Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

24 снежня 2017

Пуцёўка ў Неверляндыю для беларускіх дзяцей: пераклад «Пітэра Пэна» прэзентавалі ў Мінску

22 снежня ў кнігарні «Сон Гогаля» адбылася прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову знакамітай гісторыі Джэймса Мэцью Бары «Пітэр Пэн». Перакладчык Уладзімір Лянкевіч і ілюстратар Кацярына Дубовік распавялі маленькім і дарослым гасцям сустрэчы, як стваралася кніга.

Кацярына Дубовік і Уладзь (Уладзімір) Лянкевіч

Па словах Уладзіміра Лянкевіча, пераклад першага раздзела быў зроблены ім і яго жонкай Аленай Пятровіч для часопіса "Прайдзісвет". Такім чынам, першай публікацыяй перакладчыкі засведчылі сваю цікавасць да гэтага твора перад калегамі.

"Беларусь – краіна, у якой перакладаў выходзіць не так шмат. Але ўсё роўна бывае, што людзі незалежна адно ад аднаго пачынаюць пераствараць адно і тое ж. Інфармацыя пра гэта не вельмі сістэматызаваная, і часам творцы не ведаюць, што такі пераклад ужо ёсць, альбо ім ужо нехта займаецца", -- адзначыў Уладзімір.

Адно з дзяржаўных выдавецтваў хутка заўважыла ўрывак "Пітэра Пэна" па-беларуску і запрасіла аўтара папрацаваць над перакладам кнігі. Але калі тэкст ужо быў поўнасцю падрыхтаваны, запрашэнне адхілілі. Аўтара гэта не дэматывавала, і недзе праз год было вырашана – кнізе быць, і выйдзе яна ў серыі "Каляровы ровар" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве "Кнігазбор". Праца над гісторыяй Джэймса Бары пачалася з этапу, на якім спынілася ў мінулы раз – рэдагавання. За справу ўзяліся Паліна Грынчанка і Ганна Янкута.

"Ганна параўнала кнігу з арыгіналам і такім чынам праліла свет на нейкія моманты, якія я не заўважыў. Але ж некаторыя адхіленні я зрабіў наўмысна, каб кнігу цікава было чытаць па-беларуску", -- распавёў Уладзімір Лянкевіч.

"Пітэр Пэн" -- не з тых кніг, якія збіраюць пыл на паліцах. Яе пачынаеш любіць у дзяцінстве, але з цягам часу разумееш усё глыбей. Перакладчык прызнаўся, што гісторыя вартая таго, каб пераасэнсоўваць яе дарослым. Менавіта таму яна настолькі прыдатная да чытання ўголас – і дзеці будуць рады, і бацькі не засумуюць.

Змена выдавецтва падштурхнула змяніць і мастака.

"Спачатку было вырашана, што малюнкі для кнігі зробіць замежны ілюстратар. Але ж потым я вырашыў для сябе – калі кніга беларуская, то і ілюстрацыі павінны быць ад беларускага мастака. Таму свой праект я прапанаваў Кацярыне Дубовік, з якой ужо быў знаёмы."

Кацярына згадзілася. Зараз Кніга пра Пітэра Пэна па-беларуску змяшчае каля 70 яе ілюстрацый. Але ж праца была не такой простай, як здалося мастаку адразу.

"Спачатку мне падалося, што кніга – скарб для ілюстратара: у ёй шмат дзеянняў і ствараць малюнкі будзе проста. Але ж атрымалася іншае. Калі чапляцца за дзеянне – малюнак будзе не цікавы, а больш чапляцца няма за што".

Але неўзабаве мастак знайшла выйсце. Вось некаторыя з яе рашэнняў:

"У мяне ніколі да гэтага не было патрэбы і жадання намаляваць аўтара кнігі. Але мне здаецца, што Пітэр Пэн – кніга вельмі асабістая для Джэймса Бары, і паміж радкоў аўтар вельмі добра чытаецца. Таму на тытуле можна ўбачыць Бары з самотным поглядам: ён глядзіць на свет праз знак бясконцасці, па якім лятаюць дзеці".

"На пытанне Вэндзі, адкуль у Неверляндыі бяруцца згубленыя хлопчыкі, Пітэр кажа, што яны наўпрост вывальваюцца з вазочкаў, пакуль нянькі глядзяць у іншы бок. Я намалявала гэтых кабет, якія займаюцца сваімі справамі – лічаць варон, выбіраюць булкі, балбочуць. Пакуль яны ўсім гэтым займаюцца, хлопчыкі адлятаюць у Неверляндыю".

"У гэтым раздзеле для мастака нічога не адбываецца – дзеці проста ляцяць над морам. І я доўга не магла прыдумаць гэту ілюстрацыю. Але потым уявіла сабе мора і рыбакоў, якія ўжо даўно зрабіліся дарослымі. Яны з самотай глядзяць на дзяцей у небе і нібыта ўспамінаюць, як самі калісьці ляталі ў Неверляндыю".

"Падземны дом. Я шмат разоў прачытала гэты раздзел и ніяк не магла ўцяміць, як ён увогуле пабудаваны. А калі нарэшце зразумела, вырашыла зрабіць мапу – на ёй шмат дэталяў, якія можна разглядаць. І тут ёсць асобнае мястэчка для Дзінь".

"На гэтым малюнку – Невер-птушка ў спакойных абставінах, калі ўжо мінулі жахі, няма пачуцця смерці. У рэальнасці Невер-птушкі не існуе, таму за яе прататып я вырашыла ўзяць Додо, якая вымерла яшчэ ў XVII стагоддзі. Яшчэ я дадумала, што Пітэр Пэн выратаваў яе яйкі, і з іх павылупляліся Невер-птушаняты".

"Вэндзі любіла распавядаць пра маму – што яна добрая, і з адчыненымі вокнамі чакае сваіх дзяцей, якія адляцелі. Але Пітэр не любіў гэту гісторыю і лічыў, што Вэндзі нічога не разумее ў мамах. Таму што калі ён аднойчы прыляцеў дадому, вакно было зачынена і ў ложку спаў іншы малец. Я намалявала балючы ўспамін Пітэра пра гэта: на ілюстрацыі ён глядзіць праз вакно на гэтага хлопчыка, яго цень плача, а недалёка стаіць мама, якая ні на што не звяртае ўвагі".

"У гісторыі пра Пітэра Пэна я заўсёды адчувала элемент бясконцасці. На апошнім малюнку ў мяне адзін і той жа дом у розныя часы – каля першага людзі яшчэ ездзяць на канях, каля другога – на рэтрааўтамабілях, а ў наш час на першым паверху адкрылася кавярня "Starbucks". І кожны раз, праз кожнае пакаленне дзеці вылятаюць з вокнаў з Пітэрам Пэнам".

 

Выхад гісторыі пра Пітэра Пэна на беларускай мове стаў сапраўдным калядным падарункам для дзяцей і іх бацькоў. Ужо зараз кнігу можна набыць у кнігарнях.

Тэкст і фота: Алена Босава, ілюстрацыі прадастаўлены Кацярынай Дубовік, lit-bel.org

Каляровы ровар, ПрайдзіСвет, прэзентацыі, дзіцячая літаратура

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
346