Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

01 ліпеня 2017

Дзённікі «Экслібрыса»: Андрэй Хадановіч вызначае, дзе правесці мяжу для перакладчыцкіх вольнасцяў і як кавун павінны звяртацца да Айца па-беларуску

Конкурс «Экслібрыс», сёлета прысвечаны мастацкаму перакладу, працягваецца. Нагадаем, што аб'ём прац, якія можна дасылаць на адрас sbp@lit-bel.org -- да 1 аўтарскага аркуша. А пакуль патэнцыйныя ўдзельнікі разважаюць пра тое, як перастварыць тэкст максімальна дакладна, майстра мастацкага перакладу Андрэй Хадановіч распавядае, чаму важна ўмець ахвяраваць і зноў вяртаць да жыцця элементы твора.

УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

Як вы пачалі перакладаць?

Калі я пачаў перакладаць, я ўжо нешта сваё пісаў. Складаў вершы і, галоўнае, быў іх чытачом. Я не ўмею хутка чытаць, раблю гэта ў такім тэмпе, у якім чытаў бы ўголас. Затое гэта з падвойнай сілай адгукаецца дзесьці ў мозгу, у эмоцыях, таму я вершамі цікавіўся і любіў чытаць іх больш, чым празаічныя гісторыі. Калі я толькі скончыў філфак БДУ і паступіў у аспірантуру, у нас стварылі некалькі новых аддзяленняў – пачалі выкладаць класічную, рамана-германскую, усходнюю філалогію. Раптам з'явілася маленькая група раманістаў, якіх было трэба вучыць французскай літаратуры, і я – сам толькі на некалькі гадоў старэйшы – пайшоў на гэтую “барыкаду”. Кожны семестр распрацоўваў новы курс. І тут заўважыў, што мне як выкладчыку бракуе добрых перакладаў на беларускую для студэнтаў (я выкладаю па-беларуску). Тады я пачаў сам пераствараць гэтыя тэксты з французскай. І раптам зразумеў, што перакладчыкам (прынамсі, мне) быць нават цікавей, чым выкладчыкам.

Напрыклад, уначы перад лекцыяй ты ў цэйтноце рыхтуешся да лекцыі і раптам разумееш, што трэба перакласці адно чатырохрадкоўе, проста як цытату. Але ж гэта – частка паэмы. І ты пачынаеш перакладаць, і так захапляешся, што забываеш пра цэйтнот, пра лекцыю і пра заўтра. Хоць роляй выкладчыка я даражу – не столькі працай навукоўца-даследчыка, колькі лектара, які можа распавесці штось цікавае і, яшчэ важней, атрымаць зваротную рэакцыю, справакаваць пэўную дыскусію.

Андрэй Хадановіч

Чаму вам цікава перакладаць?

Праца перакладчыка – гэта разнавіднасць літаратурнай творчасці. Але яна  вельмі адрозніваецца ад стварэння ўласных тэкстаў. Маякоўскі калісьці сфармуляваў: "Поэзия – вся! – езда в незнаемое". Ты ідзеш навобмацак. Калі пачынаеш, не ведаеш, куды цябе занясе.

А ў перакладзе ўсё наадварот: ты дакладна ведаеш, куды табе трэба трапіць, але не ведаеш туды дарогі. Таму пераклад – гэта пошук дарогі. У такое сабе трыдзявятае валадарства.

Я аматар досыць свабоднага падыходу да перакладу, да акадэмічных перакладаў стаўлюся з прахалодай, бо дзейнасць перакладчыка – перадусім творчасць. Гэта разнавіднасць суаўтарства, дзе ты не змагаешся з аўтарам, а намагаешся яго зразумець. І дапамагчы яму сфармуляваць, з папраўкай на твой час і тваю мову, для сучасных табе чытачоў, якіх ты больш-менш уяўляеш. Ты бачыш цуды, якія ў свой час тварыў твой аўтар, ты нібы дзіця, якое трапіла да фокусніка экстра-класа. І ты хочаш падгледзець і паўтарыць за ім не менш віртуозна. І калі ўсё атрымаецца, чытач забудзе, што гэта толькі фокус, і ўспрыме як цуд. Ты прыслухоўваешся да тэксту, спрабуеш зразумець, чым ён чароўны і што ў ім найкаштоўнейшае, як дзейнічае гэты механізм у арыгінале, а потым намагаешся – даступнымі табе сродкамі – стварыць штосьці супастаўнае.

Наколькі добра трэба ведаць мову, каб зрабіць добры пераклад твора, на ёй напісанага?

У ідэале перакладчык, натуральна, павінен выдатна ведаць мову, з якой перакладае. Але яшчэ важней – пра гэта часта забываюць – ведаць мову, на якую перакладаеш. Пра гэта рускі паэт-перакладчык Самуіл Маршак казаў: "Хорошо, что с чужим языком ты знаком, но не будь во вражде со своим языком".

Бывае, што на экзатычнай для нас мове існуе найвыдатнейшая паэзія. І часам не так проста знайсці спецыяліста, які валодаў бы гэтай замежнай мовай, і адначасова быў бы добрым паэтам, здольным зрабіць якасны пераклад. Таму ў паэзіі магчыма супрацоўніцтва, як кажуць, “праца ў тандэме”. Так, існуюць сучасная грузінская і літоўская паэзія. Алесь Разанаў некалі бліскуча перакладаў літоўцаў з арыгіналу, але гэта было ўжо досыць даўно. Колькі дзесяцігоддзяў таму выходзіў двухтомнік грузінскай паэзіі па-беларуску – вельмі рэкамендую. Але часу ўжо таксама мінула досыць, а новыя цікавыя аўтары там з’яўляюцца, і кепска, што іх няма па-нашаму.  

Я, на жаль, не ведаю ні літоўскай, ні грузінскай. Але маю сяброў-паэтаў з Літвы і Грузіі, якія таксама цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі і таксама хацелі б перакладаць, прапагандаваць беларускую літаратуру ў сябе. Таму часам я бяру твор, напісаны на іх мове, мы сустракаемся – найлепей у фармаце пленэра. І мой калега, грузінскі ці літоўскі аўтар, робіць падрадкоўны пераклад, тлумачыць, як твор гучыць, распавядае аб тым, якія цяжкасці могуць узнікнуць, паказвае, дзе цытата, дзе намёк, дзе гульня з культурай, якую можна не адчуць. Я і мае беларускія калегі робім тое самае, дапамагаючы замежным паэтам-перакладчыкам пераствараць беларускую паэзію на іх мовы.

З Давідам Рабакідзэ

І як вы пераадольваеце моўныя і культурныя бар'еры?

Калісьці мы працавалі з сябрам з Грузіі Давідам Рабакідзэ над творам. Там была гісторыя пра кавун, які плыве па хвалях. Але не проста плыве – ён пакінуты, нібы Ісус на крыжы. Проста на стыку грузінскіх слоў праступаюць арамейскія: "Лама самахвані" – словы Ісуса, звернутыя да Айца: “Чаму ты мяне пакінуў?”. Таму і ў перакладзе праз беларускі тэкст таксама павінна было тое-сёе праступіць:

Кавун

У Паўночным Ледавітым акіяне,
між безлічы рыбалавецкіх лодак,
між паляўнічых на марскіх ільвоў,
між цюленяў з белымі мядзведзямі
плавае кавун з Цэнтральнай Азіі,
абрэзанай пупавінай уніз, неабрэзанай – дагары.
Часам яму назаляюць жыхары акіяну,
лезучы ў ягоны прасветлены пуп.
А ён чакае дзвюх рук, імкнецца да іх кожнай костачкай –
каб мог, недарэчную б скуру ЛАМАЎ САМ АБ ХВАЛІ, –
чакае, калі яны прыйдуць з прыўкрасных аблокаў,
падстрыжаных, нібы ягнятка. Чакае,
як складзеныя, быццам яйкі ў кардонную скрынку, дні
чакаюць Вялікадня.

Тое, што ўдалося захаваць. Вядома, не цалкам, але, здаецца, больш за нічога.

Бывае так, што даслоўна не перакласці. Больш за тое, і не трэба, шкодна для паэзіі так перакладаць. Яшчэ адна гісторыю перакладу з грузінскай. Верш пра шчаслівае каханне. Зразумела, шчасце да пары прыйшло не адразу, а пасля шматлікіх выпрабаванняў. Але ў выніку, паводле грузінскага тэксту, ужо стары муж кахае так, што перабірае персікі для сочыва, якое варыць жонка. На гэтым моманце я спатыкнуўся: навошта перабіраць персікі?

А фокус у тым, што ў Грузіі яны растуць паўсюль – дастаткова руку працягнуць. Адны – лепшай якасці, іншыя – горшай. Мы, беларусы, персікі купляем у краме і атрымліваем адразу лепшыя, таму грузінскі вобраз тут не спрацоўвае. Таму я вырашыў: хай у перакладзе муж перабірае штосьці больш эмацыйна зразумелае нам. І ён перабірае вішні, дастаючы з іх костачкі.

 

Чаму вы вучыце ў "Перакладчыцкай майстэрні"? Увогуле, як можна навучыць перакладаць?

Гадоў 15 таму калегі з аддзялення "Філасофіі і літаратуры" Беларускага калегіюма прапанавалі мне весці перакладчыцкую майстэрню – для мяне гэта была вялікая адказнасць, але і радасць. У мяне толькі-толькі пачалі з’яўляцца пераклады, за якія можна было не саромецца. І прыемна было, што нехта гэта заўважыў і спадзяецца, што я магу кагосьці чамусьці навучыць.  

Майстэрня дзейнічае і цяпер, штогод з кастрычніка да чэрвеня. Мы збіраемся і абмяркоўваем свае працы. Бо я не веру ў тэорыю перакладу, адарваную ад практыкі. Тэорыю можна патлумачыць чалавеку, які толькі што наступіў на граблі, атрымаў па галаве – тады феномен яго болю ўжо можна тэарэтычна абгрунтаваць.

Мы звычайна разбіраем на "Майстэрні" чарнавік, які перакладчык хоча спраўдзіць, палепшыць, дзеля чаго, так бы мовіць, карыстаецца калектыўным розумам, тактыкай брэйн-стормінгу. Гэта часам нагадвае майстар-клас, часам бурлівую дыскусію, а часам проста павольнае, уважлівае чытанне.

З Сяргіем Жаданом

Здараюцца мовы, якіх я не ведаю, тады мы запрашаем спецыяліста, які мог бы нас пракансультаваць. Так, памятаю, Лявон Баршчэўскі дапамагаў нам з нямецкімі і шведскімі тэкстамі. Сяргей Сматрычэнка – з чэшскімі і славацкімі. Здараюцца выпадкі, калі разбіраюцца пераклады на беларускую з рускай, або, наадварот, з рускай на беларускую, і можна запрасіць жывога аўтара паўдзельнічаць у абмеркаванні. Неяк, прыехаўшы ў Беларусь з выступам, у Майстэрні ўдзельнічаў Сяргій Жадан, паказваючы свае ўкраінскія пераклады беларускай і рускай паэзіі.

Якія пытанні найбольш часта абмяркоўваюцца?

Адна з тыповых памылак – неафіты ўжываюць калькі, бо думаюць, што адзінка перакладу – слова. Але ж перакладаюцца словазлучэнні, сказы, абзацы, урэшце – мастацкія вобразы. Часам варта ўжываць іншыя фразеалагізмы, абсалютна іншы парадак слоў, каб гэта было больш па-беларуску.

Неафіт спрабуе перакласці ўсё, хапаецца за складанае месца то з аднаго, то з другога канца – і ў выніку не перакладае нічога.

Дасведчаны перакладчык ведае, што ён любой цаной павінен захаваць, а чым можна (часам неабходна) ахвяраваць. А затым кампенсаваць гэтую ахвяру.

Дзе знаходзіцца мяжа, якую аўтар са сваімі вольнасцямі пераходзіць не павінны?

Ёсць верш вялікага ангельскага паэта Ўістана Х’ю Одэна "Refugee blues" ("Блюз уцекачоў"), які некалькі разоў пераствараўся на беларускую. Першым перакладчыкам быў Максім Танк, які нават у савецкія часы мог дазволіць сабе крыху больш вольнасцяў, чым яго калегі. (Праўда, у яго верш называецца па першых словах – “Дзесяць мільёнаў”. Мабыць, каб цэнзары падумалі, што далей будзе прагрэсіўны верш пра Беларусь.)

У творы ёсць рэфрэн, які не мае роду – зварот "my dear". Але Максім Танк ведаў сёе-тое пра асобу Одэна, таму ў рэфрэне з'явіўся зварот да мужчыны: "мой мілы".  А не так даўно адзін з найцікавейшых сучасных паэтаў Віталь Рыжкоў паспрабаваў перастварыць гэты верш, але ўжыў там "мая дарагая" – так у рэфрэне з'явіўся вобраз жанчыны.

У прынцыпе, абодва паэты-перакладчыкі інтэрпрэтуюць, дагаворваюць за класіка тое, чаго ён не ўдакладніў.

Трэці пераклад, які рабіў Алесь Емяльянаў, з улікам досведу папярэднікаў, мае зварот "мая радасць", і такім чынам вырашаецца праблема полу. На мой погляд, гэты пераклад – найкарэктнейшы, бо не звужае сэнсавага поля арыгіналу і пакідае большую прастору для ўяўлення чытача.

Значыць, перакладчык сам вырашае, дзе правесці мяжу. Але ці можа гэта зрабіць хто-небудзь альбо што-небудзь акрамя аўтара?

У нас ніколі не было школы для перакладчыкаў мастацкай літаратуры. Вучылі або філолагаў, або вусных перакладчыкаў. У выдавецтве "Мастацкая літаратура", дзе нават у савецкія цяжкія часы перакладная літаратура сяк-так публікавалася, наколькі я ведаю, не было рэдактара, які параўноўваў бы пераклад з арыгіналам. Гэтыя кнігі мелі толькі мастацкага рэдактара, які сачыў за тым, каб кніга выйшла на добрай беларускай мовы. Параўноўваць, і намагацца рабіць гэта дбайна, пачалі толькі нядаўна – каманда інтэрнэт-часопісу "ПрайдзіСвет".

Гэта ўжо хоць нейкая падтрымка, нейкая страхоўка для перакладчыка. Але ўсё адно ў сённяшняй Беларусі перакладчык мусіць быць гатовым да таго, што добры рэдактар можа і не прыйсці на дапамогу. Памылку, якую ты ляпнеш, хутчэй за ўсё, ніхто за цябе не выправіць. Максімум – ты скінеш спасылку ў фэйсбук, і хтосьці нешта вычапіць і пасмяецца, але гэта будзе пастфактум.

Мера адказнасці залежыць яшчэ і ад таго, з жывым аўтарам ты кантактуеш ці не. А калі з жывым – разумее ён тваю мову ці не. Дзве апошнія кнігі, якія я апублікаваў як перакладчык – вершы сучаснага польскага паэта Богдана Задуры, а таксама выбранае французскага класіка Шарля Бадлера. Богдан Задура, які сам часам перакладае з беларускай, старанна вычытаў кожны верш і знайшоў некалькі памылак. Знайшоў таксама пару алюзіяў – адсылак да таго, што замежнік-непаляк найхутчэй не ведае. І натхніў перакладчыка на пошук адпаведных рашэнняў.

А вось Шарль Бадлер праігнараваў усе мае e-mail’ы і не адказаў ні на адно пытанне. Але ў яго ёсць апраўданне – ён памёр у 1867 годзе. У такой сітуацыі ты сам з падвойнай адказнасцю мусіш бараніць інтарэсы арыгіналу. Хоць, дзеля справядлівасці, добры рэдактар у кнізе Бадлера быў – Зміцер Колас, які выдатна ведае французскую мову і разбіраецца ў французскай паэзіі.

Часам “твой” аўтар сядзіць побач з табой, але не валодае беларускай дастаткова, каб ацаніць твой пераклад. Я ўжо згадваў Давіда Рабакідзэ. Вось гісторыя з яго ўдзелам. Падчас пленэру мне вельмі хацелася давесці да ладу адно складанае месца ў Давідавым вершы. А Давіду вельмі хацелася прадэгуставаць адзін добры напой. У нейкі момант нашы інтарэсы ўвайшлі ў супярэчанне. Я кожныя паўгадзіны падыходзіў і прапаноўваў рашэнне. Ён да пары мяне цярпліва слухаў, а потым выбухнуў: "Андрэй, уяві сабе, што я памёр, і ты больш не можаш у мяне нічога спытаць". Назаўтра Давід быў зноў жывым аўтарам – і мы з ім усё пераклалі.

Чаму вольны мастацкі пераклад падабаецца вам больш за акадэмічны?

З антычных часоў існуе жарт, які паўтаралі і Вальтэр, і Багдановіч, і шмат хто яшчэ: "Пераклады як жанчыны – або прыгожыя, або верныя". Паўтараць паўтаралі, але на практыцы ўсё ж-такі намагаліся зрабіць пераклад і дакладным, і прыгожым.

Можна абвесціць паэзію неперакладальнай, як робяць французы, і прапанаваць варыянт білінгвы – злева будзе арыгінальны твор, а справа – даслоўны пераклад. Але такі пераклад не будзе выклікаць у чытача тых эмоцыяў, што выклікаў арыгінал: ні слёз, ні смеху, ні іншага казытання нерваў. Білінгвы – гэта здорава, яны дапамагаюць чытачу глыбей пагрузіцца ў твор, так што хай злева будзе арыгінал, якога, вядома ж, нішто не заменіць, але справа, побач з ім, хай будзе не падрадкоўнік, а добры мастацкі пераклад.

 

Фота прадастаўленыя Андрэем Хадановічам 

Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org

Беларускі Калегіюм, Андрэй Хадановіч, Экслібрыс, пераклады, паэзія

Каментары

Афiша

19 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
У мінскай Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх; ст. м. Міхалова).
19 лістапада
Літаратурны фестываль «Знак роўнасці» пройдзе ў Мінску (ПРАГРАМА)
17, 18, 19 лістапада ў Галерэі ТУТ.бай (пр-т. Дзяржынскага, 57). Уваход ВОЛЬНЫ
20 лістапада
Лекцыя Віктара Марціновіча пра Джуліяна Барнса
У прасторы Space (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16А).
21 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)
У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)
18 лістапада 2017

Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада
16 лістапада 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада

Чытаць далей...
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
16 лістапада 2017

Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак

Чытаць далей...
Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск
15 лістапада 2017

Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск "Кнігарні пісьменніка"!

Чытаць далей...
752