Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

20 лістапада 2017

Як Біл з Болаю вучылі дзяцей любові да іншасці

У межах літаратурнага фестывалю «Знак роўнасці» 19 лістапада ў галерэі TUT.BY прайшла прэзентацыя перакладу на беларускую мову вершаванай гісторыі Гунілы Бэргстрэм «Суперкніга пра Біла з Болаю». «Лямцавая батлейка» дапамагла данесці да маленькіх чытачоў галоўны сэнс кнігі — навучыцца прымаць дзетак з асаблівасцямі.

Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Надзея Кандрусевіч

Як усё пачалося

Ідэя перастварыць па-беларуску кнігу шведскай пісьменніцы належала Надзеі Кандрусевіч, перакладчыцы вядомай серыі дзіцячых кніг пра Пэтсана і Фіндуса.

“Да мяне б не прыйшла ідэя перакласці гэтую кнігу, калі б не сітуацыя ў маёй сям’і, — падзялілася Надзея. — Мая дачка — асаблівая. Таму я пачала шукаць творы ў шведскай літаратуры, у якіх героямі былі б дзеці з асаблівасцямі”.

У сучаснай шведскай літаратуры Надзея не знайшла такіх твораў. Затое яна прачытала кнігу Гунілы Бэргстрэм пра Біла і Болу. Першая кніга Гунілы “Прыгоды Біла і Болы: вершыкі ды прыколы” выйшла ў 1978 годзе. У 1979 годзе выйшаў працяг кнігі — “Пра Болу і ейнага брата: бязглузда і глуздавата”. У 2007 годзе з’явілася кніга “Суперкніга пра Біла з Болаю: Біл разумны, а Бола вясёлая”.

“Гуніла не назвала ў кнізе саму хваробу, — адзначыла Надзея Кандрусевіч, — але яна цалкам перадала тыя эмоцыі, якія я сама перажывала”.

Надзея звязалася з Гунілай і тая распавяла ёй, што сама выхоўвае дачку з цяжкай формай аўтызму. У кнізе распавядаецца пра тое, як старэйшы брат Болы Біл вучыўся прымаць сястру з асаблівасцямі.

Надзея запалілася перакласці гэтую кнігу. Але тыя, да каго яна звярталася з такой прапановай, звычайна казалі пра тое, што тэма складаная, асабліва для дзіцячай кнігі. Тады Надзея распавяла пра сваю задуму паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу. Той пагадзіўся ўзяць удзел у праекце.

 

Вершаваная кніга з падрадкоўніка

У выніку кнігу ўзяліся перакладаць Надзея Кандрусевіч, Алеся Башарымава і Андрэй Хадановіч. Кніга ў арыгінале напісана ў вершаванай форме. А улічваючы той факт, што Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава -- не гульцы з рыфмай і рытмам, у перакладзе было некалькі стадый. Яны рабілі тэхнічны, або парадкоўны пераклад.

“Наш падрадкоўны пераклад быў падобны на тое, як мы распускаем на ніткі звязаны швэдар. А пасля з гэтых нітак Андрэй Хадановіч звязаў новы, беларускі і паэтычны”, — распавяла Алеся Башарымава.

Андрэй Хадановіч перакладзеныя словы пераўтвараў у вершаваныя формы, якія мы можам сёння чытаць у беларускай версіі кнігі.

 “Лямцавая батлейка” разам з Веранікай Фаміной і Бэлай Кавальковай паставіла інтэрактыўны міні-спектакль па першай частцы кнігі. А галоўнай думкай, якая вітала як падчас афіцыйнай, так і падчас забаўляльнай частцы, — навучыцца малым прымаць і кантактаваць з асаблівымі дзецьмі. Бо тое, што мы бачым гэты свет па-рознаму, не з’яўляецца прычынай для непрыняцця адно аднаго.

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org

Каляровы ровар, замежжа, дзіцячая літаратура, кнігі, пераклады, паэзія, прэзентацыі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
256