Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

28 снежня 2017

Адышоў у лепшы свет Дзмітрый Бугаёў (12.01.1929 — 28.12.2017)

Сёння ўначы памёр вядомы беларускі крытык і літаратуразнаўца Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў. 30 снежня ў рытуальнай залі Лечкамісіі а 13.00 адбудзецца развітанне і грамадзянская паніхіда па Дзмітрыі Бугаёве.

 Дзмітры Бугаёў нарадзіўся 12.01.1929 г. у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1945-1948 гг. вучыўся ў Магілеўскай педагагічнай навучальні. Працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёна і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілеўскага педагагічнага інстытута. У 1949 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне гэтага інстытута і скон-чыў яго ў 1952 г. Пасля вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), выкладаў беларускую літаратуру ў Мазырскім педагагічным інстытуце (1955-1959), быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959-1964). З 1964 г. - дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.

Якое б тысячагоддзе не стаяла за вакном, Дзмітрый Бугаёў рабіў стаўку на шчырую працу, даследаванне лепшага ў бягучым літпрацэсе і актуалізацыю спадчыны. Сёння, як гэта ні абсурдна, даволі лёгка можна ўявіць, якой смеласцю было – займацца ў 1950-я і 1960-я гады творчасцю пісьменнікаў даваеннай пары, творчасцю былых палітзняволеных, па сутнасці. Далёка не кожны літаратуразнаўца наважваўся на гэта: сталінскія кадры працягвалі працаваць і ў апараце кампартыі, і ў кіраўніцтве акадэмічнай навукай, ды і ў асяроддзі самога Саюза пісьменнікаў. Тым не менш, для Дзмітрыя Якаўлевіча, чый бацька ў 1936-м не вярнуўся пасля чарговага арышту, падобны выбар быў натуральны. Ён ведаў вартасць таго часу, і не меў наконт яго ніякіх ілюзій. Але ў адкрытую гаварыць праўду пра сталінскія зверствы ён не мог. Сёй-той сказаў бы сёння: дык навошта тады было ісці на кампрамісы, пісаць пра “асобныя недахопы”, “пэўныя памылкі” і г.д.? Можна адказаць з усёй пэўнасцю: таму што іначай гаварыць пра рэпрэсаваных пісьменнікаў было нельга. Але – зерне біяграфічных дадзеных, аналіз твораў, ачышчэнне іх ад вульгарна-сацыялагічных наносаў, і, у выніку, – выданне манаграфій і збораў твораў, пад афіцыйным акадэмічным грыфам, што лепш за ўсякую даведку рэабілітоўвала пісьменніка, уключала яго творчасць у фундаментальныя распрацоўкі, універсітэцкія праграмы і г.д. Так, пакрысе паўставала новая, непрыгладжаная пастановамі ЦК карціна літаратуры.

Дзмітрый Бугаёў быў адным з тых падзвіжнікаў, якія паступова, год за годам, праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х гадоў, уключалі яе шматгранную палітру ў афіцыйную акадэмічную гісторыю літаратуры. Ягоныя манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку (1965) і Максіма Гарэцкага (1968) і сёння чытаюцца з цікавасцю. Аналізуючы раннія апавяданні Лынькова (1963) і “Хто смяецца апошнім” Крапівы (1971), прозу Барыса Мікуліча і Васіля Каваля (1959-1960), творчасць Платона Галавача (1973), Бугаёў перш за ўсё падкрэсліваў той нязломны пісьменніцкі характар, маральную прынцыповасць, якія, можа, не заўсёды і не ўсім нашым літаратарам былі ўласцівыя, аднак для гісторыі (і гісторыі пісьменства ў тым ліку) надзвычай важныя.

Перабудова і гады незалежнасці адкрылі Бугаёва - бескампраміснага крытыка таталітарнай сістэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі. Адкінуўшы былыя забароны, па-новаму глянуў ён на прозу Васіля Быкава ў кнізе “Праўда і мужнасць таленту”, па-новаму ацаніў беларускую і расійскую літаратуру пра калектывізацыю. Крытычны погляд Бугаёва часта быў скіраваны не на паэтыку твора, а на адлюстраванне літаратурай жыцця. І наколькі вастрэйшай была праўда, выказаная пісьменнікам; наколькі меў ён адвагі назваць рэчы сваімі імёнамі, настолькі быў ён Дзмітрыю Бугаёву цікавы.

“Цяпер увогуле лёгка крычаць, бо ўсё дазволена. І нічым не трэба рызыкаваць. А тады нам усім многае давалася з вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка давалася з боем”, – успамінаў у 1992 годзе Дзмітрый Бугаёў у адным з інтэрв’ю. Успомнім пра гэта і мы ў дні развітання з патрыярхам нацыянальнай крытыкі, прафесарам, доктарам, лаўрэатам...

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуюць з прычыны адыходу ў лепшы свет выдатнага беларускага крытыка і літаратуразнаўцы Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва і выказваюць шчырыя спачуванні сям'і спачылага.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

 

развітанне, крытыка

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
422