Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Алесь Разанаў з тых беларускіх паэтаў, чыя асоба не мае патрэбы ў прадстаўленні. Нават далёкія ад паэзіі людзі чулі калі не пра вершы, дык хаця б пра знакамітыя “яйкаквадраты”. Сёлета, у год 70-годдзя Алеся Разанава, выйшла адразу тры кнігі, якія маюць да яго прамое дачыненне.

"”Маем найбольшае самі” -- гэта мая спроба перастварэння скарынаўскіх тэкстаў, -- кажа спадар Алесь. – Маёй задачай было рэканструяваць гэтыя тэксты, увесці іх у сучаснасць, бо гэта сапраўдны скарб, які патрэбны нам зараз".

“Невядомая велічыня” — гэта сборнік гутарак з Разанавым, ягоных выступаў і артыкулаў.

“Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня, – кажа паэт. – Усе мы адносімся да гэтае велічыні, але яна застаецца для нас нябачнай. Паэзія – асаблівая Веда, якая перадаецца не логікай альбо развагай, а схопліваннем і натхненнем. Творчасць -- гэта насамрэч сутворчасць, дыялог паэта з боскай велічынёй, без гэтага дыялогу мы маем не паэзію, а вершаскладанне”.

Таксама сёлета выйшаў зборнік Разанава “Пераабранае”, выдадзены Змітром Коласам у серыі “Паэты свету” .

“Паэзія гэта адно, -- кажа спадар Зміцер, -- а разанаўская паэзія, зусім асобнае. Для мяне Разанаў гэта сэнсы па-за сэнсам, часам чыстыя гукі, якія ствараюць новыя сэнсы. Тыя вершы, што ўвайшлі ў “Перавыбранае”, гэта такая сабе візітоўка паэта”.

На вечарыну ў гонар Алеся Разанава былі запрошаныя сем творцаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў. Кожнаму прапанавалася абраць адзін верш Разанава і раскрыць тыя сэнсы, якія бачацца ў гэтым творы. Такім чынам, творчая сустрэча нагадвала нешта сярэдняе паміж навуковай канферэнцыяй і філасофскім дыспутам.

“Кніжкі Разанава нават не абавязкова чытаць, імі можна проста захапляцца, -- кажа філосаф Валянцін Акудовіч. – Калі б яму замовілі інструкцыю для праса, гэта ўсё адно была б паэзія, бо інакш ён пра свет гаварыць папросту не можа”.  

“Паэзія Разанава -- гэта тая Веда, якая ў вялікай ступені стварыла 1980-ыя гады, -- кажа Ірына Дубянецкая. — Шмат у чым дззякуючы ягоным вершам адбылася ўнутраная рэвалюцыя, якая сфарміравала інтэлектуальную прастору, у якой мы ўсе знаходзімся з таго часу. Паэзія Разанава -- гэта не толькі сэнсы, гэта вялікая колькасць сувязяў, якія нават немагчыма адсачыць ці намацаць, якія прамаўляюць адразу да ўсёй чалавечай істоты”.

“Усё самае важнае адбываецца ў нашай свядомасці, пакідаючы кармічныя сляды, метафізічныя стрэмкі, якія часам тораць сцежкі ў наступныя жыцці, – кажа пісьменнік Ігар Бабкоў. — Для мяне такой стрэмкай стаў верш “Снег”, дзе мы маем запіс падарожжа чалавечай душы да абсалюта”.

“Алесь Разанаў учыніў нам свята, згуртаваўшы нас, -- кажа паэтка Галіна Дубянецкая. – Зрэшты, мы маем гэтае свята штодня, свята ягонай прысутнасці ў свеце, трэба проста пра гэта не забываць. Усё, што я стварыла ў паэзіі, пачалося з таго выбуху, якім сталася для мяне сустрэча з паэзіяй Разанава".

“У сваім жыцці я залпам чытаў толькі двух паэтаў – Бродскага і Разанава, -- кажа Ігар Кулікоў. – Бродскі, гэта паэт стылю, які пакінуў злепак са сваёй эпохі, такую сабе рымскую пасмяротную маску. Паэзія ж Разанава -- гэта тое, з чаго зроблена маска, “ёсціна”, цудоўны наватвор, створаны спадаром Алесем. Ёсць тры ўзроўні паэзіі. Першы – тварыць наяўным матэрыялам. Другі – стварэнне мовы, новых адзінак, новых хадоў. І трэці – тварэнне “з нуля”, тое, чым займаліся першапаэты, і тое, чым займаецца Разанаў”.

“Я даволі позна адкрыла для сябе паэзію Разанава, -- кажа Таццяна Шчытцова. – І першае, што мяне ўразіла, гэта каласальная моц мовы. Па маіх адчуваннях гэтая паэзія адначасова і фізіка і метафізіка, дакрананне да невядомага такім спосабам, які не пакіне абыякавым ніколі, да якой бы сферы чалавек не адносіўся”.

“Сёння кожны з нас казаў нават не пра Алеся Разанава, а пра “свайго” Разанава, наш мэтр і класік стварыў такія тэксты, што сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, – кажа Андрэй Хадановіч. – Зайздрошчу тым, хто жыў у тыя часы, калі выходзілі першыя кнігі Разанава, хто сачыў за ягонымі метамарфозамі і чакаў выхаду новай кнігі. Пра некаторых паэтаў кажуць “ён не ведаў вучнёўства”. У выпадку Алеся Сцяпанавіча, ён не ведаў вучнёўства, бо адразу апынуўся ў настаўніцтве. І ў ранніх вершах, яшчэ 17-гадовага Разанава гэта заўважна нават болей, чым у позніх".

Тэкст: Юрась Ускоў, фота: Зарына Кандрацьева

Алесь Разанаў, юбілеі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
391