Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

28 верасня 2017

Тры плюс два: у Мінску ўзнагародзілі лаўрэатаў «Экслібрыса»

Урачыстая цырымонія прайшла ўчора ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Ад імя музея выступіла Вольга Гулева, яна ж напрыканцы імпрэзы прыняла падарунак ад Саюза беларускіх пісьменнікаў: серыю вядомых здымкаў, у якіх пісьменнікі прымерылі ролі паганскіх бостваў.

Лаўрэаты і прызёры "Экслібрыса"-2017

Нагадаем: “Экслібрыс” – штогадовы літаратурны конкурс, які гэтым разам насіў імя Францішка Скарыны і прысвечаны мастацкаму перакладу. Логіка простая: перакладчыкам надалі асаблівую ўвагу на знак 500-годдзя выхаду першай беларускай кнігі, скарынаўскага перакладу “Псалтыра”.

У цырымоніі бралі ўдзел пераможцы, прызёры конкурсу і асобныя члены журы. Аздоба вечара – музыка Андруся Такінданга і яго сяброў. 

Лаўрэаты былі вядомыя. Так, першае месца за пераклад "Найлепшага месца на Зямлі" Тэрэсы Тышыньскай атрымала Іаанна Владыка. Гэта мемуары пані Тышыньскай, напісаныя па-польску. Тышыньскія жылі ў вёсцы Мясата пад Маладзечна; там жа жыла прабабуля перакладчыцы. Звілістымі шляхамі гэтыя мемуары адваявалі права жыць і быць пачутымі. Фрагмент, зачытаны на вечары, паказаў, што гэта цікавы і атмасферны твор, які адлюстроўвае побыт шляхетнай сям’і на зломе эпохаў. Узнагароду пераможцы ўручыў сябра журы, паэт Андрэй Хадановіч, які адзначыў: гэта не столькі пераклад, колькі вяртанне твора беларусам.

Пераможца конкурсу Іаанна Владыка і вядоўца вечарыны Усевалад Сцебурака

– Сапраўды, я хацела вярнуць гісторыю гэтай сям’і, каб яна стала часткай нашай агульнай гісторыі, – кажа лаўрэатка. – Ёсць тут і смех, і боль, і смутак, бо многае было страчана для Тышыньскіх пасля 1939 года.

Іаанна Владыка ўжо друкавала ў “Маладосці” пераклады з ангельскай. Аднак пабачыўшы сваё імя ў спісе першых, не паверыла.

– Я да апошняга сумнявалася: пераклад быў так хутка зроблены, я баялася, што мяне раскрытыкуюць ушчэнт. Магу таксама працаваць з французскай мовай, але пакуль рабочыя – польскай і ангельская.

 Выступае Алесь Емяльянаў-Шыловіч

Другое месца заняў Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Журы адзначыла яго пераклады з Адама Загаеўскага, Анны Свіршчынскай, Юльяна Тувіма, Уістэна Х’ю Одэна, Нормана МакКейга. Узнагароду лаўрэат атрымаў з рук сябры журы, перакладчыцы Алены Пятровіч.

– Цяпер я пашыраю кола аўтараў, моваў, – распавёў Алесь. – Хачу ўзяцца за кітайскую, праўда, з падрадкоўнікамі. Так, я маю кнігу перакладаў, але не чакаў з гэтае нагоды асаблівай да сябе ўвагі. Я сам бываў у журы падобных конкурсаў, і для мяне не мае аніякага значэння, ці з’яўляецца ўдзельнік кандыдатам навук, ці мае ён кнігу, ці дзесяць кніг. Ёсць яшчэ такі нюанс, як актуальнасць: можна перакласці твор з нейкай старызны, але калі гэта нікому не цікава, то навошта?.. А ёсць такія тэксты пяцісотгадовай даўніны, якія ў сучасным кантэксце набываюць новае гучанне.

Сяргей Матырка з дыпломам прызёра конкурсу

“Бронзавага” прызёра Сяргея Матырку віншавала сябра журы Ганна Янкута. Сяргей заявіў пра сябе “Вялікім Гэтсбі” Фіцджэральда. Пасля прызнаўся: твор абіраў з аглядкай на папулярнасць. Вядома ж, хочацца, каб пераклады знайшлі чытача, а не заставаліся ў шуфлядзе. Сяргей займаецца перакладамі з нямецкай (асноўная мова) і англійскай.

– Сказаць па шчырасці, я перакладаю даволі працяглы час. Але свой першы вялікі пераклад проста паклаў у шуфляду і баюся яго даставаць. Гэта твор сучаснага аўстрыйскага пісьменніка, вельмі спецыфічны. Урывак з яго я паказваў выдаўцу, але ён сказаў: гэта для чытача вельмі адмысловага… Але я не губляю імпэту. Да беларускай мовы мяне прывяла маці, і кнігі я абіраю такія, якія хачу, каб прачытала мама. Яна ўсё жыццё працавала на вёсцы, любіць Караткевіча, Шамякіна – словам, класіку. А вось з замежнай літаратурай не склалася.

Сяргей упэўнены: “Вялікі Гэтсбі” – з тых твораў, якія заўжды мусяць быць на паліцах беларускіх кнігарняў. І ён здзіўлены, што кнігу Фіцджэральда дагэтуль ніхто не пераклаў.

– Марыя Мартысевіч рыхтуе серыю “Амерыканка”, і ў мяне была з ёй на гэты конт размова. Не губляю спадзеваў, што пераклад “Вялікага Гэтсбі” пабачыць свет асобнай кнігай.

На перамогу, як і іншыя лаўрэаты, Сяргей не разлічваў.

– Была іншая мэта: каб мяне заўважыў выдавец, каб работа не засталася ляжаць у шуфлядзе разам з першай спробай. І мне вельмі радасна, што я не адзін такі хворы на галаву, што ў нас ёсць людзі, якія робяць пераклады – яшчэ лепшыя.

  

Цырымонію суправаджалі песні гурта Андруся Такінданга "Рэха"

Адметнасць “Экслібрыса”-2017 – наяўнасць двух дадатковых прызёраў. Сёлета на конкурс даслалі каля 30 работ, і сярод іх было шмат годных, таму абмежавацца трыма пераможцамі журы не магло. Так, адзначылі пераклады вершаў Юльяна Тувіма, якія даслала Надзея Квасняк, і празаічны пераклад Гектара Х’ю Манро, дасланы Яўгеніяй Лабоха.

Старшыня СБП Барыс Пятровіч перадае падарунак музею ад Саюза беларускіх пісьменнікаў: серыю вядомых здымкаў, у якіх пісьменнікі прымерылі ролі паганскіх бостваў.

Як зазначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, усе адзначаныя пераклады будуць надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў”. Таксама лаўрэаты і прызёры атрымалі падарункі ад арганізатара конкурсу.

Наста Грышчук, тэкст і фота для lit-bel.org

Барыс Пятровіч, пераклады, конкурсы, Экслібрыс, навіны СБП, Андрэй Хадановіч, Зміцер Колас, імпрэзы

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)
20 лютага 2018

Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)

Чытаць далей...
Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)
20 лютага 2018

Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта
20 лютага 2018

«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Чытаць далей...
«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
19 лютага 2018

«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
863