Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

22 лістапада 2017

Як мастацтва дапаможа талерантнасці: дыскусія вакол «Суперкнігі пра Біла з Болаю»

21 лістапада ў прасторы «Кніжная шафа» адбылася дыскусія вакол перакладу на беларускую мову «Суперкнігі пра Біла з Болаю» Гунілы Бэргстрэм. Кніга распавядае пра дзяўчынку з асаблівасцямі, адносіны паміж членамі яе сям'і, і створана дзеля таго, каб зрабіць наша грамадства крыху больш добрым і талерантным.

Алеся Башарымава, Андрэй Хадановіч, Надзея Кандрусевіч

Як адзначылі ўдзельнікі дыскусіі -- Надзея Кандрусевіч, Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава,  у кнізе ёсць два процілеглых полюсы -- нясцерпнага болю і весялосці. Першы з іх абазначаецца на старонках блакітным колерам, другі -- жоўтым. Пра стварэнне і пераклад гэтай кнігі, пра балансаванне чытачоў паміж гэтымі палюсамі наведнікі сустрэчы пагаварылі разам.

Пісьменніца з асабістым досведам

Гуніла Бэргстрэм нарадзілася ў Швецыі ў 1942 годзе і пачала пісаць у 70-х. Акрамя яе ў гэты перыяд з'явілася шмат дзіцячых пісьменнікаў, якія былі прызнаныя класікамі пры жыцці -- гэта Ульф Старк, Барбара Ліндгрэн, Свэн Нурдквіст, Юя Вісландэр. Усе пісалі на цікавыя тэмы, але ніхто -- пра асаблівых дзяцей.

Гуніла Бэргстрэм дэбютавала з кнігай пра хлопчыка Альфонса Олберга і яго мінідрамы са штодзённага жыцця. Кнігі пра Альфонса перакладзеныя на больш за 30 моваў свету: нейкі час Гуніла была самай перакладальнай дзіцячай пісьменніцай.

Менавіта яна ўпершыню пачала выкарыстоўваць калаж у дзіцячых кнігах, малюнкі для якога стварала самастойна.

Альфонс -- культавы персанаж у Швецыі: усе дзеці ведаюць, хто гэта. Ён стаіць у адным шэрагу з Пэтсанам і Фіндусам, Мамай Му. Але ж за кнігі пра гэтага хлопчыка пісьменніцу шмат крытыкавалі за вострыя моманты са штодзённага жыцця герояў.

Гуніла Бэргстрэм казала: "Я ніколі не думала, што буду пісаць асабістую гісторыю". Але потым у сям'і пісьменніцы з'явілася дачка з аўтызмам. Кніг пра дзяцей з асаблівасцямі, якія мог бы чытаць яе старэйшы сын Пол, не было. І Гуніла вырашыла стварыць сваю. Першая кніга пра Біла з Болаю была напісаная ў 1978 годзе, і зараз можна толькі ўявіць сабе, як яе ўспрынялі крытыкі і грамадскасць у той час.

Кніга, якую трэба было перакласці

Перакладчыца Надзея Кандрусевіч знайшла кнігу пра Біла і Болу як раз у той момант, калі даведалася, што яе трохгадовая дачка -- з асаблівасцю. У дзяўчынкі, як і ў Болы, таксама быў старэйшы брат, якому Надзеі трэба было ўсё гэта растлумачыць.

Тады Надзея пачала шукаць сярод шведскай літаратуры кнігі, падобныя да гэтай -- пра дзяцей з аўтызмам. Знайшла больш спецыфічныя -- прысвечаныя людзям з сіндромам Даўна, з розніцай у даўжыні ног і іншымі асаблівасцямі. Гуніла, у адрозненне ад іншых, увогуле не называе захворвання. Яна ўспрымае Болу такой, якая яна ёсць, апісвае пачуцці Біла і і бацькоў адносна дзяўчынкі.

"Я прачытала кнігу і адразу зразумела, што гэта не мастацкая прыдумка, а асабістая гісторыя пісьменніцы. Тады я падзівілася, наколькі смелы крок зрабіла Гуніла Бэргстрэм. Асабіста мне яна дапамагла асэнсаваць, што рабілася ў маёй сям'і, калі ў ёй з'явілася асаблівае дзіця. Я чытала "Біла і Болу" свайму сыну -- зрабіла для яго падрадкоўны пераклад з шведскай мовы. І вельмі хацела, каб гэта кніга была выдана на беларускай", -- распавяла Надзея Кандрусевіч.

Праблема, якую варта вырашаць разам

Надзея Кандрусевіч ўжо спрабавала аднесці кнігу ў выдавецтва і прасіць дазволу на пераклад. Але ёй адказалі, што беларускія чытачы да такой тэмы яшчэ не падрыхтаваныя.

"Але ж на самай справе гэта не так -- у нас шмат неабыякавых людзей, -- сцвярджае Надзея Кандрусевіч. -- Гэта пацвердзілі мае партнёры, перакладчыкі Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава, якія з энтузіязмам узяліся за працу над перакладам "Біла і Болы".

Некаторыя вострыя пытанні ў нашым грамадстве замоўчваюцца. Аўтызм -- адна з іх.

"Сем'і, у якіх нарадзілася асаблівае дзіця, часта застаюцца з праблемай сам- насам. А людзі, якія раней не мелі зносін з такімі дзецьмі, проста не ведаюць, як да іх ставіцца. Што можам зрабіць мы? У першую чаргу -- даць розгалас праблеме. Калі пра яе будуць ведаць -- будзе павышацца і адукаванне людзей датычна гэтых пытанняў. Крок за крокам можна рабіць грамадства больш талерантным", -- падзялілася Алеся Башарымава.

Тонкасці перастварэння

Для Надзеі было важна знайсці перакладчыка, для якога тэма кнігі была б сапраўды важнай. Да таго ж яна чакала ад партнёра не толькі сур'ёзнага стаўлення да дакладнасці, але і майстэрства ў адаптаванні мастацкіх дэталяў для беларускага чытача. І Надзея Кандрусевіч прызнаецца, што ёй вельмі пашанцавала -- за працу над кнігай узяўся Андрэй Хадановіч.

"Калі я рабіла падрадкоўны пераклад, я падбірала як мага больш сінонімаў для розных словаў, каб Андрэю было прасцей працаваць. Таксама я тлумачыла яму некаторыя адсылкі. Напрыклад, у кнізе ёсць момант, калі Біл і Бола прыходзяць у краму, на паліцах яны бачаць напой "O'girl". Гэта назва - падарунак Боле ад Гунілы, таму што на самай справе гэты папулярны шведски напой завецца "O'boy", -- дадала ўдзельніца праекта Алеся Башарымава.

З аднаго напою ў спадара Андрэя атрымалася два -- "Кока-Бола" і "Пэпсі-Бола". У тэксце кнігі іх няма, але дзве бутэлькі з такімі назвамі можна знайсці на малюнках.

На сустрэчы Андрэй Хадановіч таксама прызнаўся, што крыху змяніў і назву кнігі, але гэта -- неабходны мастацкі прыём.

"Я хацеў рытмічна перакласці назву, але дасканалы пераклад са шведскай не падыходзіў. На змену "вялікай кнізе" з'явілася слова "суперкніга". Таму першыя рэцэнзенты, якія зараз у сацсетцы Facebook пішуць, што "напраўду аўтарка назвала гэта суперкнігай", крыху памыляюцца", -- адзначыў перакладчык.

Цікава, што ў кнізе пра Біла ды Болу на беларускай ёсць і адсылка Андрэя Хадановіча да кнігі Веры Бурлак "Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса", якую можна знайсці ў эпізодзе пра дзень народзінаў Болы.

"Я не хачу мець такой сястры"

Тое, што ў кнізе распаведзена асабістая гісторыя, велімі адчуваецца у адным з момантаў -- гэта заўважыла Надзея Кандрусевіч.

Біл збудаваў казачны сярэднявечны замак, Бола прайшла міма -- і ад будынка засталіся адны руіны.

"Першая рэакцыя Біла -- накрычаць, паскардзіцца, стукнуць, сапсаваць ляльку сястры, -- пракаментаваў Андрэй Хадановіч. -- Але ж ён разумее, што Бола знаходзіцца ў іншым вымярэнні, яна нават не адчуе, што яе пакаралі. Тады ён звяртаецца да маці: "Я не хачу мець такой сястры, чуеш, мама?"..

"Яна ўздыхае: "О, Госпадзі, я таксама!"

А яшчэ б хацела мець іншыя рысы твару я

І не шэрыя вочы, а карыя.

І яшчэ не хацела б дажджу

Але ён ідзе, і я пад дажджом хаджу.

І табе зразумець бы трэба,

Што зямля застанецца зямлёю, а неба -- небам

А пасля восені будзе зіма,

І лічыць яе цёплай дарма,

Бо небасхіл, як належыць, вечны і высокі,

Па небасхіле спакойна плывуць аблокі.

І на зямлі ўсё як трэба -- і дождж, і маміны вочы,

Хоць чалавек усё роўна чагосьці хоча".

"У адказ на такую балючую рэпліку сына маці не пачынае нешта выдумляць, апраўдвацца, не просіць прымаць і любіць, бо гэта пустыя словы, -- адзначыла Надзея Кандрусевіч. -- Мама гаворыць вельмі шчыра: "Я таксама не хачу такой дачкі". Але ж добра і тое, што пасля гэтай фразы яна не ставіць кропку. На этапе прыняцця факту, што хтосьці з тваёй сям'і -- з асаблівасцямі, абурэнне і адмаўленне -- нармальная рэакцыя. Але ж гэта не перманентны стан, на змену яму прыходзіць любоў".

У кнізе менавіта Біл робіць шмат цікавых адкрыццяў пра сястру і ўзаемаадносіны з ёй. І там, дзе бацькі Болы аказваюцца бязраднымі, плачуць, хлопчык паказвае на Болу і кажа: "А яна-та сама радуецца!"

"Калі мы плачам пра іншых, мы хутчэй за ўсё шкадуем сябе, -- разважыў Андрэй Хадановіч. -- Але ж Біл заўважыў гэта і адшукаў падыход да Болы. Неўзабаве хлопчык пачаў успрымаць сястру як цуд і падарунак".

Пра мастацкую адметнасць кнігі

На дыскусіі кніга атрымала шмат станоўчых водгукаў. Чытачам падабалася, што Бола там -- простая дзяўчынка, без вялікага таленту, які вельмі часта выкарыстоўваецца ў якасці асноўнай рысы чалавека з аўтызмам. Дзякуючы такой адметнасці кнігі, мы спачуваем менавіта Боле, а не таленту, і радуемся таксама за яе.

Удзельніца сустрэчы, даследчыца дзіцячай літаратуры Наталля Мядзведзь адзначыла, што "Суперкніга пра Біла з Болаю" вельмі адрозніваецца ад простай метадычнай літаратуры, якая вучыць дзяцей талерантнасці:

"Я ў апошнія гады займаюся даследаваннямі дзіцячай літаратуры. Я вывучыла шмат твораў на розных мовах, таму хацела б падкрэсліць, што гэта мастацкая кніга, якую можна чытаць разам з дзецьмі дашкольнага ўзросту. З яе можна пачынаць размову пра тое, што ўсе мы розныя. Дзеці знаходзяцца ў зліцці з бацькамі, і ў іх няма разумення, што людзей трэба ўспрымаць асобна ад сябе".

Прааналізаваўшы кнігу, чытачка і даследчыца сказала, што ў ёй не даецца ніякіх адзнак паводзінам Болы. І гэта дае рост эмпатыі чытача. Адметна тое, што аповед у кнізе вядзецца ад асобы сямігадовага хлопчыка. Пры чытанні дзіця разумее, што Біл -- чалавек з суразмерным яму жыццёвым вопытам, а гэта вельмі важна. Эфект ад чытання дапаўняецца, калі бацькі тлумачаць, што такія дзеці, як Бола, таксама бываюць, і з імі таксама трэба сябраваць.

"Калі аднагодкі будуць гатовыя прыняць дзяцей з асаблівасцямі, сацыялізавацца апошнім будзе значна прасцей", -- рэзюмавала Наталля.

Што стала з Болай, калі яна пасталела?

Калі куратары дыскусіі распавялі пра пераклад і абмеркавалі праблемы ўзаемаадносін грамадства і дзяцей с асаблівасцямі, удзельнікі сустрэчы пацікавіліся, як склаўся лёс Болы -- дачкі пісьменніцы, якой прысвечана "Суперкніга пра Біла з Болаю".

Надзея Кандрусевіч, калі рыхтавала пераклад, кантактавала з Гунілай Бэргстрэм. І аўтарка адказала перакладчыцы на гэта вельмі асабістае пытанне.

Сёння Бола ўжо дарослая жанчына. Яна жыве за некалькі міль ад бацькоў ва ўласным доме. Іншым разам да яе прыходзіць асістэнт, каб дапамагчы ў нейкіх справах, але збольшага Бола ўсё робіць сама. З прафесійнай працай яна не спраўляецца, але займаецца самымі рознымі штодзённымі справамі.

"Як і раней, Бола не размаўляе, але часткова разумее, калі мы да яе звяртаемся. Яна моцная, вясёлая і ўпартая. Музыка -- па-ранейшаму яе вялікая радасць", -- напісала Надзеі Гуніла Бэргстрэм.

Тэкст: Алена Босава, фота: Зарына Кандрацьева, для lit-bel.org

дзіцячая літаратура, паэзія, пераклады, прэзентацыі, Каляровы ровар

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
243