Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

05 ліпеня 2017

«Спадчына: агледзіны»: новая кніжная серыя

"І ў белы дзень, і ў чорну ноч // Я ўсцяж раблю агледзіны, // Ці гэты скарб не збрыў дзе проч, // Ці трутнем ён не з’едзены". Гэтыя радкі з верша класіка ў 1981 годзе натхнілі Янку Запрудніка на напісанне артыкула і пазнейшае выданне асобнай публікаткі «Спадчына бацькоў: «агледзіны». Да 100-годдзя нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа».

Са згоды і блаславення Янкі Запрудніка яны сталі дэвізам і далі назву для новай кніжнай серыі, заснаванай сумесна мінскімі Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ды нью-ёркскім Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Дакладней, «Спадчына: агледзіны» — падсерыя ў вялікай кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», заснаванай ЗБС «Бацькаўшчына» ў 2004 годзе, аднак з асобнай канцэпцыяй. Адна з галоўных яе мэтаў: вярнуць з небыцця — выцягнуць з архіваў, з старой расцярушанай перыёдыкі — важныя для беларускай гісторыі і культуры тэксты і даць іх у кніжным выглядзе сённешнім чытачам, ад студэнтаў да даследчыкаў, аднавіўшы такім чынам часавую сувязь. У падрыхтоўцы першых серыйных выданняў укладальнікам дапамагалі адмыслоўцы ў беларускай гісторыі, культуры, архіўнай справе: Ганна Запартыка, Арсень Ліс, Анатоль Сідарэвіч, Андрэй Буча, Аляксандар Пашкевіч, Валянціна Лебедзева і іншыя.

Першай кнігай у новай серыі будзе «Выбранае» беларускага грамадскага дзеяча ў Празе, дзеяча БНР, публіцыста і філосафа Тамаша Грыба. Нягледзячы на дастатковую вядомасць гэтай асобы, ягоныя тэксты ніколі не выдаваліся ў кніжным фармаце. Раскіданыя па перыёдыках 1920-х—1930-х гадоў, а таксама захаваныя ў рукапісах-машынапісах, яны сёння ўпершыню сабраныя разам і прадставяць чытачу цікавую і разнастайную публіцыстычну і эпісталярную спадчыну пражскага беларуса. Кніга выбранага Тамаша Грыба мае выйсці ў свет ужо ў гэтым месяцы.

Наступным серыйным выданнем стане «Выбранае» літаратуразнаўцы й філосафа, чалавека, які некалі быў творчым апекуном Янкі Купалы Уладзіміра Самойлы. І ягоная спадчына сабраная пад кніжнай вокладкай таксама ўпершыню.

Выданні, што рыхтуюцца ў серыі, заснаваныя на архіўных і бібліятэчных росшуках. Гэта не маюць быць вычарпальныя «зборы твораў», але зборнікі, што разнастайна і шматгранна рэпрэзентуюць на сёння малавядомы ці нават амаль забыты даробак колішніх працаўнікоў беларушчыны. У кніг ёсць яшчэ адна мэта: не толькі прадставіць творчую спадчыну аўтараў, але і распавесці пра іх як асобаў — з увагі на тое, што іх біяграфіі дасёння маюць істотныя лакуны.

Трэцяй пазіцыяй у серыі, над якой вядзецца праца, станецца кніга пад назвай «Як укладалі «Спадчыну» — бадай першае беларускае выданне, у якім распавядаецца гісторыя адной адзінай кнігі — «Спадчыны» Янкі Купалы, выдадзенай у Мюнхене ў 1955 годзе. Хоць змест шырэйшы за назву: у ёй малюецца панарама інтэлектуальнага жыцця беларускай эміграцыі 1950-х гадоў.

І Тамаш Грыб, і Уладзімір Самойла, і ўкладальнікі «Спадчыны» Вітаўт Тумаш і Станіслаў Станкевіч былі сябрамі Рады БНР. Таму цалкам лагічна, што серыя «Спадчына: агледзіны» мае прысвячэнне — «Да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі» — наш сціплы унёсак у адзначэнне гэтага важнага юбілею.

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Віншуем ліпеньскіх юбіляраў!
24 ліпеня 2017

Віншуем ліпеньскіх юбіляраў!

Чытаць далей...
Апублікаваны доўгі спіс намінантаў Прэміі Шэрмана
24 ліпеня 2017

Апублікаваны доўгі спіс намінантаў Прэміі Шэрмана

Чытаць далей...
У Менску пройдзе 12 адкрытых лекцый пра беларускіх паэтаў 1930-х
20 ліпеня 2017

У Менску пройдзе 12 адкрытых лекцый пра беларускіх паэтаў 1930-х

Чытаць далей...
Дзве зямлі – дзве песні
20 ліпеня 2017

Дзве зямлі – дзве песні

Чытаць далей...
112