Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

17 траўня 2017

Ганна Янкута: Разбурыць канон, альбо Пасажыркі парахода сучаснасці

У гонар 500-годдзя беларускага кнігадруку кампанія “Будзьма беларусамі!” прапанавала экспертам скласці спіс з 50 самых значных твораў беларускай літаратуры за апошнія 500 гадоў. Піша Ганна Янкута.

Рэйтынг выводзіўся паводле колькасці згадак той ці іншай кнігі сярод экспертаў і паказаў, што ў Беларусі дагэтуль “літаратура мужчынскага роду”, як напісала ў 2007 годзе Вольга Гапеева. Бо на думку экспертаў з 50 важных для нашай нацыі кніг толькі 4 напісаныя жанчынамі.

Па што гаворыць гэты вынік? Перадусім пра тое, што ў беларускім літаратурным каноне творцам дагэтуль лічыцца мужчына. Пісьменнікаў-мужчын вывучаюць у школе, абмяркоўваюць, даследуюць. Іх досвед — досвед мужчын — лічыцца важным, іх стыль — узорным, іх дасягненні — бясспрэчнымі. Народнае галасаванне толькі падмацоўвае меркаванне экспертаў: у дваццатцы найлепшых кніг ніводная не належыць пяру аўтаркі-жанчыны. У спісе ж экспертаў жанчына з’яўляецца толькі на 19-м месцы: гэта Ларыса Геніюш і яе “Споведзь”. Далей эксперты згадваюць “Галасы Утопіі” Святланы Алексіевіч — адзіная беларуская нобелеўская лаўрэатка атрымлівае 27-е месца ў спісе, “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі — на 44-м месцы, і завяршае рэйтынг зборнік паэзіі Наталлі Арсенневай “Пад сінім небам”.

Было б варта скласці альтэрнатыўны спіс, у якім знайшлося б месца і вершам Канстанцыі Буйло, і п’есам Францішкі Уршулі Радзівіл, і “Авантурам майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, і Элізе Ажэшцы, і Зінаідзе Бандарэнка, і Яўгеніі Янішчыц, і Зосьцы Верас, і шмат каму яшчэ. Аднак у абодвух спісах, як на мяне, ёсць яшчэ адзін істотны недахоп: у ім амаль не прадстаўленае ХХІ стагоддзе. Атрымліваецца, што і чытачы, і эксперты аддаюць перавагу правераным стагоддзямі кнігам і не асабліва цікавяцца сваімі сучаснікамі. А таму я вырашыла ўспомніць 10 кніг, выдадзеных жанчынамі-пісьменніцамі за 17 гадоў XXІ стагоддзя, якія, на маю думку, істотна паўплывалі на літаратурную сітуацыю і сталіся важнымі культурнымі падзеямі. Запрашаю вас далучацца і прапаноўваць свае рэйтынгі, бо ў маім дакладна згаданыя не ўсе значныя пісьменніцы нашага часу.

 

Святлана Алексіевіч “Время секонд хэнд”

(“Время”, 2013)

 

Святлана Алексіевіч згадвалася ў экспертным спісе, аднак апусціць яе кнігу “Время секонд хэнд” у сваім пераліку я не магу. “Время секонд хэнд” завяршае цыкл “Галасы Утопіі”, даследуючы феномен homo soveticus — чалавека, якога выгадавала савецкая сістэма. Пісьменніца размаўляе з людзьмі, каб зразумець, які след пакінулі на іх гады сацыялізму і што яны вынеслі ў новае жыццё. Без гэтай кнігі зразумець тое, што адбываецца з намі цяпер, немагчыма. Нобелеўская прэмія па літаратуры 2015 года.

 

 

Наталка Бабіна “Рыбін горад”

(“Логвінаў”, 2007)

 

У рамане Наталка Бабіна выводзіць на першы план пяцідзесяцігадовую жанчыну і яе сястру-блізнятку, вакол якіх закручваецца сапраўдная фантасмагорыя: забойствы, петлі часу, скарбы, таямніцы. Аднак гэта не перашкаджае аўтарцы вельмі сур’ёзна пагаварыць пра жанчыну, пра тое, як змяняецца з узростам яе цела і самаадчуванне, а таксама парушыць некалькі табу, даўшы гераіні ў якасці зброі ад нячыстай сілы набраклы менструальнай крывёй падклад і апісаўшы роды ў вясковай амбулаторыі. Кніга трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай Літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы “Angelus” (2011) і была перакладзеная на ўкраінскую, польскую, ангельскую мовы.

 

 

Вольга Бабкова “І цуды, і страхі…”

(“Логвінаў”, 2010)

Зборнік гістарычных эсэ Вольгі Бабковай прысвечаны нячастай у беларускім нон-фікшн тэме — штодзённаму жыццю людзей XVI–XVII ст. Звесткі для сваёй кнігі пісьменніца збірала, працуючы ў архіве. На старонках зборніка “І цуды, і страхі…” Вольга Бабкова вяртае ў гісторыю людзей, якія колісь жылі ў Мінску і якім няма месца ў падручніках: аптэкарам, шляхцянкам, татарам-агароднікам, расказвае пра тыя эпізоды іх прыватнага жыцця, якія здолелі захавацца ў архіўных дакументах. Кніга атрымала прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра імя Францішка Багушэвіча (2010), якая ўручаецца штогод за выдатную гістарычную прозу.

 

 

Ева Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”

(“Логвінаў”, 2008)

 

У зборніку апавяданняў “Шлях дробнай сволачы” Ева Вежнавец вывела цэлую галерэю нетыповых жаночых вобразаў — жанчыны-мастачкі, жанчыны-творцы, беспрытульныя жанчыны, жанчыны, якія шукаюць саміх сябе і спрабуюць выжыць у краіне “дробнай сволачы”. Яе гераіні — моцныя, трывалыя, яны не шукаюць сябе палёгкі і гатовыя на многія выпрабаванні (гл., напрыклад, апавяданне “Лялечка — балетніца — каралева — сплетніца”), іх цікавіць палітыка, творчасць, навакольнае жыццё. Ева Вежнавец піша так, быццам гендарных клішэ ў літаратуры ўвогуле не існуе, і яе гераінь ніяк нельга назваць “другім полам” — яны заўсёды ў цэнтры сусвету.

 

 

Алена Брава “Рай даўно перанаселены”

(“Галіяфы”, 2012)

Цэнтральны твор кнігі — раман “Менада і яе сатыры”, у якім пісьменніца паказвае вобраз жанчыны, чый мозг з дзяцінства атручаны стэрэатыпамі. Уяўленні пра жыццё і каханне галоўнай гераіні рамана даюць рамантычныя кнігі, і дзеля стасункаў з мужчынамі яна ахвяруе здароўем, самапавагай, уласнымі жаданнямі. Раман вельмі цяжкі для чытання, бо ва ўтрыраванай форме паказвае, з якімі праблемамі сутыкаюцца жанчыны ў невялікіх гарадках: іх ніхто не вучыць жыць дзеля сябе. Аповесць “Рай даўно перанаселены”, якая і дала назву ўсёй кнізе, раскрывае тую ж праблему з іншага боку. У ёй Алена Брава прасочвае гісторыю некалькіх пакаленняў жанчын з адной сям’і і паказвае механізм перадачы тых стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вызначаюць жаночы жыццёвы сцэнар.

 

 

Наста Кудасава “Маё невымаўля”

(“Кнігазбор”, 2016)

Паэзія Насты Кудасавай поўніцца яркімі запамінальнымі вобразамі, якія ажыўляюць навакольны свет і насяляюць яго цудоўнымі і дзіўнымі істотамі — кашалоціхамі, жукамі-караедамі, вавёркамі. Зборнік “Маё невымаўля” — гэта суцэльная метафара жывога свету, у якім усё рухаецца, адчувае, перажывае разам з паэткай. Насельнікі гэтага свету — быццам жыхары нейкага старадаўняга і адначасова вельмі сучаснага міфу, у якім чытач рызыкуе заблукаць назаўжды. У 2017 годзе за зборнік вершаў “Маё невымаўля” Наста Кудасава атрымала прэмію “Кніга году”.

 

 

Наста Манцэвіч “Птушкі”

(“Логвінаў”, 2012)

У зборніку вершаў і кароткай прозы Насты Манцэвіч “Птушкі” ўздымаецца шэраг табуяваных у беларускай літаратуры тэм, звязаных з сэксуальнасцю і цялеснасцю, каханнем і гвалтам. Пісьменніца выводзіць у кнізе вобразы гераінь-лесбіянак і бісэксуалак, прычым робіць гэта без выкліку ці эпатажу, паказваючы, што жыццё нашмат шырэйшае, чым малявала яго дагэтуль беларуская літаратура. У 2013 годзе кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют”.

 

 

Марыя Мартысевіч “Амбасада”

(Кнігазбор”, 2011)

Асноўны герой вершаў са зборніка Марыі Мартысевіч “Амбасада” — паўсядзённае жыццё: менавіта ў ім разгараюцца самыя яркія калізіі. Героі і гераіні вершаў паэткі спрабуюць атрымаць візу ў амбасадзе, ездзяць у Вільню, закупляюцца на “Экспабеле”, носяць у школу высокія абцасы, рыхтуюцца да Вялікадня, і ўсё гэта — добрыя сюжэты для драм ці чалавечых камедый. Мой асабісты топ-3 у зборніку — верш “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”, дзе праводзіцца паралель паміж разгонам мітынгу 19 снежня 2010 года і згвалтаваннем, верш “Нарадзі прэзідэнта” пра негвалтоўныя спосабы супрацьстаяць неспрыяльным абставінам і “Сястра Зоя і Канец Свету” — пра тое, як магло б выглядаць Евангелле, калі б яго напісала жанчына.

 

 

Людміла Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах”

(“Мастацкая літаратура”, 2014)

Людміла Рублеўская — адна з самых папулярных і прадуктыўных беларускіх творцаў ХХІ ст., кожная кніга якой вартая чытацкай увагі. Пісьменніца папулярызуе беларускую гісторыю, ствараючы містычныя, прыгодніцкія і дэтэктыўныя творы. Зборнік прозы “Ночы на Плябанскіх млынах” уключае гатычны раман “Скокі смерці”, аповесці “Ночы на Плябанскіх млынах”, цыкл “Старасвецкія міфы горада Б” і шэраг апавяданняў. Людміла Рублеўская — майстарка захапляльнага сюжэту і таямнічай атмасферы. Так, напрыклад, “Ночы на Плябанскіх млынах” — гэта арыгінальная варыяцыя ghost-story на беларускім матэрыяле, героі якой уначы расказваюць страшныя гісторыі. Кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройца (2014).

 

 

Юля Цімафеева “Цырк”

(выдавец Зміцер Колас, 2016)

Зборнік вершаў Юлі Цімафеевай “Цырк” — гэта зборнік дасціпных паэтычных разваг пра свет і іерархіі ў ім, пра кантроль і спосабы пазбегнуць яго, пра новыя сэнсы, якія можна выцягнуць з такіх звыклых і зацёртых беларускай літаратурай да дзірак тэм, як зямля, паэзія, каханне. Вершы са зборніка выдаюць цікавасць паэткі да сучаснай філасофіі: гэта складаныя галаваломкі, вельмі ўдумліва падрыхтаваныя паэткай. Жаночы досвед у гэтых вершах — гэта вельмі важная частка агульначалавечага досведу, які спрычыняецца да многіх паэтычных адкрыццяў (гл., напрыклад, верш “Цела паэта належыць яго радзіме…”).

 

Ганна Янкута, budzma.by

Ганна Янкута, кнігі, даследаванні

Каментары

Афiша

19 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
У мінскай Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх; ст. м. Міхалова).
19 лістапада
Літаратурны фестываль «Знак роўнасці» пройдзе ў Мінску (ПРАГРАМА)
17, 18, 19 лістапада ў Галерэі ТУТ.бай (пр-т. Дзяржынскага, 57). Уваход ВОЛЬНЫ
20 лістапада
Лекцыя Віктара Марціновіча пра Джуліяна Барнса
У прасторы Space (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16А).
21 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)
У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)
18 лістапада 2017

Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада
16 лістапада 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада

Чытаць далей...
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
16 лістапада 2017

Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак

Чытаць далей...
Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск
15 лістапада 2017

Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск "Кнігарні пісьменніка"!

Чытаць далей...
465