Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

05 снежня 2017

«Не абы-які камплімент»: намінанты на прэмію Арсенневай – пра кнігі адно аднаго

Ужо заўтра ў мінскім Прэс-клубе будзе ўпершыню ўручаная прэмія імя Наталлі Арсенневай. Нагадаем: у шорт-ліст трапілі Віктар Жыбуль, Ганна Комар, Наста Кудасава, Уладзімір Някляеў, Сяргей Прылуцкі, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева. Удзел у апытанцы ўзялі ўсе, акром Віктара Жыбуля і Міхася Скоблы.

А яшчэ так атрымалася, што пра «Цырк» Юлі Цімафеевай – ні слова… Каб не ставіць аўтараў у «няёмкае становішча» (і дадаць інтрыгі, што тут хаваць), выказванні даем без подпісаў.

Пра кнігу “Дзяцел і дупло” Віктара Жыбуля:

“Віктар Жыбуль неверагодны, як заўжды. У мяне ад яго тэкстаў экзістэнцыйная роспач падступае да горла”.

“Мне сёлета спадабаліся кнігі Віктара Жыбуля і Уладзіміра Някляева. Ніяк не менш спадабаліся й кнігі Насты Кудасавай і Сяргея Прылуцкага, хоць тут я магу быць неаб’ектыўным – усё-ткі быў іх рэдактарам… Шчыра спачуваю журы. Бо, калі ты разбіраешся ў паэзіі, нельга не даць прэміі Жыбулю. І Кудасавай не даць узнагароды нельга. А паспрабуй не дай яе Уладзіміру Пракопавічу з яго бясспрэчнымі заслугамі перад нашай шматпакутнай літаратурай! Кожны з траіх гэтай прэміі заслугоўвае, і яго перамога будзе справядлівай. Разам з тым, параза іншых дваіх, як на мяне, будзе несправядлівай. А значыць, хто б ні перамог, несправядлівасці выйдзе ўдвая болей”.

“Аўтар, як маньяк-натурал, не ставіць перад сабой высокіх мэтаў. Гэтую кніжку добра чытаць, курнуўшы травы і забыўшы пра ўсе маральныя законы ўключна з законамі Ньютона і Хамурапі. Тут яны не працуюць”.

Пра кнігу “Страх вышыні” Ганны Комар:

“Назва дэбютнай кнігі Ганны Комар абраная досыць удала. Строгая храналагічная паслядоўнасць ейных вершаў у зборніку ўяўляецца дарогай, па якой маладая жанчына самотна падымаецца ад падножжа паэзіі ўгару. І няхай нас не ўводзіць у зман прысвячэнне “Сябрам”. Звяртаючыся да адсутных побач блізкіх <аўтараў і аўтарак>, пераадольваючы свой страх адзіноты і вышыні, яна робіцца смялейшай, сталейшай і больш шчырай з самой сабой. Слова “шчыры” – досыць зацяганае і дэвальваванае ў беларускай крытыцы, але ў той жа час менавіта “шчырасці” ў нашай паэзіі якраз і не хапае. А без яе знайсці ўласную паэтычную дарогу немагчыма. У гэтых вершах мы чуем і нервовасць Цвятаевай, і спавядальнасць ды фізіялагічнасць Эн Сэкстан, і брутальную меланхалічнасць Чарлза Букоўскі, але найперш мы чуем адважны голас паэткі Ганны Комар”.

“Ганна Комар таленавітая і шчырая ў вершах. Яе кніга стала для мяне прыемным адкрыццём. Можа, там і не ўсё роўна ды гладка, але тым яна і жывая – шурпатасцямі, зрывамі. Цікава будзе пачытаць яе наступную кнігу, каб паглядзець, ува што гэта ўсё вырасце. (Шкада, што Арцёмаў не трапіў у гэты спіс, у яго таксама моцная дэбютная кніга была)”.

“Калі Ганна ідзе да чытача, то бярэ з сабой бізун. Б’е моцна і з любоўю. Забыць такое цяжка, як першае каханне”.

Пра кнігу “Маё невымаўля” Насты Кудасавай:

“Гляджу на шорт-ліст прэміі Арсенневай – і разумею, што добрых кніг паэзіі сёлета выйшла даволі шмат. Усе прэтэндэнты на прэмію мне сімпатычныя. (І нават не ўсе сімпатычныя мне аўтары ў гэты шорт-ліст увайшлі. Так, найвыразней бракуе кніг Макса Шчура і Міхала Бараноўскага. Але хай гэта застанецца на сумленні вельмішаноўнага журы, восем фіналістаў тут ні пры чым.) Але кніга Насты ўразіла не аднаго мяне: найлепшая паэтычная кніга году паводле апытання «Свабоды» плюс пэнаўская ўзнагарода «Кніга году». Так што ўсякі суб’ектыўны фактар выключаем. На «Кнізе году» я сам галасаваў за Кудасаву. Падазраю, што журы прэміі Арсенневай прагаласуе за Някляева”.

“Пасля гэтай кнігі хочацца легчы на траву з пляшкай алкаголя і нічога не рабіць. І назіраць за страшнаротымі птушкамі і сьветлавокімі чарвячкамі, якія толькі што дзяўбліся і капашыліся ў тваім сэрцы“.

“Кнігу Насты Кудасавай я люблю за прыдумкі. За тое, што вершы ейныя такія блізкія да малюнкаў. За дэталі. І багацце мовы, якім Наста залатвае прабоіны ў тонкай матэрыі, з якой яна створаная”.

“Калі коратка, дык калі б я быў журы, дык прэміяй Арсенневай я б адзначыў кнігу Кудасавай”.

Пра кнігу “Толькі вершы” Уладзіміра Някляева:

“Някляеў гэта Някляеў. Напэўна, трэба і да класікаў умець ставіцца крытычна, але я яго вельмі шаную і лічу галоўным прэтэндэнтам на прэмію. “Толькі вершы” – крутая назва для кнігі паэзіі, шкада, што не я яе прыдумала”.

“Ёсць тут цудоўныя вершы-нажы і вершы-птушкі. У кнізе аўтар разглядае чытача з вялікай паэтычнай веранды, паказваючы ўсё, што мае. Але спачатку варта было б перабраць рэчы – частку спаліць, частку аддаць у музей. А, і яшчэ – згадка Паўла Каэлья ў прадмове лягае на сэрца цяжкім грузам”.

Пра кнігу "Камізэлька для месяца" Міхася Скоблы:

“Скобла адзін з галоўных сучасных паэтаў, глыбокі і сапраўдны. Дзіўна, што пра яго мала пішуць і мала кажуць. Напэўна, таму што цяпер нямодна так пісаць, як ён піша”.

“Аўтар спрабуе ажывіць традыцыю. Але, за рэдкім выключэннем прыўкрасных вобразаў, яна ляжыць у вершах і не варушыцца. Думаю, праблема ў тым, што патрэбныя больш радыкальныя меры. Без сантыментаў і пафасу”.

Пра кнігу "Цягнік Чыкага-Токіё"  Андрэя Хадановіча:

Когда так много позади всего, сядай у цягнік Чыкага-Токіё і не спыняйся, пакуль не пражывеш разам з Андрэем Хадановічам усе ягоныя прыгоды. А тады набудзь гадзіну Парыжскага сну ці квіток у адзін бок туды, куды падкажа выпадкова адкрытая старонка. Падарожжы вядуць нас да нас сапраўдных, як і кнігі пра падарожжы”.

“Калі б я быў простым хлопцам-жыгала, меў тачку і не любіў вершы, яго кніга мяне б зацікавіла. Калі падумаць, гэта не абы-які камплімент“.

Рыхтавала Наста Грышчук, lit-bel.org

Прэмія Арсенневай, паэзія, святы

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)
20 лютага 2018

Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)

Чытаць далей...
Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)
20 лютага 2018

Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта
20 лютага 2018

«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Чытаць далей...
«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
19 лютага 2018

«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
538