Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

10 кастрычніка 2017

«Навошта выдумляць? Трэ пісаць аб тым, што было!»: Леанід Дранько-Майсюк пра сваю новую кнігу

10 кастрычніка спаўняецца 60 гадоў літаратару Леаніду Дранько-Майсюку. Шчыра віншуем Леаніда Васільевіча з юбілеем, зычым усяго найдабрэйшага: моцнага здароўя, дабрабыту, далейшага творчага плёну! І прапануем увазе чытачоў гутарку з пісьменнікам з нагоды выхаду яго новай кнігі. ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Фота: Джон Кунстадтэр, budzma.by

Леанід Дранько Майсюк, больш вядомы як паэт, сёлета аддаў у друк дакументальную аповесць пра Максіма Танка. Кніга "… Натуральны, як лінія небасхілу" -- гэта не адзін год працы у архівах, структуравання і пераасэнсавання ўнікальнай інфармацыіі.  Сёння спадар Леанід распавёў нам, чаму даследчык  павінен вызначыць сваю тэму і якую ролю ў гэтым можа адыграць выпадак.

Гл. таксама: Прэзентацыя кнігі пра Максіма Танка — 13 кастрычніка

Чаму Вы зацікавіліся дакументальным жанрам і пачалі працаваць у ім? Якую ролю для сябе вызначылі ў гэтым жанры?

Ніколі не думаў, што зацікаўлюся менавіта гэтым жанрам і свядома выберу яго. Здаецца (тут містыкі трохі не пашкодзіць!), ён сам выбраў мяне. Зрэшты, я быў падрыхтаваны да таго, каб у нейкі момант і на нейкі час раптам забыцца на мастацкае пісьмо, бо ў душы маёй мінулася, калі так можна сказаць, рамантычнае ўспрыманне творчасці. Больш таго, мастацкае пісьмо, якое зазвычай заснавана на фантазіях, мроях, няхай сабе і на ўласным вопыце мастака, але пераважна ўсё ж на выдумцы, здалося мне з'явай даволі маркотнай. "Навошта выдумляць? – неяк падумаў я. – Трэ пісаць аб тым, што было!" У аснове ж сваёй тое, што было, заўсёды выглядае больш трывала за прыдуманае...

І эвалюцыя такая адбылася са мною тады, калі я адсвяткаваў сваё 50-годдзе. Недзе адразу пасля таго я напісаў твор "Горад Боны і Давыда". Гэта гістарычная, краязнаўчая і крыху этнаграфічная аповесць пра мой родны Давыд-Гарадок. Барыс Пятровіч надрукаваў яе ў часопісе "Дзеяслоў" (№38, 2009 г. /1.09/). У "Горадзе Боны..." мне, пакуль яшчэ не дакументалісту, а проста пісьменніку, хацелася дакладна, нават фатаграфічна адлюстраваць гісторыю свайго мястэчка. Я прагнуў даць грунтоўную карціну тых з'яў і здабыткаў, якія ўласцівыя былі менавіта Давыд-Гарадку. Скажам, вельмі падрабязна – да апошняй меднай жабкі і смалістай ліштвіны – апісаў пабудову лодкі. І тут мне шмат дапамог мой бацька, ён быў сапраўдным умельцам! Ягоныя расказы-ўспаміны я слухаў уважліва... А лодкі ў Давыд-Гарадку рабілі ад сямі да дванаццаці аршынаў, самыя ж хадавыя былі на дзевяць аршынаў. І называліся лодкі адмыслова – дубы! А лодачныя майстры іменаваліся дубовікамі...

На жаль, майстроў тых ужо няма, і лодкі цяпер у нас ніхто не робіць.

Аднак жа, забыўшы на мастацкае пісьмо, я, мусіць жа, выйграў, бо ў маёй аповесці "Горад Боны і Давыда" з'явілася яно, каштоўнае апісанне, паводле якога некалі ў будучым можна будзе змайстраваць давыд-гарадоцкі човен-дуб.

Варта і аб тым сказаць, што давыд-гарадоцкая лодка – праўдзівая мадэль свету; яе вымайстровалі з сямі дошак, і гэта невыпадковая лічба, нібыта сімвал сямі дзён, за якія Бог стварыў усё жывое. І што цікава: майстры завяршалі лодку за тыдзень, усё за тыя ж біблейскія сем дзён!

 

Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу над кнігай "... Натуральны, як лінія небасхілу". Калі і як у Вас з'явілася думка стварыць яе – архіўную аповесць пра Максіма Танка? Якім быў працэс работы? З якімі складанасцямі Вы сутыкаліся?

Зноў жа ўсё адбылося выпадкова. У мяне з'явілася магчымасць часта бываць у Вільні. Я туды ездзіў з такім настроем, з якім ездзяць у добрыя госці. Спачатку вывучаў віленскую архітэктуру, вулічнае жыццё; шукаў і знаходзіў беларускія вобразы, адпачываў у кавярнях, прыслухоўваўся да мовы, якая гучала навокал, падступаў са сваімі пытаннямі да людзей. Потым захацеў прайсці Малой Пагулянкай да Закрэтавай вуліцы, бо па гэтай дарозе аднойчы ў лістападзе 1938-га вяртаўся на сваю выпадковую кватэру Максім Танк...

Свае назіранні я хутка занатоўваў і пад назвай "У Вільні і больш нідзе" друкаваў зноў жа ў часопісе "Дзеяслоў".

Вясной 2010 года пачаўся больш змястоўны этап у вывучэнні роднай віленскай прасторы, бо на вуліцы Скроблю я выпадкова пазнаёміўся з Сігітасам Саладжынскасам. Гэта было шчаслівае знаёмства. Спадар Сігітас – выкладчык нарыснай геаметрыі, гісторык і архівіст. Чалавек інтэлігентны і далікатны. Дык вось, на Скроблю (пры Польшчы гэтая вуліца называлася Букавая) я шукаў дом, у якім у пачатку 1930-х жыў Максім Танк – работнік ЦК камсамола Яўген Скурко, які кіраваў палітычнымі акцыямі і ў розных паветах, напрыклад, у Браслаўскім, інструктаваў камсамольскія арганізацыі...

На жаль, тое беларускае жыллё разбурылі, я пытаўся пра яго ў выпадковых людзей, якіх сустракаў на Скроблю, і Сігітас Саладжынскас, які якраз падышоў да мяне, параіў пашукаць сляды зніклага дома ў архіве.

Вось тут і пачалося маё вялікае шанцаванне. Сігітас ведаў, што Максім Танк – беларускі паэт, і сам паехаў у архіў літаратуры і мастацтва, і знайшоў там фотаздымкі Максіма Танка, а таксама вельмі цікавы ліст літоўскай паэтэсы Оны Міцютэ. Пісьмо напісана па-польску і адрасавана Максіму Танку як аўтару кнігі "Лісткі календара". Згаданая кніга якраз выйшла ў перакладзе на літоўскую мову, і Она Міцютэ дзякавала аўтару за цікавае чытанне.

Калі мы праз тыдзень сустрэліся зноў, Сігітас Саладжынскас уручыў мне копіі каштоўных дакументаў, і на гэтым не спыніўся. Старэйшы за мяне на дваццаць гадоў, ён па-настаўніцку настроіў мяне на сапраўдны пошук, накіраваў у Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў, у якім (падказаў!) захоўваюцца дакументы, звязаныя з падпольнай дзейнасцю і турэмнай адысеяй Яўгена Скурко.

Вядома ж, я туды паехаў, і ў згаданым архіве пазнаёміўся з гісторыкам Аленай Глагоўскай. Адбылося новае дзіва – Алена Глагоўская якраз гартала крымінальныя справы, заведзеныя польскай уладай на камсамольскага актывіста Яўгена Скурко. Так што пашанцавала мне, можна сказаць, удвая. Новая тэма захапіла мяне, кніга "У Вільні і больш нідзе" пачала ўзбагачацца раздзеламі пра Максіма Танка, пра ягонае звонкае, поўнае прыгод жыццё ў горадзе Гедзіміна. Аднак неўзабаве я зразумеў – гэта павінен быць асобны твор са сваёй асобнай будовай. Мяне падтрымаў Барыс Пятровіч, у выніку і з'явілася кніга – архіўная аповесць "... Натуральны, як лінія небасхілу".

Чым унікальная Ваша кніга? З якога боку дзякуючы ёй чытачы змогуць убачыць Максіма Танка?

Магчыма, адметнасць кнігі ў тым, што, пішучы яе, я амаль нічога не выдумляў, прынамсі, імкнуўся да таго, каб, дазволю сабе такі выраз, па-мастацку не нахлусіць. Я проста чытаў дакументы – скажам, загад кіраўніка Віленскага следчага аддзела падкамісара Пухальскага ад 8 жніўня 1934 года ў павятовы камісарыят дзяржаўнай паліцыі ў Паставах – зрабіць вобыск і ўзяць пад варту Яўгена Скурко; я вывучаў абвінаваўчыя акты, падпісаныя віленскім пракурорам Дамінікам Пятроўскім; чытаў таксама рапарты, якія складаў начальнік віленскай лукішскай турмы Ян Чакала; заключэнні графолагаў Ігнацы-Леана Другаля і Мечыслава Бжэскага; узоры почыркаў лукішскіх вязняў; пратаколы допытаў, хатніх ператрусаў і судовых разбораў; усялякія запіскі, лісты, пастановы, тлумачэнні і "ўзасадненні" (абгрунтаванні); выклікі ў суд і судовыя сентэнцыі; урэшце – заявы паддопытнага арыштанта Яўгена Скурко, накрэсленыя чорным атрамантам на палове зжоўклай старонкі з вучнёўскага сшытка ў клетку, і напісаныя ім дробнымі літарамі турэмныя грыпсы.

Я аналізаваў прачытанае, з гэтага і вырастала мая аповесць; таксама ж яна вырастала і з майго шчырага неразумення – хлопца арыштоўвалі, трымалі ў вязніцы і судзілі за ўдзел у камуністычным руху і за напісанне грыпсаў, але ці варта было класці за гэта сваё маладое жыццё?

Вы пытаеце: якім у маёй аповесці могуць убачыць Максіма Танка мае чытачы?

Спадзяюся, яны ўбачаць яго яркім, запамінальным і мужным.

 

Якім Вы самі ўбачылі Максіма Танка падчас працы над кнігай? Што Вас найбольш уразіла?

Яшчэ  ў школе я прачытаў верш паэта "Смак віна":

Чаркай віна

Адзначаецца дзень нараджэння

І дзень развітання.

Розніцы, пэўна, між імі

Ніякай няма,

Калі не лічыць

Розніцы ў смаку віна.

І зразумеў – гэта мой паэт!

Дзівосны верш "Смак віна" я часта згадваю на сваіх выступленнях як узор паэзіі.

Для мяне, аматара беларускай літаратуры і прыхільніка беларускай прасторы, Максім Танк – той пясняр, які цікавы і сваёй творчасцю, і сваім жыццём. Працуючы ў архівах, я ўбачыў нацыянальнага мастака, якому пытанне аб дружбе з Апалонам сапраўды задавалі не літаратурныя крытыкі, а паліцэйскія чыноўнікі.

З маладосці прывабная рыса была ўласціва нашаму вялікаму паэту – ён не прыхарошваў сябе!

 

На Вашу думку, ці ёсць у беларускай літаратуры перыяды, аўтары, якія даследаваны дастаткова для глыбокага разумення чатачом? І якія даследаваны менш за ўсіх? Якія з іх Вас найбольш цікавяць? Ці ёсць у Вас канкрэтныя планы наконт наступнай працы ў дакументальным жанры?

Вы закранулі вельмі маштабную праблему, яна патрабуе і часу, і дадатковага асобнага вывучэння... Наогул жа скажу: у нас даволі шмат цікавых даследчыкаў, якія плённа працуюць. Але спынюся толькі на адным прыкладзе. Скажам, Ірына Багдановіч падрыхтавала том выбраных твораў Казіміра Сваяка. Гэта кніга выйшла ў 2010 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор". Усім раю прачытаць грунтоўны ўступны артыкул спадарыні Ірыны да гэтага тома і зразумець, што такое сумленная і таленавітая даследчыцкая праца! Артыкул бліскучы і проста выдатны. Гэта якраз і ёсць той выпадак, калі дзякуючы пранікнёнай рабоце вучонага у чытачоў і абуджаецца талент менавіта глыбокага разумення творчасці таго ці іншага беларускага аўтара.

Шмат чаго у нас зусім не даследавана ці мала даследавана, таму я лічу: кожны пісьменнік павінен папрацаваць у архіве, каб знайсці блізкую сабе тэму, а галоўнае – адкрыць яшчэ не адкрытае.

Мая тэма: Заходняя Беларусь і яе сталіца Вільня, 1920 – 1930 гг. У Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў польскую дзяржаву, нарадзіліся мае бацькі. Гэта шмат што вызначае ў маіх архіўных пошуках. І вось я далей пішу сваю кнігу "У Вільні і больш нідзе", якую прысвячаю свайму цудоўнаму сябру Сігітасу Саладжынскасу; пішу пра свае новыя знаходкі, у першую чаргу звязаныя з імёнамі вялікіх беларусаў Браніслава Тарашкевіча, Адама Станкевіча, Вацлава Ластоўскага, Клаўдзія Дуж-Душэўскага і, вядома ж, Антона Луцкевіча.

 

Каго з сучасных беларускіх аўтараў, якія працуюць у гэтым складаным жанры, Вы маглі б адзначыць як выдатных дакументалістаў? Ці прадтрымліваеце зносіны з імі?

Назаву гісторыкаў Алену Глагоўскую і Анатоля Сідарэвіча. Дарэчы, я заўсёды раіўся з імі, высвятляючы тую ці іншую архіўную таямніцу. Яны мне вельмі дапамаглі, таму невыпадкова іхнія імёны пазначаны ў аповесці "...Натуральны, як лінія небасхілу". Дарэчы, гэту сваю працу я прысвяціў Алене Глагоўскай. А пра Анатоля Сідарэвіча яшчэ магу сказаць і так: ён – чалавек-інстытут. Не хто іншы, а менавіта ён з вялікай любоўю падрыхтаваў да друку спадчыну Антона Луцкевіча. Гэта подзвіг.


Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org

інтэрв'ю, юбілеі, святы, паэзія, кнігі, прэзентацыі, памяць

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)
20 лютага 2018

Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта
20 лютага 2018

«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Чытаць далей...
«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
19 лютага 2018

«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
Хэдлайнеры кульмінуюць: міжнародныя чытанні Стральцоўскага фэсту (+фота)
19 лютага 2018

Хэдлайнеры кульмінуюць: міжнародныя чытанні Стральцоўскага фэсту (+фота)

Чытаць далей...
386