Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

23 лістапада 2017

«Пад вольным небам» Тумаса Транстромера ў Гомелі

«Пад вольным небам» Тумаса Транстромера ў Гомелі

22 лістапада беларускі пераклад вершаў шведскага паэта-набеліста Тумаса Транстромера «Пад вольным небам» быў прэзентаваны ў Гомелі. Маштабны праект, што сёлета ажыццявіў Саюз беларускіх пісьменнікаў сумесна з Амбасадай Швецыі ў Беларусі, паспяхова крочыць па краіне. Раней адбыліся сустрэчы з чытачамі ў Мінску і Віцебску, учора міжнародная кампанія ўдзельнікаў дабралася і да горада на Сожы.

Варта адзначыць, што не часта дэлегацыі на прэзентацыях кніг бываюць настолькі прадстаўнічымі – у Гомельскім педагагічным каледжы імя Выгоцкага і ў Гомельскай абласной бібліятэцы з чытачамі сустрэліся Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Юханесан, намеснік пасла Магнус Сэтэберг, памочнік пасла Алеся Літвіноўская – са шведскага боку, Беларусь жа прадстаўлялі старшыня ГА “СБП” Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Усевалад Сцебурака, перакладчык Лявон Баршчэўскі, бард Сяргей Башлыкевіч.

Спадарыня Крысціна Юханесан, якая ўсяго толькі каля трох месяцаў выконвае абавязкі ў нашае краіне, прыемна здзівіла аўдыторыю, адкрыўшы вечарыну кароткім вітальным словам на прыгожай беларускай мове. Барыс Пятровіч распавёў пра плённую перакладчыцкую дзейнасць Саюза ў галіне шведскай літаратуры для дзяцей і з годнасцю адзначыў, што кнігай “Пад вольным небам” нашыя перакладчыкі адкрываюць беларускаму чытачу і “дарослую” літаратуру Швецыі. Таксама старшыня перадаў у фонды Бібліятэкі і каледжа кнігі і часопісы, выдадзеныя нашай арганізацыяй у апошнія гады.

Падчас імпрэзаў гучалі вершы па-шведску і па-беларуску, арганізатары распавядалі аб працы над праектам, гледачы ўдзельнічалі ў забаўляльнай віктарыне ды атрымлівалі асалоду ад маленькага канцэрту напрыканцы – у выкананні Сяргея Башлыкевіча.  

Публіка не толькі пазнаёмілася з глыбокай творчасцю славутага шведскага пісьменніка, але і дазналася больш пра такую далёкую для бальшыні беларусаў краіну, як Швецыя, з якой, між іншым, нашая пісьменніцкая арганізацыя мае даўнія і шчыльныя кантакты і ажыццявіла шмат культурніцкіх праектаў.

У планах праекта наведаць і іншыя гарады краіны. На чарзе Магілёў, дзе сустрэча мае прайсці 29 лістапада. Час і месца будуць удакладненыя – сачыце за анонсам!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

паэзія, пераклады, прэзентацыі, рэгіёны, замежжа, Нобель, Нобель у літаратуры, Тумас Транстромер, Гомель

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
316