Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

28 чэрвеня 2017

Дзённікі «Экслібрыса»: Алена Пятровіч пра цікавыя мовы і галоўную ўмову для камфорту перакладчыка

Журы «Экслібрыса» працягвае прымаць працы маладых перакладчыкаў. Нагадаем, што дэдлайн конкурсу -- 15 ліпеня. А пакуль што прапануем вашай увазе інтэрв'ю з сябрам журы Аленай Пятровіч -- маладой дзяўчынай, якая ўжо паспела перакласці на беларускую шмат цікавых і прыгожых твораў -- ад вершаў Морысана да апавяданняў Хармса.

 УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

Чытала, што адным з першых вашых перакладаў стаў пераклад вершаў Джыма Морысана. Чаму менавіта гэты паэт і музыка? І чаму менавіта тыя вершы, якія не паклалі на музыку?

Я пачынала перакладаць зусім маленькай, гадоў у 19-20, на шчасце, за класіку мне хапіла мазгоў не брацца, да таго ж, хацелася перакладаць аўтара, якога (як мне здавалася) я добра адчувала, пагатоў, пісаў ён гэтыя тэкст ў блізкім узросце.

Перакладала не тое, што стала песнямі, бо акурат адкрыла для сябе (і карцела падзяліцца з іншымі), што Морысан быў не “паэтам-песеннікам”, а проста паэтам: у яго ёсць класная кніжка з класнымі тэкстамі, якія не супервядомыя шырокай публіцы.

 

Якую ролю адыгрывае для вас асоба аўтара, творы якога вы перакладаеце? Ці адчуваеце вы адказнасць перад ім?

Калі бяруся перакладаць нейкага аўтара па чыёйсьці парадзе, то абавязкова цікаўлюся яго біяграфіяй: у сэнсе не проста калі і дзе жыў-памёр, але і што любіў чытаць, што было з асабістым жыццём і розныя іншыя інтымныя падрабязнасці.

Пра адказнасць перад аўтарам ніколі не задумвалася – можа і не адчуваю. Але па жыцці я ў прынцыпе чалавек даволі адказны, мне здаецца, таму звычайна я адчуваю адказнасць перад сабой – звычайна пераклады ў мяне ляжаць пэўны час, я іх пасля перачытваю і кожны раз праўлю. Калі нейкімі я не задаволеная – нікуды іх не выкладу, нават калі выдаткавала на іх багата часу. Можа, таму перакладаю мала і павольна. А можа, каб не надта нашкодзіць.

Алена Пятровiч. Фота з асабiстага архiву перакладчыцы

Ці ёсць у вас аўтарытэты ў галіне перакладу? 

“Аўтарытэт” – надта страшнае слова, таму я проста скажу, што ёсць шэраг перакладчыкаў і перакладчыц, якімі я захапляюся з розных прычын. Або іх апантанасцю пэўнымі тэкстамі, дзеля перакладу якіх яны вучылі рэдкія мовы (або стварылі свае ўласныя), або ўнікальнай здольнасцю ствараць тэкст, яшчэ цікавейшы і дасціпнейшы, чым быў у арыгінале (напрыклад, “дарыць” аўтару нейкія геніяльныя вобразы ці метафары, якія можна было б прыхаваць і выкарыстаць ва ўласным тэксце), або нейкай звышчалавечай працаздольнасцю, якая спалучаецца з добрым густам і патрабавальнасцю да сябе, што проста не дазваляе перакладаць пасрэдна. Уласна імёнаў не будзе, бо многія з іх – мае сябры або прыяцелі, так што паспрабую ўдаваць бесстароннасць.

 

Якія ўмовы вы лічыце найбольш камфортнымі для сваіх заняткаў перакладамі? Можа, абавязковы кубак травяной гарбаты і цішыня, або, наадварот, шум?

Ніякіх спецыфічных фэн-шуяў у мяне няма. Але буду Капітанам Відавочнасць: самыя камфортныя ўмовы – гэта наяўнасць вольнага часу (не гадзінкі-другой на дзень, у якую проста хочацца адпачыць, а хаця б некалькіх цалкам вольных дзён), таму з перакладамі “для душы” ў мяне апошнім часам слабавата – больш даводзіцца перакладаць па працы, і часу на нейкія перакладчыцкія радасці практычна няма.

Самы плённы час быў для мяне як перакладчыцы на летніх вакацыях падчас вучобы ва ўніверсітэце. Я тады навучылася ўставаць а шостай раніцы і да абеду перакладала – гэта было чароўна і прадуктыўна. Цяпер я, на жаль, так не ўмею.

 

Якія мовы вы лічыце найбольш прыгожым, цікавым для перакладчыка? Зразумела, акрамя беларускай.

Не буду арыгінальнай: усе мовы свету прыгожыя, і я не лічу нейкія мовы прыгажэйшымі за іншыя. Тут ёсць толькі нейкія асабістыя ўпадабанні, не абавязкова звязаныя з (уяўнай) прыгажосцю – нейкія ўспаміны, асацыяцыі, любімыя аўтары, якія пісалі ці спявалі на пэўнай мове. Для мяне гэта іспанская, нямецкая і чэшская. У плане “цікавасці для перакладчыка” з майго пераліку іспанскую я б паставіла на першае месца: ёсць вялізны пласт найцікавейшай іспанамоўнай літаратуры, а перакладчыкаў не так шмат, як з той жа, напрыклад, ангельскай. У мяне самой ёсць вялікія планы на пераклады з гэтай мовы. А вось з нямецкай і чэшскай у нас ёсць шэраг вельмі крутых перакладчыкаў.

Яшчэ ёсць у мяне адна мара ў дачыненні да моў – карэйская, надта мне графіка падабаецца.

 

Якія адрозненні перакладаў прозы ад перакладаў паэзіі вы б адзначылі? Што больш падабаецца перакладаць асабіста вам?

Тут я таксама Кэп: у паэзіі перакладчык больш скаваны фармальнымі рамкамі, але тым мацнейшы выклік і тым цікавей яго прыняць. У прозе перакладчык больш разняволены, на маю думку. Асабіста я люблю перакладаць і прозу, і паэзію. Але, безумоўна, проза патрабуе больш часу, хоць ад мяне яна не вымагае нейкага адмысловага настрою (толькі калі гэта не надта спецыфічная, асацыятыўная, “паэтычная” проза), – да паэзіі ж мне ўдаецца прыступіцца толькі ў пэўныя моманты, якія накатваюць не так часта, як мне б таго хацелася.

Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org

Экслібрыс, інтэрв'ю, пераклады

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Ён такі разумны, а яна вясёлая. Суперкніга пра Біла з Болаю
19 верасня 2017

Ён такі разумны, а яна вясёлая. Суперкніга пра Біла з Болаю

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 23 верасня
19 верасня 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 23 верасня

Чытаць далей...
Віншуем вераснёўскіх юбіляраў!
18 верасня 2017

Віншуем вераснёўскіх юбіляраў!

Чытаць далей...
Прэзентацыя дзвюх кніг падсерыі «Спадчына: агледзіны» – 18 верасня
15 верасня 2017

Прэзентацыя дзвюх кніг падсерыі «Спадчына: агледзіны» – 18 верасня

Чытаць далей...
512