Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

14 красавіка 2017

Простыя літары Сабіны Брыло (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Акурат у Сусветны дзень рок-н-рола і Чысты чацвер, 13 красавіка, у літаратурным Музеі Петруся Броўкі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Сабіны Брыло “Это буквы”. Зборнік выйшаў у серыі СБП “Кнігарня пісьменніка” выдавецтва “Кнігазбор”.

Сабіна Брыло

“Хацела паразмаўляць пра Боба Дылана, але вырашыла, што трэба крыху пагаварыць пра Ісуса Хрыста, таму што ён не горш за Дылана, і, калі б жыў у сярэдзіне 90-х, мог быць Бобам Дыланам, а Боб Дылан 2000 год таму мог быць Ісусам Хрыстом, чаму не, -- Сабіна Брыло пачала прэзентацыю, узгадаўшы пра дзве знакавыя асобы. -- Боба Дылана -- бо Нобелеўскі лаўрэат, і яму зараз добра, а Хрыстос – як яго не ўзгадаць, яму горш за ўсіх -- яго заўтра распнуць", -- пасля ўжо патлумачыла аўтарка свой выбар.

Пасля прачытала верш Барыса Пастэрнака “Гул затих. Я вышел на подмостки”, адзначыўшы, што фарысеяў шкада і што часцей атрымліваецца пісаць, бо самотны ў долі, і што сумна. “Але бываюць і радасныя падзеі, і ўвогуле ўсім трэба шкадаваць адно аднаго і дараваць”, – заўважыла Сабіна. Так і распачалася асноўная частка сустрэчы.

Сабіна крыху распавяла пра з’яўленне кнігі. Увогуле, вершы Сабіна пачала пісаць яшчэ ў юнацтве. Неяк не ставала грошай, і яна, вырашыўшы падзарабіць, аднесла іх у рэдакцыю. Вершы сталі друкаваць, а Сабіна пачала хадзіць на літаратурны гурток “Светотень”.

“Хадзіла некалькі год. Там былі дастаткова сур’ёзныя штудыі, аўтары, мы вучыліся адно ў аднаго. Падавалася, я пішу нядрэнныя вершы, нават адчувала сябе паэтам”, -- заўважыла аўтарка.

Пасля ў Сабіны нарадзіўся сын, было шмат працы, і яна збольшага 14 год пісала журналісцкія матэрыялы.

“У  2011 годзе я напісала эсэ “У Генри Ченаски не женское лицо”, дзе тлумачылася, чаму я не магу ствараць мастацкія тэксты, -- распавяла Сабіна. --  Бо я жанчына і баюся сказаць нейкія рэчы, якія мяне па-сапраўднаму пужаюць. А пасля -- бац! - і пачала зноў пісаць вершы”.

Гэта быў другі віток паэтычнай творчасці. У 2012 годзе Сабіна завяла Фэйсбук, там і пачала размяшчаць свае вершы. Напісала каля двухсот, палова з іх і ўвайшлі ў зборнік “Это буквы”. Выдаць зборнік Сабіне прапанаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

“Выходзіць, у Саюзе былі людзі, якія мяне заўважылі і чыталі. Знайшла добрага дызайнера Лену Дзянісаву, -- расказала Сабіна. -- Спачатку я была супраць гэтай вокладкі, бо гэта маё неапрацаванае фота, нейкі культ асобы атрымліваецца. А сябры сказалі -- нармалёвы такі культ. Так і атрымалася кніга. А назву я доўга шукала, хацела назваць “Тир «Biblio» (па назве аднайменнага верша – рэд.), але так будзе называцца мая кніга, якая выйдзе па-літоўску ў Літве. Таму я выбрала іншы верш -- “Это буквы”. Ён насамрэч пра адсутнасць страху”.

Крыху пачытаўшы вершаў, аўтарка таксама заўважыла, што, калі выйшла кніга (а выйшла яна напрыканцы 2016 года), яна не рабіла прэзентацыю, проста прыйшла ў кафэ.

“Узяла кніжкі, людзі прыходзілі, мы размаўлялі, пілі гарбату. Пасля адна жанчына зладзіла ў фэйсбуку варажбу па маёй кнізе, -- распавяла Сабіна. -- Усе задавалі старонку і радок. Часам выпадалі жорсткія рэчы, бо тут далёка не ўсе радочкі пра вяселле ці грошы. Адной дзяўчынцы патрапіўся такі радок “например, седьмая палата, у выхода койка”. Я прачытала гэта на Фэйсбуку, і так мне страшна стала. І я хуценька напісала ёй, што верш харошы насамрэч, ён проста пра выбар. Лічыце, што калі-небудзь вы, магчыма, апынецеся ў такой сітуацыі, з якой нічога не трэба рабіць. Нават калі у 7-ую палату трапляеш – гэта нават і добра. Паляжаў, адпачыў, страўнік праверылі. А так бы ні ў жыцці яго (страўнік) не праверыў”.

Так распачалася варажба па зборніку вершаў “Это буквы”.  Адразу ж першым выпаў радок  “Еще одна свадьба, где все дети полезли под стол”, пасля  “Столкнул с седьмого, когда ты мыла окно и попросили придержать”.

“Нічога, усё будзе добра, бачыце, колькі ўсяго з гераіняй наадбывалася, а яна -- жывая”, -- супакоіла Сабіна дзяўчыну, якой патрапіўся радок. Як далей развіваліся падзеі даведацца нескладана – дастаткова ўзяць зборнік вершаў “Это буквы” і загадаць старонку і радок.

Напрыканцы прэзентацыі публіка канчаткова разняволілася, пачаліся размовы, прыкладам, пра розныя варыянты вершаў.

“Я не ведаю, правільна вось зараз я на памяць радок прачытала ці не, бо часам хочацца іншых варыянтаў. Чаму не? Ты ж ніколі не ведаеш, якая рэдактура добрая. -- заўважыла Сабіна. І таксама распавяла пра працэс напісання вершаў.  – Я проста падбіраю словы. Калі адчуваю, што слова не тое, доўга яго шукаю. У рыфме прасцей. Калі ж адмаўляешся ад рыфмы, ты меней пачынаеш залежаць ад мовы, наадварот, больш кіраваць ёй. Як чалавек, які піша паэтычныя і не паэтычныя тэксты, я магу сказаць, што гэта, канечне, два абсалютна розныя станы.

Тэкст паэтычны атрымліваецца ў выніку напружання, якое ў табе ўзнікла чамусьці. Я б нават сказала, можна яго вызначыць як прыцягненне да тэкста. У адзін цудоўны момант ты адчуваеш пэўнае прыцягненне, і ў цябе ёсць спосаб з ім справіцца. Ты садзішся і арганізуеш тэкст. Таму я лічу, што калі мне пашанціла, што я магу гэта рабіць часам, то мне пашанціла нашмат болей, чым некаторым людзям, у якіх няма такога спосабу. Магчыма, у іх ёсць нейкі іншы, свой. Які свой – можаце падзяліцца са мной. З залі падказваюць, што "сэкс, наркотыкі і рок-н-рол". Так, згодна. Мне пашанціла, што ў мяне багаты слоўнікавы запас і слых, і я вельмі смелая для таго, каб сказаць нейкія рэчы. А вось мая сяброўка ходзіць на балет. Мяне застрэль, я на балет не пайду. Я проста памру там, калі буду ведаць, што мне трэба нагу падняць, а на мяне ўсе дзяўчаты глядзяць”.

“А ўвогуле, кніжка, канечне, атрымалася", -- заўважыла напрыканцы прэзентацыі Сабіна. І з гэтым дакладна складана не пагадзіцца. Таму лепш паспяшацца, і пашукаць зборнік у кнігарнях – наклад амаль поўнасцю раскуплены, але можна ўсё ж паспрабаваць знайсці.

Рэцэнзіі на зборнік вершаў Сабіны Брыло можна пачытаць тут і тут

Тэкст: Аляксандра Дварэцкая, фота: Зарына Кандрацьева, lit-bel.org

Кнігарня пісьменніка, паэзія, імпрэзы, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Уладзімір Караткевіч: «У нас аднолькавыя толькі плаўкі»
18 жніўня 2017

Уладзімір Караткевіч: «У нас аднолькавыя толькі плаўкі»

Чытаць далей...
Тамаш Грыб — антыфашыст, антыкамуніст, скарыназнаўца і рамантык
18 жніўня 2017

Тамаш Грыб — антыфашыст, антыкамуніст, скарыназнаўца і рамантык

Чытаць далей...
Віншуем Таццяну Барысік!
18 жніўня 2017

Віншуем Таццяну Барысік!

Чытаць далей...
100-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля
18 жніўня 2017

100-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля

Чытаць далей...
624