Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

27 верасня 2017

Шоу зацягваецца

Іначай і не скажаш пра той лад жыцця, які вядзе беларуская правінцыя цягам апошніх гадоў ста. З усталяваннем савецкай улады, якая напладзіла сонмішча начальнікаў, жыццё рэгіёна набыло фантасмагарычнае адценне. Ідэалогія – а што гэта такое, халера яе ведае -- падмяніла сабой чалавечнасць. Любы брудны ўчынак можна спісаць на патрэбы дзяржавы. Запалоханы народ (ці народзец, як каму даспадобы) канчаткова акапаўся ў бульбяных разорах: там цішэй і, прынамсі, усё зразумела. Наста Грышчук піша пра кнігу Сяргея Плескача.

Гэтая карцінка ўпершыню паўстае яшчэ ў Мрыевых “Запісках Самсона Самасуя”. Ад іх публікацыі мінула 88 гадоў. Жыццё чалавека, змена чатырох пакаленняў. А ці змянілася што ва ўкладзе жыцця правінцыі? Лепей сказаць: ці змянілася што ў галовах лакальных царкоў? Калі за адказ узяць аповесць Сяргея Плескача “Шоу працягваецца!” – не. Пачаць хоць бы з таго, што галоўны герой аповесці, настаўнік Віктар Мірановіч, згадвае Андрэя Мрыя і яго бессмяротны (на жаль) твор. Так, змяніліся дэкарацыі фарса. Там, дзе быў сусветны камунізм, паўстала дэмакратыя. Назвы высокіх пастоў па раёнах змяніліся, ды мала змянілася сутнасць. Адданасць савецкім ідэалам не тое што не згасае, але буяе з новым імпэтам. Во дзе сапраўды вечны агонь.

Толькі аповесць не пра тое: яна дэталізаваная ілюстрацыя да вядомага выказвання, што дурасць чалавечая не мае межаў. А яшчэ да народнай мудрасці пра тое, што калі дурнога навучыць маліцца, лбом сваім ён дагрукаецца да самага дна.

Сяргей Пляскач

Сумна, але факт: хутчэй Сусвет згорнецца да памераў смаргонскага абаранка, чымся знікне з планеты Зямля апошні дурань, фанатык і пад. Тое, што аўтар зрабіў галоўным героем настаўніка, дало магчымасць зазірнуць у корань зла. Так, прагучала перасцярога датычна школьных рэформаў, паводле якіх скараціліся гадзіны мовы, літаратуры, знік зусім курс па сусветным мастацтве. Яны не прыносяць выгодаў, яны не даюць рабочых рук. Але выпушчана з-пад увагі самае галоўнае: яны даюць людзей. Дасведчаныя ў чужых памылках, якіх -- багатая калекцыя ў літаратуры, мы робім (спадзяюся) меней сваіх дурасцяў. Вучымся глядзець збоку на сябе саміх. Мастацтва, музыка акром таго, што даюць агульны інтэлектуальны фон, вучаць больш тонка адчуваць, больш ясна бачыць, абстрагавацца ад штодзённасці для таго, каб бачыць больш за свой жывот і далей -- за мяжу аднаго дня.

Падобнымі штуршкамі да роздуму найперш цэнная аповесць “Шоу працягваецца!”. Знарочыста гратэскныя карціны тут выпісаныя не дзеля смеху, але каб ціша пасля яго была аглушальнай. Мы надта звыкліся са штодзённымі саступкамі сумленню, з глупствам, сваімі і чужымі заганамі, так што ў іх натуральных памерах папросту перастаем гэтыя рэчы заўважаць. Сяргей Пляскач у нейкі момант спахапіўся і вырашыў, што патрэбны больш заўважны сродак адлюстравання рэчаіснасці: так сухі натуралізм саступіў фантасмагорыі, гратэску. Зрэшты, іх не так і многа; у параўнанні з “Запіскамі…” Мрыя – увогуле дробязь. Але “Запіскі…” ствараліся адпачатку як твор сатыры. “Шоу працягваецца!” – гэта, пры ўсіх акалічнасцях, рэалізм.

Вы пазнаеце гэтыя тыпажы: раёнка пад народнай назвай “Брахалаўка” (мушу сказаць, абсалютна рэальнай); блазнаваты краязнаўца і разгублены галоўны рэдактар, вынаходлівы п’янюга-карэспандэнт і безнадзейная літстаронка …

А вось – тыповая школа: настаўніцкія інтрыгі з баямі за гадзіны; абыякавасць да прамога абавязку, спароджаная бясконцай пісанінай; ракавая жэншчына -- галоўны метадыст; несакрушальны начальнік аддзела адукацыі, больш падобны да падпольнага баксёра...

Так, карціна была б зусім непраглядная, калі б Сяргей Пляскач не надзяліў свайго героя пачуццём гумару. А яшчэ – пісьменніцкім талентам і фантастычнай жонкай.

Тут аўтар відавочна прымерыў свой касцюм на персанажа. Вось ён, разумны, верны высокай маралі. Вось ён марыць пра тое, каб напісаць кнігу, але ніяк не возьмецца, усё нешта замінае… Да слова, калі казаць пра фантастычны бок аповесці, дык неверагоднымі бачацца не захады антаганіста Зайкоўскага, але вобраз Вольгі, жонкі героя. Такую без роздуму ўзяў бы любы літаратар: сядзі без працы, пі па завуголлі, пакутуй як Абломаў, а яна ўсё выцягне – і ні слова папроку. Яшчэ і падганяць будзе, каб пісаў. Муза і нянька ў адной асобе.

Самым цікавым персанажам у гэтай цыркавой трупе бачыцца мне Алесь Садко. Цікавым зрабіла яго неадназначнасць: здавалася б, прададзены сістэме журналюга, нічога святога. Пасля высвятляецца, што напачатку ён быў такі самы Мірановіч, змагар за праўду. Цягам аповесці ён падтрымлівае героя, зрэшты, чытач сумняецца: ці не засланы ён казак?..

Толькі фінал усё расстаўляе па месцах. Дарэчы, фінал скамечаны. Завязка з намёкамі на плынь свядомасці пераходзіць у звычайны аповед без моўных штукарстваў. З’яўленне міфічнай кнігі дадае інтрыгі аповеду. І толькі вы ўваходзіце ў смак -- сюжэт пачынае развязвацца. Дзе там была кульмінацыя – не зразумела. А тут яшчэ й хэпі-энд з намёкам на тое, што жыццё працягваецца. Добра, што гэты вясёлкавы фон затушоўвае фінал у маштабах усяе аповесці: злачынцы выкрытыя – і непакараныя.

Месца дзеяння і антураж аповесці Плескача вымагае параўнання з кнігай Таццяны Барысік “Жанчына і леапард”. Аднак агульнага ў іх, насамрэч, мала. Пісьменніца больш схільная да метафарычнасці, кажучы зусім проста, у яе аповедах больш паэзіі (хоць і вырастае яна з таго самага ахматаўскага). А твор Сяргея Плескача – аповесць дзеяння, камічных сітуацый.

Калі б ён узяўся пісаць працяг “Шоу…”, з многа большаю цікавасцю я б прасачыла за лёсам плутаватага Садко. Ці не ён і быў галоўным героем аповесці? Што да Мірановіча, ён для першай скрыпкі надта аморфны (нават Лабановіч на яго фоне – энерджайзер). Пачытаўшы аповесць, падлічыце для сябе: як часта Мірановіч быў не пасіўнай марыянеткай абставінаў, але дзейнай асобай? У рэшце рэшт, заўважце: нават тую самую кнігу, якая запусціла ланцуг абсурдных прыгодаў, напісаў, па выніку, не ён.

Ён увогуле ніякай кнігі так і не напісаў.

А зрэшты…

Можа, так і трэба?..

Наста Грышчук, для lit-bel.org

крытыка, выданні, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)
20 красавіка 2018

«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)
20 красавіка 2018

«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)

Чытаць далей...
Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»
20 красавіка 2018

Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»

Чытаць далей...
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным
18 красавіка 2018

Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

Чытаць далей...
464