Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

16 кастрычніка 2017

Крышталічныя структуры Тумаса Транстромера

"Праз Транстромера можна спазнаць Швецыю. Здаецца, прыедзеш упершыню – і адчуеш, згадаеш атмасферу гэтых пейзажаў – подых мора, халоднае паветра, вельмі шмат сіняга. Прыродны свет у вершах Транстромера дзеліцца па гарызанталі – ад нябёсаў да прадоння. І ў ім – птушкі, людзі, багі. Іерархія тут не працуе", — пра кнігу "Пад вольным небам" піша Алена Карп.

Навошта паэзія? Паэзія – гэта мармытанне. Тое, што прамаўляецца сам-насам. Здзіўленае назіранне, якое ў момант свайго здзіву і прамаўлення не шукае слухача. Паэзія неабавязковая, бо ненадзённая, непрагматычная.

Спакойны голас Тумаса Транстромера здзіўляе, загойдвае і закалыхвае беларускаю моваю (праца Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча, Алесі Башарымавай і Лявона Баршчэўскага). Выбранае нобелеўскага лаўрэата – the best of the best і must have, як гэта маглі б назваць маркетолагі, калі б паняцце «беларускі кніжны рынак» было крыху больш рэальным. На справе гэтая кніга – тое, што мусіла здарыцца ў нашым культурным полі.

Праз Транстромера можна спазнаць Швецыю. Здаецца, прыедзеш упершыню – і адчуеш, згадаеш атмасферу гэтых пейзажаў – подых мора, халоднае паветра, вельмі шмат сіняга. Прыродны свет у вершах Транстромера дзеліцца па гарызанталі – ад нябёсаў да прадоння. І ў ім – птушкі, людзі, багі. Іерархія тут не працуе. Краявіды Транстромера – як некалькі слаёў фотастужкі, накладзеных адзін на адзін: праступае невідавочнае. Паэт піша не банальны пейзаж, але паветра гэтага пейзажу, яго дыханне, а разам з тым дрыготкі фон чалавечага жыцця: прыглушаныя стогны і ўскрыкі.

«Той, хто малюе на паўдарозе карціну, едучы ў ёй» – найдакладнейшыя вызначэнні паэзіі Транстромера можна знайсці ў ёй самой. Ён піша тое, што тут і цяпер рухаецца, цячэ, змяняецца: «Мы стаялі пад дрэвам, адчуваючы, як час ападае і ападае». Карціна, схопленая ў самых дакладных і нечаканых вобразах, зменіцца, як толькі будзе пастаўленая кропка. Паветра дрыжыць, патэнцыя да змянення закладзеная паміж радкоў.

Праз Транстромера можна спазнаць сябе.

Яго паэзія чыстая. Не толькі ў тым сэнсе, што нагадвае ідэальна падабраныя адна да адной крышталічныя структуры. І не толькі таму, што дакладна адпавядае ўласным жа радкам: “...ніякіх шырокіх жэстаў і непатрэбнай рыторыкі. Так, менавіта: рыторыка тут немагчымая”. Самае дзівоснае – гэта тое, як яму ўдаецца прыбраць, выключыць усе вонкавыя шумы, пісаць свет прыродны і культурны, у якім няма лішняга. Сутнасць нічым не зацемнена.

Пры гэтым Транстромер не апалітычны. Ён чуе “здушаны гвалт”, бачыць боль і несправядлівасць. Яго паэзія ціхая, але ў ёй напоўніцу віруе, дзеіць жыццё. У ёй поўна культурных кодаў, многа музыкі – мастацтва, для Транстромера важнага і гаючага, ачышчальнага. Разам з тым у ёй мала асобы аўтара.

У нейкіх прыватных і ўнікальных сваёй прыватнасцю гісторыях Транстромер сам сабе як аб’ект не надта і цікавы. Яго рэфлексія сыходзіць на ўсё большую і большую глыбіню. Падаецца, галоўнае ўменне (і чараўніцтва) Транстромера – распусціцца ў прасторы і часе, адчуваць іх у той жа меры, што і сябе. Быць чалавекам наогул, быць універсаліяй. Ён шукае, як уладкаваны свет, як уладкаваны чалавек. І знаходзіць для чалавека самыя суцяшальныя словы.

Не саромся, што ты чалавек – ганарыся тым!

Унутры цябе скляпенне над скляпеннем, і няма ім канца.

Цябе не скончаць ніколі, і гэта слушна.

Прыкладна так заходзіш у верш Транстромера – як пад галавакружныя скляпенні, якім не відаць канца.

Паэзія неабавязковая, але хто яшчэ нагадае, што ўсё ў аснове сваёй нязменна: недзе абавязкова граюць Шуберта.

Алена Карп, для lit-bel.org

Швецыя, пераклады, кнігі, Тумас Транстромер

Каментары

Афiша

21 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)
У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).
23 лістапада
ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ
Прэзентацыя падручніка на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31, аўд. 304).
25 лістапада
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае»
Запрашаем у Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя Астроўскага (пр. Газеты “Праўда”, 20А, ст. м. Пятроўшчына).
25 лістапада
«Кніжная Шафа» ўпершыню прадстаўляе выставу малюнкаў
Паказ пройдзе з 24 кастрычніка (адкрыццё) па 25 лістапада ў Мінску.
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Спроба паставіць «Знак роўнасці» (фотарэпартаж)
20 лістапада 2017

Спроба паставіць «Знак роўнасці» (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Як Біл з Болаю вучылі дзяцей любові да іншасці
20 лістапада 2017

Як Біл з Болаю вучылі дзяцей любові да іншасці

Чытаць далей...
Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)
18 лістапада 2017

Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада
16 лістапада 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада

Чытаць далей...
229