Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лістапада 2017

Святліца збірае сяброў

Такімі словамі можна азначыць паэтычную сустрэчу-справаздачу магілёўскага моладзевага літаратурнага клубу “Святліца”. Юныя паэты і паважаныя госці сабраліся 11 лістапада ў памяшканні бібліятэкі імя Пушкіна, каб паказаць свае новыя вершы, пашырыць кола знаёмстваў, прыцягнуць у свой творчы калектыў новых сябраў.

Звычайна гэткія вялікія імпрэзы, а сустрэча сабрала амаль пяцьдзясят чалавек, “Святліца” ладзіць двойчы на год. Сённяшняя  падзея – гэта восеньская літаратурная справаздача, падчас якой падводзяцца вынікі ўсяго года, агучваюцца новыя планы. Увогуле, удзельнікі паэтычнага клубу цягам года праводзяць досыць шмат розных літаратурных сустрэч, паэтычных чытанняў і вечарын. У гэтым годзе адбылася прэзентацыя чарговага нумару клубнага літаратурнага альманаха “Святло Святліцы”, праходзілі “паэтычныя батлы” і іншыя імпрэзы. Пры актыўным удзеле сябраў клубу нават быў запачаткаваны новы паэтычны конкурс-фестываль “Сакавіцкі  грак”.

На паэтычнай сустрэчы свае вершы чыталі ўсе – ад мала да вяліка

Адна з самых юных удзельніц паэтычнага клубу “Святліца” – Мілада Паўлава, вучаніца 37-й школы, побач – яе старэйшая каляжанка Лізавета Дзеручэнка з ліцэю №3

Крысціна Башарымава – найбольш “сталы” сябар “Святліцы”, яна студэнтка трэцяга курсу МДУ імя Куляшова

Уважлівыя слухачы

Падчас сустрэчы гучалі вершы як удзельнікаў, так і гасцей “Святліцы”, некаторыя з юных паэтаў нават прызналіся, што ўпершыню агучылі нешта са сваіх твораў перад шырокай аўдыторыяй. Не абмінулі цёплымі словамі пажаданняў поспехаў юнакам і дзяўчатам са “Святліцы” і ганаровыя госці імпрэзы.

Перад маладымі талентамі выступілі Эдуард Мядзведскі – паэт, журналіст, рэдактар, выдавец шматлікіх паэтычных зборнікаў, Надзея Далецкая – паэтка, сябра Саюзу пісьменнікаў Расіі, Мікола Яцкоў – беларускі паэт, публіцыст, кампазітар-песеннік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Спадар Яцкоў яшчэ і падараваў бібліятэцы некалькі выданняў СБП, у тым ліку і апошні альманах магілёўскіх літаратараў “Брама”.

Свае вершы пачытаў Эдуард Мядзведскі – вядомы магілёўскі паэт, журналіст

Надзея Далецкая  – сябра Саюзу пісьменнікаў Расіі

Мікола Яцкоў – старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў

Ад імя Саюзу пісьменнікаў Мікола Яцкоў падараваў бібліятэцы некалькі выданняў кніг і часопісаў, у тым ліку і апошні альманах магілёўскіх літаратараў “Брама”

Тамара Аўсяннікава – кіраўнік “Святліцы”, літаратар і літаратуразнаўца, публіцыст і педагог

На сённяшні дзень удзельнікамі “Святліцы” з’яўляюцца шаснаццаць чалавек, прычым вельмі рознага ўзросту – ад трэцякласніка да студэнта выпускнога курса Магілёўскага ўніверсітэта. Кіруе клубам ад самага заснавання, а існуе ён ужо шосты год, і вучыць маладых паэтаў вершаскладанню Тамара Аўсяннікава, магілёўскі літаратар і літаратуразнаўца. Усяго за час існавання “Святліцы” праз клуб прайшло і “асвятлілася” новымі паэтычнымі ведамі больш за пяцьдзясят літаратараў-пачаткоўцаў. Прыйсці ў клуб можа любы, хто толькі пачынае свой творчы шлях, хто адчувае ў сабе літаратурны талент і марыць яго развіваць і ўдасканальваць. Кожны тут атрымае падтрымку і дапамогу, знойдзе прыхільнікаў і крытыкаў, а гэта вельмі істотна для любога, нават самага дасведчанага паэта ці пісьменніка.

Клуб “Святліца” дзейнічае пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Акрамя штогадовага альманаха “Святло Святліцы”, вершы і артыкулы ўдзельнікаў клуба стала друкуюцца ў рэгіянальных і рэспубліканскіх газетах і часопісах. Было выдадзена і некалькі асобных аўтарскіх зборнікаў твораў некаторых з удзельнікаў літаратурнага аб’яднання.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

рэгіёны, паэзія, святы, Мікола Яцкоў, Магілёў

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
205