Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 жніўня 2017

Мінск, намаляваны мовай ідыш

"Я люблю такія гісторыі. Пра цудоўныя кнігі, што траплялі ў адну са складак гістарычнай тканіны, на якія была багатая памятая войнамі і тэрорам культура ХХ стагоддзя", — Віктар Марціновіч піша пра раман "Зельманцы" выдатнага пісьменніка Майсея Кульбака, расстралянага ў 1937-м.

Вось, напрыклад, быў пісьменнік. Дасціпны. Яскравы. Ніводнай зацёртай метафары. Піша смешна. Па-адэску. “Беларускі Бабель”, як спрасцілі б на гарадскіх сайтах, каб прадаць праект бізнес-партнёрам. Як і Бабель, крыху антысаветчык, бо апісваць электрыфікацыю ў Мінску — гэтаксама небяспечна, як апісваць “подзвігі” байцоў конарміі. То бок маскоўскім інтэлігентам можа падацца, што ты ўслаўляеш конармію, але абавязкова прыйдзе таварыш Будзённы ды шарахне па табе артыкулам-прысудам “Бабізм Бабеля ў “Чырвонай нові”. І пасля будзёнаўскай мянушкі “дэгенерата ад літаратуры” ўславіцелю будзе адзін шлях — у НКУС.

Але — ніякай злоснасці. Ніякіх, ведаеце, “У капцюрох ГПУ” ці “Запісак афіцэра чырвонай арміі”. Крые побыт, смяецца з цёшчы. Як і Бабель, цікавіцца больш чалавекам, чым палітыкай. Як і ў Бабеля, “час імклівых перамен”, якім не пашчасціла быць заціснутымі, — толькі нагода для размовы пра адвечнае. Пра тое, як сакавіта чхае адзін дзядзечка ў слабодцы, ці як смешна цётачка, якую ўсё ніяк не возьмуць замуж, стаіць у мароз і завею, чакаючы каханка, які не прыйдзе.

І вось, як і з Бабелем, спачатку — арышт немаведама за што (у пастанове НКУС значыцца: “прыбыў у 1928 нелегальна з Польшчы ў БССР, будучы ў Польшчы значыўся намеснікам старшыні нацыянал-фашысцкай (!) габрэйскай (!!!) літаратурнай (!!!!!) арганізацыі), потым — смяротнае пакаранне. І нават жонка нашага героя “прымаецца” НКУС і асуджаецца на 8 гадоў як “член сям’і ворага народа”.

Што цікава — яго забіваюць у тую самую ўраджайную для катаў беларускай культуры ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га. Пасля рэабілітацыі ў 1956-м нібыта і перакладаюць з ідыш, нібыта і выдаюць, але ступень “прызнання” тут супастаўляльная з адзінкавым водгукам на яшчэ аднаго непажаданага сына габрэйскага і беларускага народа — Марка Шагала. Як папулярызаваць Шагала, калі той эміграваў? Ды не пакутуе, а, прабачце, шыкуе там, у капіталістычным свеце? Як рэкламаваць нашага героя, калі ён знішчаны НКУС як “член трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыі”. Тое забыццё цягнецца, “беларускім Бабелем” цікавяцца абазнаныя адзінкі.

 

 

Здараюцца перабудова і незалежнасць. Беларускае Адраджэнне выносіць на вяршыню ўсіх забытых-забароненых беларускамоўных. Пра творцаў, што пісалі на ідыш, — забываюцца. Нібыта і не вельмі нашы. Нешта супастаўнае адбывалася і з Маркам Шагалам: ён не ўвайшоў у першы эшалон культурнай абароны. Менавіта таму, што сам называў сябе “рускім габрэем”. Дык нашто беларускай незалежнай культуры “рускі габрэй”?

І вось мы працягваем жыць з ужо складзеным пантэонам 1930-х. З неверагодным Сяргеем Пясэцкім. З Андрэем Мрыем, чые “Запіскі Самсона Самасуя” — нешта сярэдняе паміж з’едлівасцю і іранічнасцю Зошчанкі ды хтанізмам Андрэя Платонава. З Дубоўкам і Жылкам. Дыскусія пра тое, чым былі трыццатыя, быццам скончаная.

І вось прыходзіць вясна 2017-га года. Два гады з моманту, калі нашага героя перавыдалі ў раскошным перакладзе, добрым накладам (2500), але на дужа паганай паперы. І ўсюды ў Мінску знянацку пачынаюць шаптацца: “Майсей Кульбак”, “Майсей Кульбак”, “Ці вы чыталі гэтага Майсея Кульбака?”, “Зельманцы” — гэта ж такі цуд!”, “Гэта беларускі Бабель!”, “Гэта так смешна”, “Такі цудоўны Мінск!”.

Дыямент вылузаўся са складак і пакаціўся па падлозе. Ягоныя водбліскі зіхацяць па столі і сценках. Не заўважыць яго немагчыма. Кніга проста занадта адметная. І, як любое адметнае мастацкае выказванне, ператварае ў сваіх адэптаў любога, хто яго спажыў.

Пра Майсея Кульбака пакуль што небагата пішуць (хаця, дзякуючы Людміле Рублеўскай, адзначылася “СБ”), але пра яго ўжо багата гавораць. Прынамсі, у тых колах, што прадвызначаюць тэмы, на якія будуць гаварыць тыя, каму патрэбная інерцыя ў сезон, каб заўважыць адметнае сярод сваіх фэйсбучных хайпчыкаў.

Як гэта заўсёды бывае, пераклад Кульбака з ідыш на рускую мову можна здабыць за два клікі: у сеціве боўтаецца электронка перавыдання перакладу 1960-га года, зробленага ў 2008-м. Шукаць гэты тэкст варта ў тым выпадку, калі вас не засмуціць, што “Зельманцы” тут абазваныя “Зельменянамі”. Я дык вырашыў пабегаць па крамах і вырубіць версію Віталя Вольскага (паўтаруся: цудоўную).

Што чапляе ў “Зельманцах” акрамя ўжо згаданай аўтарскай дасціпнасці, здольнасці параўнаць зіму ў Мінску з “халоднай срэбранай міскай”? На маю думку, тут ёсць шмат вобразнасці, якая паходзіць з культуры ідыш і ўзбагачае беларускае самаадчуванне ад роднага горада. Так, напрыклад, калі Кульбак называе колкія зорачкі марознай мінскай зімы “дроцікамі” — ён карыстаецца метафарай, якая звычайная ў ідыш, але вельмі новая для Беларусі.

Акрамя простай кроскультурнасці ёсць яшчэ і крышачку іншы погляд на нашу рэальнасць, вось тут Кульбак піша: “Паветра над снегам гарэла, як сіні спірт”, — і мы адчуваем, як там марозна, у слабодцы. Дзеля такога погляду трэба не толькі ведаць, як гарыць сіні спірт, тут трэба мець вопыт чытання пра пракаленае да антанімічнай гарачыні паветра пустыні, якое “дрыжыць, бы падагрэтае вогнішчам”.

Я не ведаю, дзе дакладна жыла прыдуманая Кульбакам сям’я родзічаў рэбэ Зэлме. Ці не ў той слабодцы, якую Уладзімір Някляеў у “Аўтамаце з газіроўкай” называе “Шанхаем”? А, можа, ніжэй, у раёне вуліцы Ракаўскай? Нельга выключаць, што кахаліся і сварыліся Зельманцы там, дзе цяпер кахаецца і сварыцца вуліца Зыбіцкая. І Кульбак не толькі прыадкрывае нам акенца ў азначанае адэскім каларытам нядаўняе мінулае Мінска. Ён жменямі засявае культурную пароду гэтага горада парасткамі новых апокрыфаў, сказанняў і анекдотаў. Можа, і прарасце на нашым граніце. Можа, і з’явіцца замест “стылізаванай пад Адэсу 1920-х” рэстарацыі “Кантрабас” шынок “Дзядзька Фоля” ці “Цётка Гіта”, стылізаваны пад Мінск 1930-х. Які, калі верыць Кульбаку, быў не менш каларытным за прыгаданую Адэсу.

Мне гэты нечаканы ўзлёт незаслужана забытага пісьменніка дае адчуванне надзеі. Бо калі таленавітыя тэксты прарываюцца праз тоўшчу амаль 80 гадоў, дык у тых, хто спрабуе разварушыць хворы на амнезію горад, ёсць шанец.

Віктар Марціновіч, budzma.by

1937, пераклады, рэпрэсіі, ідыш, Кульбак

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
366