Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

17 траўня 2017

«Беларусы ў ЗША» Вітаўта Кіпеля

Днямі ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» МГА «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» пабачыла свет другое выданне кнігі патрыярха беларускай эміграцыі на Захадзе Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША».

Кніга ў больш як 600 старонак багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй з улікам апошніх двух дзясяткаў гадоў, што мінулі ад часу яе першага беларускага выдання ў 1993 г.

Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і маёй як рэдактара. Гэтае выданне стала асабліва важным для мяне як магчымасць выказаць павагу і падзяку чалавеку, якога бязмежна паважаю як асобу, як даследчыка, як беларуса.

Яшчэ ў часе нашага працоўнага спаткання з Вітаўтам Кіпелем у снежні 2016 года, калі абмяркоўваліся дапаўненні і ілюстрацыі, я задала яму колькі пытанняў у сувязі з новым выданнем.

Наталля Гардзіенка: Як узнікла ідэя напісаць кнігу пра беларусаў у ЗША?

Вітаўт Кіпель: Ідэя кнігі ўзнікла бадай з першага дня, як я прыехаў у Амерыку. Гэта былі каталіцкія Каляды 1955 года. Праз дзень ці два я пайшоў рэгістравацца ў бюракратычныя амерыканскія ўстановы і зразумеў, што чыноўнікі нічога не ведаюць пра беларусаў. Тады я скіраваўся ў бібліятэку, каб там нешта знайсці апублікаванае пра амерыканскіх беларусаў, і нічога не знайшоў. І я вырашыў, што трэба зрабіць адмысловую кнігу. Вось так думка нарадзілася, але было невядома, як яна рэалізуецца.

Хутка мне давялося выехаць у Балтымар і іншыя гарады працаваць, было вяселле, з’явіліся дзеці, але думку пра кнігу тым часам я не пакідаў, бо нідзе не мог знайсці публікацый пра беларусаў Амерыкі, і мяне гэта, прызнацца, злавала. Справа ў тым, што калі я прыехаў у ЗША і жыў некаторы час у Пасэйку (Нью-Джэрсі), дзе мае бацькі былі ад 1949 года, дык там беларуская мова была і каля царквы, і ў крамах, і асабліва каля гэтак званых “польскага народнага дома” і “рускага народнага дома”. Я бачыў, што беларусаў шмат, але пра іх нідзе не напісана. І гэта ўмацавала мяне ў думцы, што беларусы мусяць напісаць пра сябе самі, распавесці пра сябе амерыканцам.

З цягам часу гэты намер умацоўваўся, і калі я затрымаўся на працу ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, то цвёрда вырашыў пачаць. У бібліятэцы былі даступныя газетныя матэрыялы, кнігі, і я стаў па кроплях збіраць матэрыял у розныя папкі пра “прыезд”, “пачаткі” і г.д. У часе збірання звестак пра людзей, якія прыехалі ў ЗША на пачатку ХХ стагоддзя, я ўбачыў, што яны былі далёка не першыя, а значна раней сюды таксама прыязджалі нашыя людзі. І тады кніга пашырыла першапачатковую задуму апісаць толькі эміграцыю ад пачатку ХХ ст. Я пайшоў у ранейшае, паўстала пытанне, а калі ж вестка пра Амерыку трапіла да нас у Беларусь, калі мы даведаліся пра Амерыку. Гэтак ішло пашырэнне ўжо самой тэмы. Вось так паступова і паўстала кніжка.

Дарэчы, я ад самага пачатку пісаў па-ангельску, бо думаў, што для Амерыкі гэтая кніга найбольш патрэбная, менавіта тут варта сказаць, што былі беларусы. Але потым змяніліся абставіны, і ў пачатку 1990-х гадоў з’явіўся добра падрыхтаваны перакладчык Сяргей Шупа, дзякуючы якому першым пабачыла свет менавіта беларускае выданне, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе. Я быў вельмі задаволены, што якраз на Бацькаўшчыне кніга была ўпершыню апублікаваная.

Н. Г.: Былі іншыя беларусы, зацікаўлены ў тым, каб нешта збіраць пра суродзічаў у Амерыцы, ці гэта выключна Вашая ініцыятыва?

В. К.: Першы артыкул пра беларусаў Амерыкі аўтарства Сцяпана Бубешкі быў апублікаваны, здаецца, у 1921 годзе ў Вільні. Думаю, што былі і іншыя людзі, якія збіралі звесткі. Але сабраць матэрыял на кнігу, напэўна, у людзей проста не хапала цярпення, бо гэта нялёгкая справа, калі сапраўды нічога няма. Прыпушчаю, што ініцыятары, ахвотнікі былі, можа, у нейкіх архівах мы і знойдзем штосьці, але ніхто нічога большага не напісаў.

Н.Г.: Вашая кніга ў Беларусі ў 1993 г. стала адметнай з’яваю

В.К.: Так, я быў вельмі задаволены з гэтага выдання. Я шмат ездзіў тады па Беларусі і, прыкладам, прыходзіш у раённую бібліятэку і бачыш, што там кніжка ёсць. Асабліва мне спадабалася падарожжа. Мы затрымаліся ў Дукоры, бо ехалі на нейкую імпрэзу, арганізаваную Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Ганнай Запартыкай. І ў Дукоры мяне паклікалі ў бібліятэку выступіць, бо яны ведалі і мелі маю кнігу. Гэтак было і ў Слуцку, і ў Магілёве… гэта было прыемна.

Н.Г.: “Беларусы ў ЗША” некалі сталі своеасаблівым пачаткам навуковага эміграцыязнаўства ў Беларусі. У 1990-х гадах пайшоў працэс “адкрыцця” эміграцыі з боку метраполіі, нарадзілася вялікая цікавасць, пачалі з’яўляцца тэксты, прысвечаныя беларускай эміграцыі. І сёння ўжо багата, пра што напісана. Якія тэмы цяпер варта вывучаць у першую чаргу ў дачыненні да беларускай эміграцыі?

В.К.: Гэтая кніга сапраўды была першая даследчага профілю. Дзіўная была з’ява. Я прыязджаў на Бацькаўшчыну амаль кожны год. Людзі ў Беларусі ведалі, што суродзічы выязджалі на эміграцыю, галоўным чынам у Амерыку. Мала хто чуў, што ехалі ў Аўстралію, ці ў Францыю, ці ў Нямеччыну, а пра Амерыку кожны грамадзянін ведаў, але нічога не пісалася.

Пасля набыцця незалежнасці, пасля 1990-х гадоў, вельмі моцнае пачалося такое збіранне камянёў, з’явіліся артыкулы і працы пра беларусаў Сібіры, беларусаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі. Думаю, што ў Еўропе трэба прысвяціць кнігі і Нямеччыне, і Італіі, і Францыі. І з цягам часу, напэўна, гэта будзе зроблена. Але мне здаецца, трэба, каб гэта ўсё ішло сістэматычна. Краіна сама павінная ведаць, што адток гэткай колькасці насельніцтва ўплываў і на развіццё краіны, і на эканамічнае, і на нацыянальнае і іншае жыццё. І гэта ўсё павінна вывучацца. Мы не ведаем, колькі людзей выехала. Адны кажуць, мільён, другія — каля мільёна. Дакладна мы не ведаем. Але ж недзе статыстыка ёсць, яе трэба шукаць. Павінная быць нейкая ўстанова, інстытуцыя, якая будзе сістэматычна даследаваць эміграцыю з Беларусі. Іншыя народы, прыкладам, ірландцы, італьянцы, ведаюць, колькі ў іх з’ехала, які гэта мела ўплыў на эканоміку, на развіццё Бацькаўшчыны, і запісваюць сабе ў актыў тое, што іх эмігранты зрабілі для сусветнай эканомікі, навукі, мастацтва. А ў нас ніхто нічога асабліва не ведае. Выязджалі людзі, і мы маем прыклады, што дасягнулі вялікіх пазіцый, пасадаў у адміністрацыях розных краінах. І не толькі мы, і яўрэйства трэба ўлічыць як частку беларускай нацыі, бо выязджалі яны з нашай тэрыторыі, гаварылі яны па-беларуску, мелі з сабою тыя самыя баранкі і мяхі праз плячо. Гэта была беларуская эміграцыя. Мае быць установа, якая б гэта ўсё вывучала, бо эміграцыя працягваецца, працэс не скончыўся. Колькі на сёння выязджае? Дзясяткі тысяч. Гэта ж стварае дэмаграфічны дэфіцыт, бо калі выязджае маладая пара, іх дзеці будуць для Беларусі фактычна страчаныя. І гэта ўсё трэба вывучаць.

Другое выданне “Беларусаў у ЗША” пабачыла свет да 90-х угодкаў аўтара, дзеля адзначэння якіх плануецца таксама арганізацыя віртуальнай (на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва) і рэальнай (у Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”) выставаў. Адкрыццё апошняй — у ліпені гэтага года, у часе З’езду беларусаў свету — плануецца з удзелам дачкі Вітаўта Кіпеля Алесі. Тады ж адбудзецца і прэзентацыя гэтай кнігі.

Наталля Гардзіенка, budzma.by

Наталля Гардзіенка, даследаванні, беларусы ў свеце, замежжа, выданні, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Сённяшні госць клуба Алексіевіч — Уладзімір Сарокін
29 траўня 2017

Сённяшні госць клуба Алексіевіч — Уладзімір Сарокін

Чытаць далей...
Пад Магілёвам адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу
29 траўня 2017

Пад Магілёвам адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу

Чытаць далей...
«Стары і новы псіхалагізм у літаратуры»: ад Талстога да Уліцкай
27 траўня 2017

«Стары і новы псіхалагізм у літаратуры»: ад Талстога да Уліцкай

Чытаць далей...
Хто чытае Нурдквіста па-беларуску? Знаёмімся з аматарамі прыгод Пэтсана і Фіндуса
27 траўня 2017

Хто чытае Нурдквіста па-беларуску? Знаёмімся з аматарамі прыгод Пэтсана і Фіндуса

Чытаць далей...
110