Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

22 верасня 2017

Танцы ў чаравічках

Сарабанда (ісп. zarabanda) – старажытны іспанскі народны танец. Этымалогія назвы невядомая. У Іспаніі з’явілася як танец ураджаю. Напачатку – жвавы, гарэзны, тэмпераментны танец, элемент балаганнай культуры. З мэтай знізіць яго папулярнасць царква забараніла танец. Так сарабанда трансфармавалася ва ўрачыстае цырыманіяльнае шэсце. …Гэта я да чаго? Расказвае Наста Грышчук.

Вы скажаце – занудліва тлумачу назву кнігі Георгія Барташа. Да слова, першай яго празаічнай кнігі. Другой – увогуле (пасля паэтычнага зборніка “Чаравічкі”).

Але як яно заўжды бывае, не ўсё так проста.

Вось чалавек: нараджаецца, расце. Па першым часе ён нават не зусім чалавек, у тым сэнсе, што сацыялізацыя яшчэ не падкасіла ў ім дзікі прыродны пачатак. Светлы перыяд, вольніца, уверцюра жыцця.

Потым пачынаецца трагікамедыя. Ты выкідваеш каленцы, бегаеш па коле, дрыгаеш усімі канечнасцямі ў мэтах выяўлення сваёй непаўторнай асобы. І няважна, што побач, у гэтым жа коле, гэтак жа сама, прытанцоўваюць тысячы іншых; няважна, што ты ўвогуле апынуўся ў коле – пачуванне волі і сваёй унікальнасці яшчэ жыве. А потым рытм танца запавольваецца, ты прытаміўся і ўсё часцей пераводзіш дых.

Затым у ваш карагод урываецца першая прыгажуня, Барбара-краса, даўгая каса. І гэтая самая каса паступова выкошвае суседзяў па танцы. Ты падскокваеш, як у той дзіцячай гульні, абы не трапіць на лязо. Вось, уласна кажучы, скокі смерці.

Фармалістам Георгія Барташа не назавеш, аднак сама структура кнігі “Сарабанда” -- паўнавартасны мастацкі канцэпт: уверцюра, сарабанда, dance macabre. Хочаш ты таго ці не, а тваё ўнікальнае жыццё таксама ўкладаецца ў схему.

Але не ўсё так змрочна. Як чалавек мудры (а іронія аўтара тоесная мудрасці), Георгій Барташ не заломвае рукі ў экзістэнцыйнай безвыходнасці. Дадзенасць трэба прымаць -- і мы прымаем.

А прыняўшы, можам засяродзіцца на дробязях. Іх так многа, што жыцця не хопіць агледзець. Таму трэба ўзірацца вельмі пільна, каб, абмежаваўшыся дзясяткам дэталяў, вывесці для сябе пэўныя заканамернасці. Вось, напрыклад, некаторыя з правілаў, што адкрыў Георгій Барташ (не першым, затое дасціпна):

  • чалавек бывае шчаслівы толькі ўрыўкамі, і шчаслівы ён зазвычай на фоне нядаўняга няшчасця;

  • падвойнае дно ёсць у кожнага, але гэта не значыць, што кожны – кепскі;

  • знешняя непрыкаянасць не з’яўляецца прыкметай разбэшчанасці: гэта толькі разгубленасць;

  • чалавек заўжды шукае, а што – сам не ведае (гэтае нешта патрэбна яму пазарэз);

  • няма тэмы, з якой нельга пасмяяцца;

  • няма смеху, які б не скончыўся слязьмі.

Словам, жыццё – штука складаная. Банальна? Вядома. Але каб паказаць, наколькі яно складанае і перадаць гэтае адчуванне абсурду, патрэбны горкі досвед і выдатны стыль.

Пра досвед Георгія Барташа нічога не скажу, а вось стыль яго прозы шмат у чым перагукаецца з паэтычнай “манерай паводзінаў”. Што для большасці выглядае жыццёва важным, Барташ змяншае да дробязі, праз іронію, гратэскна-ўрачыстую інтанацыю. А дэталі побыту чалавека, яго фрагментарнае светаадчуванне выводзіць на першы план. Не думай пра секунды звысоку – слушнае сцверджанне. А ў выпадку Барташа звысоку думаць не варта ні пра што. 

У залежнасці ад кожнага асобнага апавядання ўзнікаюць асацыяцыі то з Веньямінам Ерафеевым, то з незабыўнымі Ільфам-Пятровым, і ўсё ж ёсць істотная розніца між вядомымі сатырыкамі і нашым аўтарам: у сатырыкаў смех патыхае сацыяльшчынай, а Барташ – пясняр чыстай красы.

Гэта той самы выпадак, калі няважна, пра што піша аўтар. У тым і выяўляецца талент пісьменніка, што слова ягонае можа ператварыць муху ў слана, і ты паверыш, і будзеш іншых запэўніваць, што бачыў сланамуху. І вельмі шкада, што выраз “мастак слова” ператварыўся ў зацяганую анучу, бо датычна Георгія Барташа ён справядлівы і дакладны.

Трэба агучыць адно сумнае “але”. Актуальнасць. Справа ў тым, што светапогляд, сканцэнтраваны ў “Сарабандзе”, новаму пакаленню не ўласцівы. Яны, юныя кнігалюбы, зразумеюць асобныя жарты, магчыма, ацэняць стыль, але сапраўды паглядзець на свет вачыма аўтара… Чамусьці жыве ва мне ўпэўненасць, што для большасці сваіх чытачоў Георгій Барташ застанецца незразуметым. То бок, чытач будзе думаць, што ўсё якраз наадварот. Што апавяданні пра побытавыя цяжкасці, пра адзіноту, пра смерць, пра раптоўнасць яе, але ўсё гэта не тое. Эстэтыка скокаў смерці, карнавальшчыны, яна толькі вонкава грубая, а дайсці да яе свядома, зразумець, што гэта адзіная эстэтыка, якая вытрымала выпрабаванне часам і дасюль застаецца актуальнай, і жыць будзе, пакуль жыве чалавек… Для гэтага трэба быць усмешлівым трагікам, а новае пакаленне ўсур’ёз збіраецца быць шчаслівым.

Звярну ўвагу яшчэ на адну акалічнасць. У многіх апавяданнях Георгія Барташа ёсць дзеці. Гэта можа быць непрыкаянае дзіцё – герой аповеду; другарадны персанаж, які прабягае недзе там, на фоне; аўтабіяграфічны матыў (ці падробка яго). Таксама гэта можа быць дзіцячасць дарослага персанажа (недарэчны страх, непасрэднасць, нежаданне быць “дарослым” і пад.). Яе, дзіцячасць, можна ўспрымаць як інфантыльнасць. А можна падумаць: ці існуюць яны насамрэч, дарослыя?

І яшчэ пытанне: чаму аўтар азіраецца ў дзяцінства? Мне бачыцца ў гэтым туга па ўверцюры жыцця. Сарабанда – яна, вядома, штука вясёлая, свавольная, буйства фарбаў, пір постмадэрнізму… Чаго вартае жыццеапісанне Еўфрасінні Полацкай (Кацярына Медзічы перад ёю нішто). Ці гісторыя пра першага беларускага адмірала (тут аўтар хуліганіў ад душы). І ўсё ж, рана ці позна, ты стомішся ў танцы. І ты ведаеш, што наступнымі пасля сарабанды будуць скокі смерці. А потым загорнецца апошняя старонка, і ўсё, кніга прачытаная. У такім выпадку, што яшчэ застаецца, акрамя як прыслухоўвацца да мелодыі, якая грае не для цябе?..

Пэўна, для любога мастацтва найпершае значэнне мае тонкі слых. Ноты – знойдуцца, словы – знойдуцца. Галоўнае – чуць.

Да слова: будзе магчымасць, паслухайце, як спявае Барташ. Падчас чытання “Сарабанды” гэты досвед вам можа прыдасца.

Наста Грышчук, для lit-bel.org

кнігі, крытыка, даследаванні

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
364