Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

19 ліпеня 2017

Страх без нянавісці

Згадваюцца словы булгакаўскага Ешуа. Кожнага стрэчнага ён называў “добры чалавек”. На здзіўленне ці спробу пераканаць у зваротным біблійны мышкін адказваў: усе людзі добрыя, проста некаму не пашчасціла, і свой боль, свой страх яны іначай выяўляць не ўмеюць.

Сапраўды. Калі ў чарзе, у вагоне метро, на працы сустракаеш чалавека азлобленага, хама, зласліўца, гэта не значыць, што ён кепскі чалавек. Ён усяго толькі нешчаслівы. Цяжка навучыцца не прымаць вонкавы негатыў. Яшчэ цяжэй навучыцца шчыра шкадаваць чалавека і разумець, што ягоная агрэсія скіраваная не на цябе, але ўвогуле – у свет. І зусім тытанічная работа – навучыцца самому не множыць зла.

Тытанічная, бо страхаў не пазбегчы. Трэба быць вельмі мужным, моцным і ўдумлівым, калі не мудрым, каб навучыцца адпускаць страх без спадарожніка-злосці. Тым і ўражвае дэбютная кніга Ганны Комар “Страх вышыні”.

Вядома, акрафобія не ёсць цэнтральнай тэмай паэтычнага зборніка. Ключ – у аднайменным вершы, дзе гаворка – пра няўменне ездзіць на ровары. Пачуццё-рудымент замінае, блытаецца між колаў, калі працягваць усё тую ж метафару. Здавалася б, смешныя страхі?.. Але згадайце, як часта ў рэальным жыцці яны ўвасабляліся ў нешта канкрэтнае, як часта страх аказваўся абгрунтаваным, кажучы іначай. Нешта мне падказвае, што калі й былі такія выпадкі, дык адзінкавыя.

Няважна, якога маштабу твой страх. Пачынаеш ты віскатаць і скакаць па крэслах пры мышыне альбо сярод ночы прачынаешся ад прадчування ядзернай катастрофы. Неістотна. Істотна, як ты спраўляешся з ім, сваім страхам. Якім чалавекам ты расцеш, абмінаючы гэтую перашкоду. І ці расцеш увогуле.

Кажучы пра Ганну Комар я, вядома, арыентуюся на лірычную гераіню зборніка. Гэта паэтызаваны, літаратурны вобраз аўтара. Між тым, інтанацыя і агульны настрой кнігі даюць усе падставы меркаваць, што найгранага тут мала. Што Ганна Комар прамаўляе наўпрост ад сябе (і пра сябе).

У такой аўтарацэнтрычнасці, калі толькі яна прыналежыць аўтару ненарцысічнаму, ёсць вялікі плюс: прыватная гісторыя з канкрэтнымі крокамі, падзеямі, імёнамі робіць размову больш прадметнай. Уявіце сабе верш пра малое дзяўчо ды ейную маці, якія церпяць ад бацькавай тыраніі. Дзіцячыя слёзы, безабароннасць, усясветная несправядлівасць. Даволі абстрактная карціна, прасцей кажучы – "ніабчым". Такіх тэкстаў – агульных, бясплотных і бясколерных – можна сабраць безліч тамоў, да Месяца і назад.

Ганна Комар рызыкнула распавесці сваю гісторыю. І эфект зусім іншы: ты бачыш сюжэт, ты адчуваеш герояў, ты разумееш, што там, па-за радкамі. Кожны можа супаставіць сваю гісторыю з гісторыяй аўтаркі.

Так, з аднаго боку, гэта сапраўды рызыка – быць такім шчырым у вершы. Могуць папракнуць, што ціснеш на шкадаванне чытача. Што выносіш смецце з хаты. Што бярэш эфектнасцю, а не літаратурнымі якасцямі. Адразу заўважым: апошні гіпатэтычны папрок датычна спадарыні Ганны крайне несправядлівы. Яна задала стылістыку яшчэ напачатку зборніка і вытрымала тон да канца. Спакойны, узважаны, без лішніх падрабязнасцяў, але дастаткова напоўнены фактурай расповед. Тое, што завецца “яркай вобразнасцю” – легкадумна і часта хлусліва, каб прыкрыць эпігонства – у Ганны Комар сапраўды ёсць вобразнасцю, і сапраўды яркай. Адухаўляючы прыроду, свет дзявочых прадметаў (лялька, люстэркі, аксэсуары, побыт.), укладаючы свой сімвалічны сэнс у штодзённасць, Ганна Комар робіць статычны, звыклы чытачу (а найперш – чытачцы) свет рухомым.

“Страх вышыні” – выдатны прыклад сучаснай інтэлектуальнай паэзіі. Малады чалавек назірае за светам, атрымлівае ўсе неабходныя для росту радасці і расчараванні, а свае высновы адлюстроўвае ў мастацкай форме (тут  ̶  у слове). Мастацкім гэтае самае слова робяць альбо постмадэрновыя гульні, альбо пошук новага, нечаканага параўнання. У Ганны Комар – другі варыянт.

Цікава, што праблемы соцыума, якія падштурхоўваюць паэтку да роздуму, заўжды маюць два бакі. Гэта як бы колцы: звонку іх знаходзяцца іншыя людзі і іх бок праблемаў, а ўнутры, заціснутая, - аўтарка-гераіня, і ейнае бачанне праблемы. У той жа час аўтарка здольная зазірнуць і па той бок. Словам, яна піша пра праблему ў цэлым, але найперш – пра сябе, а калі пра сябе – то абавязкова адлюстроўвае свет, часткай якога з’яўляецца.

Першы верш зборніка “Не прарасту” – ці не пра самую балючую тэму сучаснага думанніка: у пагоні за зручнасцю, эканоміяй часу і сродкаў, хуткасцю чалавек губляе тое, што робіць яго чалавекам: разуменне сувязі з зямлёю і з папярэднімі пакаленнямі, асабістае перажыванне кожнае дробязі, спасціжэнне сэнсу рэчаў, дзеянняў, якія на такі вось “фастфудавы” погляд выглядаюць адно лішнім клопатам. Магілу апрацоўваюць хіміяй, каб не расла трава. Зручна? Але гэта значыць, ты забіваеш працяг чалавека. Гэта значыць, што ты сам скончышся ў цемры, не маючы магчымасці прарасці.

Згадаваецца верш Аляксея Арцёмава, дзе герой просіць па смерці пакласці яму ў даланю насенне дрэўца, каб прарасці нечым харошым у гэты свет. Цікавыя супадзенні не толькі ў тэмах, але нават у формах іх выяўлення даюць падставы падумаць пра генерацыю паэтаў, якія, быць можа, будуць звацца новымі гуманістамі. Ноевымі дзецьмі, якія перажылі постмадэрновы патоп іроніі і абясцэньвання нечага, што здавалася непарушным.

Другая вялікая тэма-праблема  ̶  феміністычнага скіравання. Тут самы яскравы вобраз зборніка – лялька, з якой робяць, што хочуць. А чаму б не, калі яна не мае ані розуму, ані свядомасці, ані пачуццяў?.. Ці не так успрымаецца дасюль жанчына ў іншых “цывілізаваных” грамадствах? І як не згадаць сярэднявечную тэзу пра тое, што ў жанчыны душы няма (у адрозненне ад тых, хто прасоўваў гэтую тэзу, напэўна). Такія вершы, пра залежнае, а часам жудаснае становішча жанчыны могуць шакаваць ці выклікаць непаразуменне ў сівога вершаплёта, што дасюль пачуваецца Рамэа і спявае пра салаўёў у ліпах. І тым лепш: якасная шокатэрапія нікому не замінае.

Але што самае цікавае, Ганна не шукае адмысловых сродкаў запалохвання ці правакацыі. Яна ўсяго толькі называе рэчы сваімі імёнамі. Чамусьці самі з’явы рэчаіснасці не так абураюць нашае грамадства, як іх найменні. Крывадушша, якое сведчыць пра інфантыльнасць постсавецкага homo. Заплюшчыць вочы, каб не бачыць праблему.

Ганна таксама заплюшчвае вочы: літаральна, на вокладцы. Быць можа, яе гераіня таксама жадала б схавацца ад сваіх праблем і страхаў. Але мужнасць, якой вылучаюцца дзяўчаты новага пакалення, не дазваляе, і лялька набывае мову, жанчына выдае зборнік вершаў, у якіх выкрывае “ворагаў”: агрэсіўных ці проста ніякіх мужчын, сваю сарамлівасць і нерашучасць. Ці наадварот – сваю адчайнасць, свой страх вышыні. Страх вырасці і ўзяць на сябе адказнасць. Страх упасці, каб навучыцца не падаць надалей.

Наста Грышчук, для lit-bel.org

Пункт адліку, крытыка, паэзія, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
583