Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

09 чэрвеня 2017

Дзённікі «Экслібрыса»: Зміцер Колас пра сваю працу ў Сірыі і «падводныя камяні» перакладу

У студзені ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвясціла пра пачатак прыёму прац на конкурс «Экслібрыс», які прысвечаны мастацкаму перакладу на беларускую мову. Тэксты на конкурс можна дасылаць да 15 ліпеня гэтага года. Каб натхніць маладых аўтараў, сябра журы конкурсу, перакладчык і літаратуразнавец Зміцер Колас расказаў пра сваю працу за мяжой, цяжкасці перакладу Сартра і лінгвістычную экалогію.

УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

- Чаму вам цікава займацца перакладамі? Якім з сваіх перакладаў вы ганарыцеся? 

- Чаму - не ведаю. З дзяцінства было цікава разбірацца з літарамі, словамі, сказамі. Падазраю, што прычына ў тым асяроддзі, у якім я выхоўваўся, гадаваўся і рос. Дзед з бабкай, бацькі, сябры... Спачатку была гульня - менавіта проста гульня (мы ў сям'і любілі гуляць у "Словы"), а потым неўпрыкмет гэта стала захапленнем і прафесіяй.

Але ніякім сваім перакладам я не ганаруся, бо заўсёды застаецца месца на тое, каб нешта ўдасканаліць, пашукаць лепшага варыянту. Але час прымушае ставіць кропку і аддаваць пераклад чытачу. Пасля гэтага тэкст перастае быць маім, і я пачынаю глядзець на яго адасоблена: бачу яго заганы і ўдалыя месцы. Вось якраз нейкія асобныя ўдалыя месцы мяне і суцяшаюць у тым, чым я люблю займацца.

Падабаецца, напрыклад, пераклад адной фразы з "Падзення" Камю. У сваіх разважаннях пра свабоду і зняволенне Камю кажа пра тое, што сучаснае чалавецтва вельмі любіць караць, абмяжоўваць чалавечую волю, садзіць людзей у камеры, у турмы, і ён іранічна называе гэта "lyrique des prisons" - "турэмнаю лірыкай", якая ў маім перакладзе стала "камернай лірыкай", што, па-мойму, яшчэ выразней падкрэслівае аўтарскую іронію.

Зміцер Колас і Лявон Баршчэўскі на прэзентацыі анталогіі перакладаў «І боль, і прыгажосць...». 2016

- Распавядзіце, калі ласка, пра сваю працу ў Алжыры і Сірыі. Колькі моваў вы ведаеце? Чым беларуская істотная для вас?

- У Сірыю я паехаў працаваць па інстытуцкім размеркаванні - не прайшло і месяца пасля абароны дыплома. Краіна неверагодна прыгожая, з працавітымі і разумнымі людзьмі. З гісторыяй, якая сягае ў біблійныя паданні. Дамаск - найстаражытнейшы горад на зямлі з тых, што пасля свайго ўзнікнення існуюць дагэтуль - у ім захаваліся вуліцы, якія згадваюцца ў Бібліі і па якіх я хадзіў!

Як перакладчыку мне выпала шмат дзе па Сірыі ездзіць, праехаў я, у тым ліку, і ўздоўж усяго рэчышча Эўфрата - ад Турэцкай мяжы да Ірацкай. Балюча цяпер чытаць пра тое, што робіцца сёння ў тых месцах, дзе я быў, дзе жыў (Алепа, Мэмбідж). Я працаваў перакладчыкам спачатку на будаўніцтве мастоў праз Еўфрат, потым у дырэкцыі Сірыйскай чыгункі. Ці стаяць дагэтуль тыя масты, ці ездзяць яшчэ цягнікі па тых рэйках?..

У Алжыры я працаваў перакладчыкам па кантракце з геалагічнай кампаніяй, і таксама нямала паездзіў, быў і на Міжземнаморскім узбярэжжы, і на Высокіх Плато, і ў Сахары. Даводзілася і забірацца ў горы, і спускацца ў глыбокія шахты. Успамінаў шмат, пра ўражанні можна распавядаць гадзінамі. Асабліва важным для мяне было пабываць у мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Альбэра Камю - Тыпаза, Тызі-Узу, Аран...

Колькі моваў я ведаю - не скажу, бо ведаць можна па-рознаму. А калі казаць, з колькіх моваў я перакладаў, то, здаецца, з сямі. У Сірыі, дарэчы, вывучыў і арабскую - на побытавым узроўні, але без практыкі яна, на жаль, забылася.

Што да беларускай, то пытанне гучыць дзіўнавата. Чым яна для мяне істотная?.. Бадай што ўсім. Напэўна, без яе мяне не было б - быў бы нехта іншы.

Зміцер Колас прэзентуе перакладную кніжную серыю "Паэты планеты" . 2016

- Як вы ацэньваеце якасць перакладаў сёння, сітуацыю ў гэтай сферы ўвогуле? Якія пераклады, на вашу думку, зараз патрэбны беларускаму чытачу?

- Думаю, сітуацыя ў гэтай сферы цяпер параўнальна лепшая, чым была раней, скажам, гадоў яшчэ дваццаць назад. І якасць перакладаў павысілася, узнікла шмат творцаў, якія ставяцца да перакладу прафесійна. Раней такіх былі адзінкі, цяпер дзясяткі. Але патрэбны сотні! А калі казаць не толькі пра мастацкі пераклад, то патрэбны тысячы!

Пераклад выконвае ахоўную функцыю адносна матчынай мовы нацыі. Любая культурная супольнасць, каб быць жывой і заставацца на сучасным узроўні, мае патрэбу спажываць і ствараць інфармацыю. Калі гэтай інфармацыі, "закадаванай" на матчынай мове няма, супольнасць (і яе асобныя адзінкі) вымушаная/вымушаныя спажываць яе на іншых мовах. Таму беларусам (як і любым іншым народам) сёння і заўсёды трэба шмат розных добрых перакладаў.

Ніводная моўная супольнасць не ўтварае інфармацыі больш, чым усе астатнія ў сукупнасці. У такой сітуацыі чалавецтву, калі яно хоча захаваць сваю разнастайнасць, без перакладаў не абысціся. Людзі дажылі да разумення важнасці захавання экалогіі прыроды. Хацелася б, каб зразумелі і важнасць захавання лінгвістычнай экалогіі.

Злева направа: Вольга Гапеева, Зміцер Колас, Алена Пятровіч, Аксана Спрынчан. 2015

- Што б вы параілі перакладчыкам-пачаткоўцам? Аб якіх "падводных камянях" папярэдзілі б?

- Магу параіць хіба толькі ніколі не задавальняцца ўзроўнем свайго ведання моваў і сваімі перакладамі, заўсёды шукаць, дасканаліць тое, што здаецца ўжо дасканалым. Вучыцца, вучыцца, вучыцца. І да кожнага перакладу, напэўна, варта падыходзіць з уважлівасцю і насцярожанасцю пачаткоўца. Бо ўсе камяні толькі падводныя - над вадой яны не плаваюць. І можна спатыкнуцца там, дзе зусім не чакаеш. Як і ва ўсім астатнім у жыцці, у перакладзе важна, не "што" і "колькі", а "як".

- Ці можаце ўспомніць адну з цікавых гісторый, звязаных з вашай перакладчыцкай дзейнасцю?

- Напрыклад, была такая гісторыя. Калі перакладаў Сартра, сутыкнуўся ў тэксце з фразаю, дзе сяброўка не раіла гераіні апавядання ісці на скрыжаванне пэўных вуліц, каб не сутыкнуцца з мужам (ад якога гераіня сышла), бо звычайна той якраз у гэтым месцы чакае АЕ.

Што такое АЕ, было няясна, ніводзін слоўнік не даваў ніякага варыянту, інтэрнэту тады не было (а пераклад рабіўся, калі я працаваў у Алжыры). Неўзабаве на ўчастак палявых даследаванняў, дзе я быў з геолагамі ў той момант, калі натрапіў на дзівакаватае АЕ, прыехаў тэхнік-француз па абслугоўванні свідравальных машынаў. Я звярнуўся да яго як да носьбіта мовы. Ён прачытаў тэкст, пачухаў патыліцу і сказаў: "Не ведаю, што гэта. Гэтыя пісьменнікі часам пішуць абы-што!"

Калі я вярнуўся з поля, пайшоў у французскі ліцэй, што быў у нашым горадзе і дзе працаваў мой знаёмы француз-выкладчык літаратуры. На маё пытанне, ці можа быць АЕ нейкім аўтобусам, ён адказаў, што, відаць, так і ёсць: А = аўтобус, autobus, а вось што такое Е - няясна, можа быць "extraurbain", то бок "пазагародні", на маё сумненне, што, маўляў, увогуле такія аўтобусы называюць "de banlieu" - "прыгарадны", ён пагадзіўся, але выказаў здагадку, што, можа быць, у 30-я гады ХХ ст. іх называлі іначай.

Словам, на аўтобусе ўсё і спынілася - гэтага было дастаткова для апісання сітуацыі. Але АЕ засталося загадкай. Прыкладна праз пару тыдняў мяне раптам накіравалі ў камандзіроўку ў Бешар (у Сахару), з якой мэтай - не было вядома ні мне, ні дырэктару нашага аддзялення геалагічнай кампаніі (загад прыйшоў па тэлексе са сталіцы).

Інтэрв'ю для канала БелСАТ. 2016

Прыляцеўшы ў Бешар, я высветліў, што ніхто мяне там не чакае, дырэктар тамтэйшага аддзялення не ведаў, навошта мяне да іх прыслалі, ніводнага геолага з СССР на той момант у Бешары не было. Пачалі спрабаваць звязацца са сталічнай дырэкцыяй, але ж... Сахара, сувязь толькі па тэлексе і вельмі кепская, а дакладней - пару дзён увогуле ніякай сувязі. Я бавіў час у кампаніі з двума геолагамі-палякамі, якія скончылі свае даследаванні і пісалі справаздачу. Урэшце з цэнтра прыйшла інфармацыя, што адбылася памылка: мяне пераблыталі з польскім перакладчыкам...

Я ўзяў білет на самалёт, але пачаўся самум (пясчаная бура), і ўсе рэйсы былі адмененыя. Праз пару гадзін, ратуючыся ад пясчанай навалы, з поля ў Бешар вярнулася невялічкая геалагічная партыя на чале са 80-гадовым прафесарам-французам. Усіх засялілі ў тую кватэру, дзе жыў я, і стары геолаг аказаўся са мной у адным пакоі. У размовах, якія мы вялі ледзь не ўсю ноч, я не змог не задаць яму пытання, якое мяне не адпускала: "Чым усё-ткі можа быць АЕ?" Бо ён чалавек сталага ўзросту, жыў у тым самым Парыжы ў тыя самыя 30-я гады.

Стары геолаг пахітаў галавою: "АЕ - гэта сапраўды аўтобус, але зусім не "extraurbain", не "пазагародні", а звычайны гарадскі маршрут, проста ў 30-я гады маршруты пазначаліся не лічбамі, а літарамі: А, В, С... а калі алфавіт скончыўся, пайшлі падвойныя: АА, АВ, АС... Так што АЕ - аўтобус маршруту АЕ. Патрэбна было супасці столькім абставінам і непаразуменням, каб звесці перакладчыка і носьбіта патрэбнай інфармацыі ва ўзбунтаванай пясчанаю бурай Сахары і паставіць кропку ў гэтай гісторыі.

А ў тэксце перакладу так і застаўся проста "аўтобус".

 

Гутарыла Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org

конкурсы, пераклады, інтэрв'ю, паэзія, замежжа, Экслібрыс

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»
20 кастрычніка 2017

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Чытаць далей...
Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!
20 кастрычніка 2017

Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Чытаць далей...
«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
19 кастрычніка 2017

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Чытаць далей...
Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка
19 кастрычніка 2017

Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка

Чытаць далей...
475