Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

04 траўня 2017

«Палякам пашанцавала — іх перакладаюць больш за астатніх…»

«Палякам пашанцавала — іх перакладаюць больш за астатніх…»

Алесь Емяльянаў-Шыловіч — з кагорты маладых беларускіх паэтаў і перакладчыкаў, які праяўляе асаблівую ўвагу да перастварэння польскай паэзіі.

Аглядаючы зробленае ім, неспадзявана ўспамінаеш перакладчыцкую цікавасць да паэзіі суседзяў з боку такіх майстроў мастацкага слова, як Максім Танк, Алег Лойка. Нядаўна Алесь падрыхтаваў і выдаў беларускую кнігу паэткі пачатку другой паловы XX стагоддзя Галіны Пасвятоўскай «Ідалапаклонніца». Гэта і падштурхнула да размовы з перакладчыкам.

— Галіна Пасвятоўска — яркая польская паэтка другой паловы дваццатага стагоддзя. Але за смугою часін такія зоркі часам губляюцца. Як вы здолелі разгледзець такі паэтычны Космас?

— З вершамі Галіны Пасвятоўскай я пазнаёміўся дзякуючы польскаму сайту wywrota.pl, дзе абсалютна выпадкова натрапіў на незнаёмае прозвішча. Спачатку палез у Вікіпедыю шукаць якіх звестак пра невядомую аўтарку. Даведаўшыся пра яе трагічны лёс, пачаў вывучаць творчасць паэткі. Глыбока інтымныя, шчырыя верлібры польскай Сапфо, як яе называлі, уразілі, і захацелася нешта перакласці. Спачатку з’явілася невялічкая падборка, неўзабаве надрукаваная. Потым патэлефанаваў выдавец, прапанаваў выдаць зборнік. І пайшло-паехала.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч

— «Гімн ідалапаклонніцы» — першая кніга Пасвятоўскай. У чым, у якім выяўленні ўсё ж яна з’яўляецца ідалапаклонніцай? Ці такое самавызначэнне — усяго толькі мастацкая правакацыя?

 — «Гімн ідалапаклонніцы» (дакладней было б сказаць «Ідалапаклонніцкі гімн», але пры такім перакладзе губляецца асоба жанчыны, паэткі, паганскай жрыцы) — верш Пасвятоўскай, якога няма ў аднайменным зборніку, але ён быў расшуканы пасля смерці паэткі ў яе архіве. Магчыма, сама аўтарка ці рэдактар палічылі яго нясталым і выкасавалі з кніжкі. У «Ідалапаклонніцу» я яго ўключыў, бо лічу, што ён адметны, а вобраз язычніцы, ідалапаклонніцы магістральны ў творчасці паэткі. Гэта код да яе разумення, асэнсавання. Рэч у тым, што ў вершах аўтаркі прысутнічае тэма пакланення каханню, каханаму, яно па сутнасці сваёй язычніцкае, ахвярнае і жарснае, гэта яе прырода, таму не сказаў бы, што гэта мастацкая правакацыя.

— Асабліва прыцягваюць вершы Галіны Пасвятоўскай, прысвечаныя каханню. Ды і ўвогуле, лічы, уся яе паэзія — гэта праніклівыя творы, што вылучаюць чалавека ў каханні, у любові, сумненнях, звязаных з гэтымі з’явамі... Вам імпануе яе асэнсаванне кахання?

 — Мне вельмі блізкія пачуцці паэткі. Я адчуваю і разумею іх, нягледзячы на тое, што я мужчына, а яна — жанчына.

— Ці згодны вы з тым, што паэтычнае майстэрства Галіны Пасвятоўскай у многім заснавана на яе добрым веданні сусветнай паэзіі — еўрапейскай, амерыканскай, нават кітайскай?

— У дзяцінстве Галіна чытала вельмі шмат. Баючыся за яе здароўе, маці адбірала ў яе кніжкі, але дачка хавала іх пад падушку і чытала ўпотайкі па начах. Натуральна, што яна ведала розную паэзію, айчынную і замежную, сучасную і класічную. Падчас жыцця ў Амерыцы яна асабіста ведала многіх тамтэйшых аўтараў, перакладала на польскую іх вершы, вывучала традыцыю. Але яна заўжды заставалася сабой, непаўторнай, самабытнай, адмысловай. Якраз у другой палове ХХ стагоддзя ў польскай паэзіі адбыўся масавы пераход да верлібра, а ў 1960-х амаль усе польскія паэты пісалі вольным вершам. І ў творчасці Пасвятоўскай ён таксама стаўся асноўным. Хаця ў яе сустракаюцца і рыфмы, але гэта хутчэй выключэнне. Паэтка ўвабрала досвед сваіх папярэднікаў і стварыла ўласны, унікальны стыль, непадобны ні да кога.

— Калі гаварыць пра блізкасць польскай паэткі да сваіх нацыянальных, польскіх прыярытэтаў, то ўпоравень з кім з палякаў яе можна паставіць?

 — Вельмі цяжка параўноўваць паэтаў, паэтак, бо кожны з іх унікальны і непаўторны, але калі казаць пра постаці, з якімі ў мяне атаясамліваецца Галіна Пасвятоўска, дык першай назваў бы яе сяброўку — Віславу Шымборскую. Дарэчы, пасля таго, як яны пазнаёміліся праз лекара Юльяна Александровіча, Галіна неўзабаве пачала пісаць. Другая асоба, з якой перагукаецца творчасць нашай гераіні, безумоўна, — Ганна Свіршчыньска, паэтка, невядомая беларускаму чытачу. Хаця на першы погляд іх біяграфіі непадобныя, але творчасць і адной і другой я назваў бы высакаякаснай паэзіяй жанчын.

Галіна Пасвятоўска

— Здаецца, раней Пасвятоўскую — мо недзе ў тыя самыя 1960-я гады — перакладаў Максім Танк. Ці былі іншыя пераклады на беларускую мову?

 — Так, сапраўды, у альманаху «Дзень паэзіі» за 1965 год быў змешчаны верш Пасвятоўскай «Moja twarz coraz bardziej…» у перакладзе Максіма Танка. Акрамя яго вершы Галіны Пасвятоўскай перакладаў Алег Лойка, яны былі ім надрукаваныя ў аўтарскай анталогіі польскай паэзіі ХХ стагоддзя «Ад Буга да Варты». На сайце Літаратура.орг змешчаныя пераклады Наталлі Русецкай і Хрысціны Граматовіч. Іншыя мне невядомыя.

— Беларускі зборнік «Ідалапаклонніца» — гэта ж не ўся творчая спадчына Пасвятоўскай. Ці працягнеце вы яшчэ звяртацца да творчасці гэтай паэткі?

— Поўны збор вершаў Галіны Пасвятоўскай налічвае звыш шасцісот старонак, г. зн. больш за паўтысячы вершаў. Пераклаўшы 80 з іх, лічу, што задачу мінімум я выканаў. Цяпер патроху перачытваю, перакладаю тое-сёе, але пакуль не думаў пра выданне. Можа, калі-небудзь пасля. Натуральна, хацелася б зрабіць больш грунтоўнае і поўнае выданне, але яшчэ шмат не перакладзеных твораў іншых цікавых польскіх паэтаў, хацелася б ахапіць як мага больш аўтараў.

 — Хто, якія імёны цікавяць вас у польскай паэзіі?

— У першую чаргу назваў бы імёны Ганны Свіршыньскай, Анджэя Бурсы, Тадэўша Бароўскага, Адама Загаеўскага, Яна Леханя ды інш.

— Алесь, некалькі слоў як спецыяліст пра сённяшні стан у галіне мастацкага перакладу польскай літаратуры на беларускую мову?

— Мне здаецца, што цяпер усё няблага. Мы маем дастаткова перакладаў польскіх аўтараў XIX і першай паловы XX стагоддзя, перакладчыкаў не становіцца менш, наадварот, іх колькасць з кожным годам павялічваецца. Наогул, палякам пашанцавала, што яны нашыя суседзі, іх перакладаюць, напэўна, больш за астатніх. Тут з імі могуць пацягацца, хіба што, украінцы. Адзіную праблему бачу ў тым, што многія важныя для нас класічныя тэксты дасюль не перакладзеныя, а некаторыя творы перастварылі ўжо па некалькі разоў. Да прыкладу, знакамітага «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча перакладалі ажно пяць разоў, а ягоную «Оду бульбе» — аніводзін. Я не хачу сказаць, што пяць перакладаў для такога твора, як «Пан Тадэвуш», шмат, але мяркую, што на сённяшні момант Міцкевіч мусіў быць перакладзены і прачытаны калі не ўвесь, дык па меншай меры адсоткаў на 80. Вельмі мала па-беларуску Славацкага, добра, што ёсць пераклады Норвіда і іншых рамантыкаў. Для мяне больш цікавая польская паэзія другой паловы ХХ стагоддзя, якую пакрысе адкрываю і спадзяюся паказаць яе нашым чытачам ва ўсёй разнастайнасці і разнапланавасці.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ, lim.by

 

пераклады, замежжа, інтэрв'ю, паэзія

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Ён такі разумны, а яна вясёлая. Суперкніга пра Біла з Болаю
19 верасня 2017

Ён такі разумны, а яна вясёлая. Суперкніга пра Біла з Болаю

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 23 верасня
19 верасня 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 23 верасня

Чытаць далей...
Віншуем вераснёўскіх юбіляраў!
18 верасня 2017

Віншуем вераснёўскіх юбіляраў!

Чытаць далей...
Прэзентацыя дзвюх кніг падсерыі «Спадчына: агледзіны» – 18 верасня
15 верасня 2017

Прэзентацыя дзвюх кніг падсерыі «Спадчына: агледзіны» – 18 верасня

Чытаць далей...
405