Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

31 кастрычніка 2017

Незалежны, трохмерны, каханы: сем выказванняў пра «Дзеяслоў»

Юбіляры атрымліваюць віншаванні. Іх, у сваю чаргу, друкуюць газеты і часопісы. Час мяняцца ролямі: «Дзеяслоў» – пятнаццаць.

З гэтай нагоды слова пра часопіс – адзіны незалежны ў Беларусі, непадуладны цэнзуры – прамаўляюць беларускія пісьменнікі.

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Андрэй Хадановіч:

Прадказальныя словы, што “Дзеяслоў” – найлепшы беларускі незалежны літаратурны часопіс, былі б не зусім праўдай. Гэта азначала б, што ў сённяшняй Беларусі існуе купа незалежных выданняў, усе яны канкуруюць міжсобку, і “Дзеяслоў” годна перамагае ў гэтай канкурэнцыі. Але гэта не так, бо “Дзеяслоў” ад моманту заснавання і дасёння – фактычна адзіны “тоўсты”, як кажуць у нашых суседзяў, непадцэнзурны літаратурны часопіс. Які выходзіць з зайздроснай рэгулярнасцю і публікуе ладную частку ўсяго “харошага і рознага”, што ў нашай літаратуры існуе. Ён выконвае ролю, якой у больш шчаслівай культурнай сітуацыі хапіла б адразу на некалькі выданняў. Скажам, адзін такі “Дзеяслоў” друкаваў Барадуліна, Бураўкіна і іншых на той момант жывых класікаў, якія цяпер – проста класікі. Зусім іншы “Дзеяслоў” друкаваў і друкуе дэбютантаў, некаторыя з якіх хутка робяцца (ужо зрабіліся!) класнымі аўтарамі. Ёсць “Дзеяслоў” для замшэлых кансерватараў і хуліганаў-правакатараў, “метафізікаў” і “кавалераў”, інтэлектуалаў, эстраднікаў і інтэлектуалаў-эстраднікаў. Мой улюбёны “Дзеяслоў” дае трыбуну перакладчыкам. Да кожнага з гэтых “Дзеясловаў” я маю пэўныя прэтэнзіі, але гэта прэтэнзіі “свайго” аўтара да “свайго” часопіса.

Людміла Рублеўская:

Памятаю “Дзеяслоў” яшчэ з задумы, калі Барыс Пятровіч падчас сумеснай нашай працы ў “ЛіМе” марыў пра такое выданне. І назва ў яго была… Так здарылася, што ў канцы 1990-х мне прапанавалі рабіць на радыё “Культура” праект, прысвечаны беларускай мове. І тады Барыс Пятровіч пазычыў назву – “Дзеяслоў”. Цягам года перадача выходзіла. Пасля, калі Барысу ўдалося здзейсніць мару і сваю, і многіх літаратараў і з’явіўся часопіс – унікальны, самавіты, незалежны, назва вярнулася законнаму ўладальніку.

Валер Гапееў:

Дзея слоў. Раптоўна назва часціны мовы ператварылася ў сакральна-містычнае. Маё цвёрдае перакананне: лепшай назвы для часопіса і быць не можа. Такой усёабдымнай і такой канкрэтнай. Адна назва часопіса прымусіла мяне зірнуць зусім па-іншаму на сваю пачатковую творчасць. Я зразумеў, што менавіта словы павінныя ствараць дзею. І толькі тады гэтыя словы – літаратура. “Дзеяслоў” не стаў элітарным часопісам, якой была ў апошнія свае гады “Крыніца”. Аўтара тут не сустрэне экспертная камісія са сваім выракам. Кожны мае шанец. Часопіс (адзіны на сёння) адлюстроўвае той самы літаратурны працэс. Здзіўляючы, радуючы, шакуючы імёнамі, жанрамі, тэмамі і, канечне, узроўнем. У гэтым – сапраўднасць. Як сапраўдны лес, дзе ў кожнага дрэўца – свая роля. Нішто не дарэмна ў “Дзеяслове” – бо ў ім найперш тое, дзе словы дзеюць. Жыві, “Дзеяслоў”, жыві, дзея слоў, жыві, беларуская літаратура…

Марыя Роўда:

Цяжка абвергнуць: “Дзеяслоў” падарыў чытачам выдатныя творы. Мне падабаецца, што часопіс можна чытаць у электронным варыянце. Гэта важна для тых, хто не можа ці не хоча купляць папяровыя асобнікі. І потым, легальная дармовая літаратура ў інтэрнэце – гэта так узвышае!..

Аляксей Арцёмаў:

Вось прыклад гарманічнага і разнастайнага часопіса. У “Дзеяслове” можна прачытаць не толькі творы жывых класікаў і прадстаўнікоў умоўнага “пакалення саракагадовых”, але і тэксты дэбютантаў. Да таго ж рэдакцыя не забывае пра эсэ, агляды новых кніг, пераклады – гэтыя тэксты таксама павінныя публікавацца, без іх літаратурны працэс немагчымы. Хочацца, каб такая разнастайнасць захоўвалася надалей.

 

Макс Шчур:

“Дзеяслоў” – папросту неабходнае выданне для таго, хто мае, мякка кажучы, абмежаваны доступ на беларускі кніжны рынак, прычым як у якасці чытача, так і аўтара. Натуральна, я маю на ўвазе сябе. Не тое каб “Дзеяслоў” мог замяніць сабою ўвесь сучасны белліт, але ён трохмернае і некрывое люстэрка ўсяго, што адбываецца ў нашым прыгожым пісьменстве (за выняткам, бадай, графаманіі). Як на мяне, фармат часопіса ідэальны для кароткай прозы, а гэта акурат той жанр, які мне падабаецца найболей. Як чалец рэдкалегіі віртуальнага часопіса “ЛітРАЖ” мару пра тое, каб аднойчы наш часопіс зраўняўся з “Дзеясловам” у аб’ёме, адкрытасці ўсім узроставым катэгорыям і паўнаце адлюстравання літпрацэсу.

Валянціна Аксак:

Дзеяслоў – так завуць майго каханага.

Яго я не шукала.

Ён узнік неяк  сам сабою, нечакана, амаль раптоўна.

І застаўся. З першае ночы.

Удзень мы з ім амаль ніколі не сустракаемся. У кожнага свае клапатлівыя дзеі, некаму іншаму прагавораныя словы. А ночы аддаём адно аднаму без астатку.

Я гладжу кожную ягоную літарку, кожную рысачку, прытуляюся да кожнае старонкі. Абдымаю ўсяго і не ўяўляю, як я некалі жыла без яго, у тую дадзеясловаўскую эпоху.

Ён моўчкі нашэптвае мудрыя думкі, наталяе душу прыгожымі словамі, улагоджвае дзённы раздрай гармоніяй вобразаў, заспакойвае сон светлай надзеяй на новыя шчасныя ночы.

Мы ніколі не спрачаемся, бо ведаем залатое правіла кахання – прымаць свайго абранніка такім, якім ён ёсць ад нараджэння, не хацець перайначыць яго. Толькі дарыць адзін аднаму ўсяго сябе, не патрабуючы нічога наўзамен.

Аднойчы мой каханы падарыў мне “Залаты апостраф”. А зусім нядаўна – “Дзікую сліву”. Дзякуй табе, мой дарагі! У мяне ж для цябе – толькі жменька новых словаў. Можа быць, ты з імі яшчэ што-небудзь здзеіш…

 

Падрыхтавала Наста Грышчук, BUDZMA.BY

Дзеяслоў, юбілеі, святы, імпрэзы

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
296