Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

22 снежня 2017

«Ноч цмока»: топ-5 містычных кніг па-беларуску

Ноч — час загадкавы і таямнічы. Яна адначасова пужае і прыцягвае. Раз на год, у дзень зімовага сонцастаяння, з 21 на 22 снежня здараецца самая доўгая ноч. Мы сабралі для вас пяць містычных кніг, якія створаць найлепшую атмасферу на гэты час.

Говард Лаўкрафт «Кліч Ктулху»

«Прыкра, што большая частка чалавецтва занадта абмежаваная ў сваёй здольнасці бачыць схаванае, каб цярпліва і ўдумліва ўзважыць паасобныя з’явы, якія выходзяць за межы банальнага досведу».

Пачынаць топ варта з класікі: пісьменніка, які значна паўплываў на фарміраванне сучаснай літаратуры жахаў (напрыклад, «кароль жахаў» нашага часу Стывен Кінг прызнае вялікі ўплыў Лаўкрафта на яго творчасць). Цікава, што пры жыцці Лаўкрафт не надрукаваў ніводнай кнігі, але сёння ён — кумір многіх чытачоў па ўсім свеце.

Дайшла творчасць пісьменніка і да беларускага чытача ў выглядзе кнігі «Кліч Ктулху». Зборнік складаецца з апавяданняў, напісаных у розныя часы, але ўласна пра Ктулху ў кнізе ўсяго адно апавяданне. Жахі Лаўкрафта псіхалагічныя і ірацыянальныя. У творах можа не адбывацца нічога асаблівага, але чытача не пакідае прадчуванне чагосьці страшнага. Асаблівы эфект ствараецца сінтаксічнымі канструкцыямі, якія выкарыстоўвае Лаўкрафт. Гэта нагрувашчванне вобразаў, апісанняў, высокая дэталізацыя. Адсутнасць дыялогаў і аповед ад першай асобы дадаюць творам нейкую дакументальнасць. Пачынае здавацца, што ўсё гэта сапраўды калісьці недзе адбывалася.

Лаўкрафта не трэба разумець — яго трэба адчуваць. Ён выбівае глебу з-пад ног. Папярэджваем, калі возьмецеся чытаць ноччу, пасля будзеце ўздрыгваць ад кожнага шораху.

Уладзімір Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха»

 

«У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха. Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага. Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне».

Ёсць і ў беларускай літаратуры класік, некаторыя творы якога могуць выклікаць жах, калі чытаць іх у адпаведным настроі. Думаецца, «Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта той літаратурны твор, які варта прачытаць кожнаму беларусу. Ад гісторыі, якую нам расказвае 96-гадовы навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі, па целе бягуць дрыжыкі. У маладосці ён збіўся са шляху, заблукаў у глухой балоцістай мясцовасці і трапіў у родавы маёнтак «Балотныя Яліны». Там пазнаёміўся з гаспадыняй замка Надзеяй Яноўскай. Беларэцкаму давядзецца дапамагчы дзяўчыне зразумець, што гэта за дзікае паляванне караля Стаха, якое не дае спакою людзям, і што за прывіды блукаюць па калідорах замка ноччу.

Выдатнае спалучэнне дэтэктыва, містыкі і рамантычнай гісторыі. Чытаць выключна з ліхтарыкам пад коўдрай.

Валер Гапееў «Ноч цмока»

Яшчэ адна містычна-дэтэктыўная гісторыя (з элементамі эротыкі), але падзеі адбываюцца ў наш час. Кніга, якая дакладна не дасць вам расслабіцца, а сёлета яна нават трапіла ў шорт-ліст Прэміі Гедройца.

Пасярод поля знаходзяць мёртвую голую дзяўчыну. Слядоў вакол няма, нават не вельмі зразумела, як яна на тое поле трапіла, ды яшчэ і голая (і пасля родаў). Сродак забойства таксама застаецца таямніцай, бачна толькі маленькая дзірка на целе дзяўчыны. Следчы Васіль павінен раскруціць гэты клубок, хоць яшчэ не ведае, што разгадка можа каштаваць яму жыцця.

Ёсць у кнізе роздум над лёсам беларускай нацыі, якая ніяк не можа займець вартага лідара, таму вымушана штучна яго вырошчваць (але тут без спойлераў, чытайце далей самі).

Гэта такі твор, па якім амерыканцы лёгка б знялі атмасферны серыял (накшталт «True detective»). Дэтэктыў, эротыка, каханне, містыка, беларуская міфалогія — у суме атрымаўся добры ўзор сучаснай літаратуры.

Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

«Мне здаецца, дзядзечка, што такія фантазіі ствараюцца людзьмі ад смутку і заўсёдных пакутаў».

Яшчэ адзін класік беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі таксама не супраць таго, каб трошкі папужаць сваіх чытачоў. На поўначы Беларусі ля возера Нешчарда жыве шляхціц Завальня, вялікі аматар усялякіх гісторый. Кожную ноч ён запальвае свечку і ставіць яе на акно, каб падарожнікі ішлі на святло і не заблукалі ў цемры. Янка, пляменнік Завальні, скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію і прыехаў пагасціць да дзядзькі. Гісторыі Янкі і выпадковых падарожнікаў, якія завіталі да Завальні схавацца ад непагадзі, і сталі асновай кнігі.

Аўтар вельмі захапляльна перастварае гісторыі жыхароў паўночнай Беларусі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Кніга поўная духаў, чараўнікоў, незвычайных істот і містычных здарэнняў. Баршчэўскі натхняўся беларускім фальклорам, таму твор стаў сапраўднай энцыклапедыяй народнага жыцця, даведнікам па культуры і традыцыях беларусаў.

Уладзімір Арлоў «Танцы над горадам»

«Вечнасць роўная чалавечаму жыццю».

Ці сутыкаліся вы калі-небудзь з лунацікамі? Героі кнігі «Танцы над горадам» — самнамбулы, якія вядуць, так бы мовіць, «двайное» жыццё. Днём яны звычайныя людзі: ходзяць на працу, сустракаюцца з сябрамі. А па начах уздымаюцца па лесвіцах на дахі і танчаць, пражываюць такое жыццё, на якое наўрад ці наважыліся б днём.

Гэта не новы кірунак у творчасці Арлова, ён і раней пісаў падобныя творы, таму сюрпрызаў для аматараў яго літаратуры не будзе. Хаця прыхільнікаў Арлова-гісторыка аповесці Арлова-метафізіка могуць здзівіць.

Творы ў зборніку поўныя містыкі і незвычайных здарэнняў. Увогуле, усе тры аповесці звязаныя паміж сабой, таму іх варта чытаць запар, прычым у той паслядоўнасці, у якой яны размешчаныя ў кнізе. Кніга невялікая па аб’ёме, якраз на самую доўгую ноч.

Фота на застаўцы media.claustrophobia.com.

Наста Карнацкая, фота аўтара, Наша Ніна

кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)
20 красавіка 2018

«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)
20 красавіка 2018

«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)

Чытаць далей...
Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»
20 красавіка 2018

Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»

Чытаць далей...
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным
18 красавіка 2018

Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

Чытаць далей...
496