Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

01 лютага 2018

Ніна Лістота — вучыцца на чужых памылках

Кніга «Каханнi. Дваццаць рэальных гiсторый» выйшла ў дэбютнай серыі «Пункт адліку». Яна стала вынікам працы маладой журналісткі і паэткі ў Школе маладога пісьменніка. Пра рэальнае і выдуманае ў літаратуры, пра асабісты пісьменніцкі досвед Ніна Лістота распавяла ў гутарцы са сваёй калегай, выпускніцай Школы Алінай Длатоўскай.

-- Распавядзі, колькі часу ты шукала матэрыял для кнігі і колькі пісала яе? Бо сабраць такую колькасць гісторый наўрад ці можна хутка…

-- Я даўно цікавілася гісторыямі кахання рэальных людзей. Некалькі аповедаў было напісана раней, дзесьці апублікавана. Але ў асноўным кніга ўсё ж пісалася за год навучання. Першапачаткова я планавала сабраць пяцьдзясят гісторый кахання рэальных людзей. Але, калі распачала працу, пабачыла, што тэксты атрымліваюцца нашмат большыя па памеры, чым я планавала. Таму па аб’ему дваццаць гісторый атрымалася – акурат тое, што трэба..

Часцей за ўсё я пісала на выходных і на па святах. Здаралася, што і на бальнічных – першы дзень пахварэеш, потым робіцца крыху лепш – садзішся і пішаш. А яшчэ спецыяльна брала на працы трохтыднёвы адпачынак у лютым, каб пісаць кнігу. За гэты час была зроблена амаль палова – восем гісторый.

-- Ты адразу ведала гісторыі, пра якія хочаш напісаць? Ці паступова збірала інфармацыю?

-- Асабіста ў мяне дзейнічае такі прынцып: калі я зусім не ведаю, пра што напісаць – атрымліваецца самы цікавы тэкст. Калі я саджуся, таму што трэба (як у выпадку са Школай – дэдлайн), дваццаць хвілін туплю перад адкрытым файлам, а потым пачынаю пісаць, усплывае нешта з глыбінь памяці, падсвядомасці. І атрымліваюцца вельмі цікавыя аповеды.

Паколькі шмат гісторый у кнізе пра маіх знаёмых, часам я проста ўзгадвала іх, седзячы дома. А калі працавала над другой паловай кнігі, то і запытвалася ў кагосьці, чый лёс мяне цікавіў: “Раскажыце, калі ласка, сваю гісторыю кахання”. Яны распавядалі. А Людміла Іванаўна Рублеўская нагадвала мне, што я раблю мастацкі тэкст.

*загадкава ўсміхаецца*

-- Наколькі гладзенька ствараліся тэксты?  

-- Гісторыі, якія былі напісаныя раней, я, безумоўна, перапрацоўвала. З пэўных нататак трэба было зрабіць паўнавартасныя аповеды. Асноўнай праблемай была нястача часу.   

Калі я сядала пісаць апавяданні, гэта прыносіла вялікую асалоду. Я не магла дачакацца: хутчэй бы наступіла раніца – і зноў сесці пісаць. Але калі здараўся пэўны перапынак, сябе даводзілася прымушаць.  Ёсць такая маленечкая бездань паміж гэтымі двума станамі.

-- Цяжка спалучаць у жыцці журналістыку і мастацкі тэкст?

-- Так, я думаю, што гэта цяжка. *смяецца*  Мне даводзілася – і мяне вучылі выкладчыкі Школы маладога пісьменніка – пазбаўляцца нейкіх штампаў, клішэ. У журналісцкіх тэкстах іх ужыванне праходзіць досыць гладка. Гэта нават прынята ў нейкім сэнсе. А ў мастацкім тэксце іншы прынцып – ты мусіш вынаходзіць новае. Падаецца, я магу гэта рабіць, але часам складана пераключацца з адных рэек на іншыя: з нарыхтаваных вобразаў на чыстую свядомасць і фантазію. Крыху гэтыя светы паміж сабой змагаюцца.

-- Чаму менавіта гісторыі кахання?

-- Я не скажу, што ўзяла гэтую тэму таму, што яна топавая. У мяне яшчэ да таго, як  пачала вучыцца ў Школе, было жаданне напісаць цэлую кнігу гісторый кахання рэальных людзей. Але такая задума падавалася нерэальнай з пункту гледжання часу. Я ўдзячная Школе, што займела магчымасць зрабіць такое, скажам так, даследаванне. Асабіста для мяне гэтыя гісторыі – супрацьвага вялікаму аб’ёму рускай класічнай літаратуры, якую я прачытала яшчэ ў сярэдняй школе. Такая класіка стварае стэрэатыпы пра нейкі ідэальны свет, які насамрэч не існуе ў жыцці. І калі такі вобраз замацоўваецца ў галаве – часам гэта перашкаджае ў адносінах з людзьмі.

Мае гісторыі паказваюць каханне такім, якое яно ёсць. Ва ўсякім разе, якім я яго ўбачыла ў канкрэтных “зямных” людзей, якія жывуць побач з намі, ходзяць па тых жа вуліцах, працуюць, вучацца непадалёк. Я думаю, камусьці гэтыя гісторыі дапамогуць пазбавіцца пэўных ілюзій, што каханне – такое ўсё ванільнае. Таму што яно не ванільнае. *смяецца* Ну, ва ўсякім разе, не ўсё.

Часам я была ўражаная, што ў некаторых людзей асабістае жыццё так… цяжка складвалася... Але яны працягвалі ісці насустрач свайму пачуццю, і ў выніку ўсё ў іх атрымлівалася. Мяне натхняюць такія людзі.

Ёсць парачку гісторый, якія паказваюць тое, што не з’яўляецца каханнем, хаця на першы погляд падаецца ім. Калі капнуць глыбей – высвятляецца, што гэта проста… эгаізм.

-- Такое асабістае пытанне. У зборніку ёсць твая гісторыя кахання?

Не. Маёй гісторыі там няма. *смяецца*

-- Якая з гісторый падабаецца табе найбольш?

-- Я б назвала “Веташок, веташок, табе неба”. Гэта гісторыя кахання майго брата – і ўсё дзеянне адбываецца разам з нашай сям’ёй. Менавіта гэты аповед праўдзівы на ўсе сто адсоткаў. Я не дадумвала нічога. Нават той жа веташок, які свеціць цёплай летняй ноччу. Гэтую медытатыўную песню – “Веташок, веташок, табе неба, зоры, а мне шчасця, долі…” – яе спявае мая бабуля. Тое што адбываецца ў гісторыі паміж маім братам і яго – цяпер – жонкай – цалкам праўдзіва. І гэта вельмі добрая, прыгожая гісторыя.

 

-- Гэта гісторыя рэальная на ўсе сто адсоткаў. А колькі прыдуманага ці дадуманага ў іншых апавяданнях?

-- Гісторыі рэальныя. Я магла дадумаць месцы дзеяння – кватэру, парк – нейкія абставіны, то бок мастацкія дэталі.

Аднак тут ёсць і гісторыі публічных асобаў, што могуць быць вядомыя людзям, якія прачытаюць кнігу. Некаторыя гісторыі ведаю не толькі я, але і пэўныя знаёмыя з нашага агульнага кола. У адным аповедзе я дадала бурнае юнацтва, якога насамрэч у героя не было. То бок, я ўвогуле не ведаю, якім было яго юнацтва. Адна дзяўчына мне ў шоку напісала: “Я і не думала, што ў яго такое было… Я ведаю яго гісторыю, але што вось так адбывалася…” І дадала, што лепш бы ёй і не ведаць зусім! Я супакоіла знаёмую, сказаўшы, што гэта ўсё ж такі мастацкі твор, і некаторыя факты я проста дадала. Хачу звярнуцца да чытачоў: калі раптам вы будзеце кагосьці пазнаваць і вас некаторыя моманты здзівяць ці збянтэжаць – лепш удакладніце праўдзівасць эпізоду ў мяне ці ў гэтага чалавека, калі вы яго ведаеце. *смяецца*

Збольшага я ўсе тэксты дасылала героям і яны давалі мне згоду на публікацыю. Асабліва наконт адной гісторыі я перажывала: яна досыць няпростая… можна сказаць, з трэшам. І вобраз героя там пазнавальны, яго ў Мінску ведаюць. Вядома ж, я запытвалася ў героя, ці не супраць ён? Герой даў згоду, сказаў, што абсалютна не пераймаецца наконт свайго мінулага. І тады толькі я выдыхнула і дадала гэты аповед у кнігу.

-- Як ты думаеш, “каханне па-беларуску” чымсьці вылучнае? Ёсць нейкія асаблівасці?

-- Вядома, я б сказала што ёсць! Але не тое, каб я ведала шмат замежных гісторый кахання. Мая праца задумвалася як кніга гісторый кахання з беларускім каларытам. Спачатку былі расповеды такога кшталту: валошкі, беларуская мова ў трамваі і іншае – я рада, што адышла ад такога лабавога падыходу. Для мяне важна, што гісторыі адбываюцца ў месцах, дзе я расла. Напрыклад, людзі распавялі мне сваю гісторыю – і я памясціла герояў у адну з самых рамантычных пабудоў Маладзечна, якое з’яўляецца і іх родным горадам. Ёсць у аповедах такія месцы, што не бачныя, калі заходзіш з параднага ўваходу, але толькі тады, калі пранікаеш кудысьці ў глыбіню. Я вельмі рада, што яны былі ў маім жыцці. Усё гэта ўсплыло ў памяці, і я перадала чытачам такія блізкія мне абставіны, сітуацыі, – спадзяюся, яны будуць ім цікавыя.

-- Ці ёсць у цябе якія-небудзь планы на далейшую творчасць? Мабыць, ідэя наступнай кнігі?

-- Зазвычай я пішу ў пачатку года план на наступны год. І я спрабую – вельмі хачу – запланаваць, калі ж буду пісаць сваю прозу. Іначай – без нейкага плану – у мяне, на жаль, пакуль не атрымліваецца.

-- Ці шмат хто ўжо прачытаў тваю кнігу? Ці ёсць нейкія водгукі? Мо хто ўжо ў “асабістку” піша “крута-крута-крута”?

-- Некалькі сябровак сказалі, што чытаюць проста як цікавую кнігу, а не як кнігу блізкага чалавека. Яшчэ адна дзяўчына напісала, што яна пачала чытаць і што гэта, з аднаго боку, падобна на фэйсбучны допіс, а з іншага боку, там паказана праўда – тое, як думаюць людзі. Многія кажуць, што праз гэтыя гісторыі быццам вучыцца на чужых памылках. Лепшая сяброўка дзяцінства зазначыла, што ў кнізе для яе ўсе знаёмыя людзі, усе знаёмыя месцы. І я вельмі ўсцешаная: па-першае, у нас быў вельмі класны падлеткавы ўзрост, пастаянна адбываліся нейкія прыгоды; а па-другое, гэта значыць, што мне ўдалося перадаць пэўную атмасферу.

-- Што для цябе пісьменніцтва?

-- Пісьменніцтва – гэта магчымасць стварыць свой сусвет. Потым можна памясціць у гэты сусвет іншых людзей – я маю на ўвазе не герояў, а тых, хто прачытае твор. Мне здаецца, што пры правільным падыходзе – не буду сцвярджаць, што ён ужо ёсць у мяне – гэта будзе цікавы, вельмі яскравы і незвычайны свет. Магчымасць таго, што да яго дакрануцца іншыя людзі, для мяне надзвычай каштоўная.

Гутарыла Аліна Длатоўская, для lit-bel.org 

Школа маладога пісьменніка, інтэрв'ю, кнігі, Пункт адліку

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Хэдлайнеры кульмінуюць: міжнародныя чытанні Стральцоўскага фэсту (+фота)
19 лютага 2018

Хэдлайнеры кульмінуюць: міжнародныя чытанні Стральцоўскага фэсту (+фота)

Чытаць далей...
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
382