Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

25 жніўня 2017

Па-беларуску выходзіць раман Габрыеля Гарсія Маркеса

«Каханне падчас халеры» выдадуць у «нобелеўскай серыі» . «Дазволу на выданне кнігі па-беларуску мы чакалі шэсць месяцаў. Менавіта столькі цягнуліся перамовы з праваўладальнікамі літаратурнай спадчыны Маркеса, – кажа ініцыятар выдання Сяргей Макарэвіч. – І ўжо сёлета раман пабачыць свет».

Нягледзячы на тое, што гэта адзін з самых папулярных пісьменнікаў-набеліянтаў у свеце, па-беларуску творы Маркеса асобнай кнігай выйдуць упершыню. Каб рэалізаваць такі праект, на сайце ulej.by запусцілі краўдфандынгавую кампанію.

Кніга “Каханне падчас халеры” выйшла ў 1985 годзе. Гэта першы раман, які з’явіўся пасля атрымання аўтарам Нобелеўскай прэміі. Ён замацаваў вядомасць Маркеса як найбольш яскравага прадстаўніка літаратурнага накірунку “магічны рэалізм”.

“Каханне падчас халеры” стане другой кнігай у серыі “Noblesse oblige” (творы нобелеўскіх лаўрэатаў у беларускіх перакладах). Раней пабачыў свет “Голад” нарвежца Кнута Гамсуна.

“Калі адметных кніжак беларускіх пісьменнікаў выходзіць недастаткова, значыцца трэба выдаваць пераклады сусветна вядомых твораў, – кажа Сяргей Макарэвіч. – Толькі высокімі ўзорамі замежнай прозы мы можам гадаваць сваіх аўтараў і фарміраваць густы чытачоў”.

Пераклаў раман на беларускую Карлас Шэрман. Пасля яго смерці ў 2005 годзе пераклад у Беларусь перадала яго ўдава Тамара (Шэрман апошнія гады лячыўся і жыў у Нарвегіі, дзе і памёр). З таго часу раман чакаў выдання асобнай кнігай.

“Карлас Шэрман нарадзіўся ва Уругваі, куды яго бацька паехаў з Заходняй Беларусі на заробкі яшчэ да вайны. І іспанская мова для Карласа стала матчынай. А маладым чалавекам у 1956 ён пераехаў у Беларусь. Тут пачаў перакладаць з беларускай на іспанскую і наадварот. А ў канцы 1970-х разам з Валянцінам Тарасам вырашыў перакласці “Восень патрыярха” Маркеса на беларускую мову. Партфункцыянеры не адобрылі такую ідэю. Таму Шэрман і Тарас пераклалі яго на рускую. І апублікавалі на старонках беларускага часопіса “Нёман”, а затым ужо і асобнай кнігай у Маскве, – кажа Макарэвіч. – А што да беларускага перакладу “Кахання падчас халеры” – ён цудоўны. Цяпер, калі праглядаў карэктуру кнігі, вырашыў паралельна зірнуць і расійскамоўны варыянт. У некаторых месцах разыходжанні істотныя. Беларускі пераклад лепшы”.

“Noblesse oblige” – сумесны праект дабрачыннага фонду “Вяртанне” і выдавецтва “Янушкевіч”.

 

Габрыель Гарсія Маркес (1927 – 2014) нарадзіўся ў Калумбіі, але большую частку жыцця правёў у Мексіцы. Нобелеўскі лаўрэат 1982 года. Аўтар кніг “Да палкоўніка ніхто не піша”, “Восень патрыярха”, “Сто гадоў самоты” і іншых. Шэраг яго кніг экранізаваны, у тым ліку “Каханне падчас халеры”.

Паводле прэс-рэлізу 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

пераклады, кнігі, замежжа, збор сродкаў, Нобель, Нобель у літаратуры

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
299