прадстаўленую ў кнігарнях і школьных падручніках, можа скласціся ўражанне, што яе пішуць амаль адны мужчыны. Давайце паспрабуем наўскідку назваць класічных беларускіх пісьменніц. Яўгенія Янішчыц і Цётка. Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш. Канстанцыя Буйло. Калі зірнуць трохі глыбей у стагоддзі — Францішка Уршуля Радзівіл і Саламея Пільштынова. Колькасць жанчын, якія ўвайшлі ў літаратурны канон, несупастаўная з колькасцю мужчын. Пра гэта ў сваім артыкуле “Літаратура мужчынскага роду” (назва гаворыць сама за сябе!) вельмі добра напісала Вольга Гапеева: “Жанчыны, якія займаліся літаратурай, былі заўсёды. Колькасна іх не параўнаць з мужчынамі, але, калі мы хочам быць шчырымі да канца, гэтага і не трэба рабіць, бо нельга забывацца пра ўмовы, у якіх ішло станаўленне жанчыны-аўтара. А спрыяльнымі іх ніяк не назавеш. Прафесія пісьменніка, як і шмат іншых, лічылася мужчынскай”.

Дыскусіі пра тое, ці варта раздзяляць “мужчынскую” і “жаночую” літаратуру, працягваюцца дагэтуль. Ёсць шмат рацыі ў словах тых даследчыкаў і даследчыц, што з падазрэннем ставяцца да азначэння “жаночая” побач са словамі “літаратура”, “проза” ці “паэзія”. “Жаночая літаратура” нібыта супрацьпастаўленая літаратуры ўвогуле, якая апрыёры нібыта пішацца ў асноўным мужчынамі. У згаданым вышэй артыкуле Вольга Гапеева адзначае: “Тэрмін “жаночы” ў дачыненні да розных літаратурных з’яваў (жаночы раман, жаночае пісьмо, жаночая паэзія) дыскрэдытуе як саміх аўтарак, так і іхныя тэксты. Прыметнік “жаночы” мае наступныя канатацыі: нешта другаснае, няякаснае, сентыментальнае і не-агульначалавечае. Менавіта з такімі характарыстыкамі яно звязваецца ў свядомасці чытачоў і крытыкаў”. У прадмове да анталогіі “Бліскавіцы” Аксана Данільчык таксама задаецца такім пытаннем: “Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці паэзіі, па гендарным прынцыпе?” Аднак на гэтае пытанне даследчыца дае станоўчы адказ: “Ён неабходны хаця б дзеля таго, каб жаночая паэзія стала аб’ектам даследавання літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, сацыёлагаў і іншых прадстаўнікоў гуманітарных навук, бо <…> жанчыны працягваюць заставацца ў цені”. Адна з мэт выдання анталогіі “Бліскавіцы”, як адзначае ў прадмове Аксана Данільчык, — якраз “пазбавіцца ад стэрэатыпаў, звязаных з ужываннем слова “жаночая”, то бок паказаць, якой яна, жаночая паэзія, ёсць насамрэч. Бо стэрэатыпы часцей за ўсё ўзнікаюць там, дзе адсутнічаюць дакладныя веды, і анталогія з падрабязнымі навуковымі каментарамі — вельмі добры спосаб запоўніць іх недахоп.

Разалінда Майлз у сваёй кнізе “Жаночая гісторыя свету” (якая ў 2006 годзе выйшла ў выдавецтве “БелФранс” у беларускім перакладзе Уладзіміра Маруціка) сцвярджае, што многія аспекты жыцця старажытных жанчын выпушчаныя з-пад увагі гісторыкаў толькі таму, што гісторыкаў жанчыны папросту не цікавілі. Выхаваныя ў патрыярхальным грамадстве, мужчыны-даследчыкі нават не дапускалі думкі пра тое, што жанчыны маглі выконваць у развіцці чалавецтва нейкую істотную ролю. “Гісторыкі заўзята корпаюцца ў старых скрутках і рэестрах пральняў, каб выцягнуць адтуль брудную бялізну выдатных мужчын, замест таго каб знайсці там выдатныя ўчынкі нязнаных жанчын”, — піша Майлз. Тое самае мы можам сказаць і пра беларускую жаночую літаратуру. Цалкам імаверна, што творы паэтак 20-30-х гадоў не траплялі ў ранейшыя выданні ўжо хаця б таму, што іх укладальнікі нават не задумваліся, што туды было б някепска ўключыць не толькі Уладзіміра Жылку ці Язэпа Пушчу, але і іх сучасніц, што друкаваліся на старонках перыядычнага друку. Аксана Данільчык прыводзіць у прадмове прыклад такой несправядлівасці: “Трэба сказаць, што В. Казлоўская дорага заплаціла за любоў да радзімы, хоць у зборніку “Расстраляная літаратура” (2008) пра яе не згадалі”. Думаю, такія прыклады можна пералічваць бясконца. Ды жанчыны ў гэты перыяд проста былі менш таленавітыя за мужчын, можа сказаць нехта, апраўдваючы ўкладальнікаў “Расстралянай літаратуры” і іншых зборнікаў. Але якія крытэры таленту мы можам узяць за аснову для адбору? Тыя крытэры, якія доўгія стагоддзі мужчыны-літаратуразнаўцы і мужчыны-крытыкі выпрацоўвалі для мужчын-пісьменнікаў згодна з густамі мужчын-чытачоў? Жаночая літаратура стваралася ў зусім іншых умовах, і нам трэба з нуля вучыцца яе прачытваць. Зрэшты, нават гэтае цяжкае і незразумелае “жаночае пісьмо” далёка не заўсёды патрабуе ад чытача нейкіх асаблівых высілкаў. Мастацкая якасць многіх тэкстаў у анталогіі “Бліскавіцы” прымушае мяне задавацца пытаннем: чаму многія з гэтых вершаў я бачу ўпершыню, а не ведаю на памяць яшчэ са школьных часоў?

Але вершы з анталогіі мы можам чытаць не толькі так, як звычайна чытаюць паэзію. У іх мы знойдзем сведчанні пра істотныя зрухі ў сацыяльным жыцці 20-30-х гадоў, што тычыліся лёсу жанчын. Менавіта ў гэты час многія з іх змаглі атрымаць доступ да адукацыі. Паэзія ў дадзеным выпадку — гэта не толькі мастацтва, але і адзін з першых спосабаў асэнсаваць сябе і расказаць пра сябе, сцвердзіць сваю прысутнасць у свеце, які зрабіўся даступным для жанчын. Мы не можам прачытаць раман ці даследаванне, якое ў першай палове ХХ ст. напісала б пра сваю штодзённасць беларуская жанчына, але мы можам прачытаць гэтыя вершы — высокамастацкія і “масавыя”, — і гэта дасць нам уяўленне пра тое, чым у той час жылі жанчыны і што адбывалася з іх розумам і пачуццямі.

Складанне анталогій жаночай літаратуры — распаўсюджаная ў свеце практыка. Такія зборнікі вяртаюць у культурны кантэкст несправядліва забытыя ці замоўчаныя імёны і ўзбагачаюць літаратурную традыцыю. Было б добра, каб з’яўленне такой анталогіі пацягнула за сабой і наступны крок — выданне зборнікаў, у якіх жаночая і мужчынская творчасць будзе прадстаўленая нароўні. А пакуль што ўвядзенне ў навуковы ўжытак імёнаў цэлага вялікага шэрагу беларускіх паэтак 20-30-х гадоў і знаёмства з імі чытачоў — добры знак, што “гістарычная і мастацкая справядлівасць”, як напісала Аксана Данільчык, узнаўляецца.

Ганна Янкута, budzma.by