Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

01 лістапада 2017

Валянцін Дубатоўка: «Сапраўдны чалавек -- той, што адбудоўвае спаленую «героямi» родавую cядзiбу»

Восенню ў гарадзенскага пісьменніка, бізнесмена, старшыні філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў у Гародні Валянціна Дубатоўкі выйшла кніга «Чужы». У аповесці -- жыццё заходнебеларускай вёскі 1940-50-х гадоў і, у прыватнасці, хлопца Кастуся Саўчыка, якога яшчэ ў падлеткавым узросце на шляху напаткалі вялікія выпрабаванні.

Як уплывае наша мінулае на сучаснасць, як адрозніваць сапраўдных людзей ад "герояў" -- на гэтыя і іншыя пытанні сёння нам адказаў Валянцін Дубатоўка.

Як, калі і чаму вы пачалі займацца даследаваннямі гістарычнага мінулага? Як, па-вашаму, веданне гісторыі ўплывае на нас сёння?

Калi i чаму  гэта ўсё пачалося -- я i не ведаю. Можа, таму, што я нарадзiўся праз вулiцу, дзе калiсьцi знаходзiўся Дзярэчынскi палац Сапегаў. (У поўным сэнсе гэтых слоў. Дзярэчынская местачковая бальнiца знаходзiлася насупраць руiнаў былога палаца). А можа, таму, што ў мяне былi выдатныя настаўнiкi П. Марцiноўскi, Г. Турлай i непаўторны дзед Мiхась, на чыiм хутары я гадаваўся.

Ды ўсё ж, мае даследаваннi cпадчыны роду Сапегаў я назваў бы краязнаўствам, а не гiстарычнымi росшукамі. Хаця на гэтым шляху i былi цiкавыя адкрыццi. Напрыклад, тое, што ў сённяшнiм будынку Зэльвенскай Траецкай праваслаўнай царквы пры Сапегах месцiўся тэатр. А Дзярэчынская праваслаўная царква толькi ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя перайшла праваслаўным, а да гэтага была парафiяльным касцёлам. Пра гэта не ведаў нават сам Я.С. Сапега. У той перыяд, калі я займаўся Сапегаўскай спадчынай, у мяне cфармавалася трывалае разуменне, што на ўсе пытаннi, якiя зараз узнiкаюць у нашага грамадства i дзяржавы, адказы трэба шукаць у мiнулым.

Напрыклад, адмова пераважнай часткi нашага грамадства ад карыстання беларускай мовай. Ды гэта ўсё ўжо было. Узгадаем паланiзацыю, што адбывалася на тэрыторыi Беларусi ў 15-19 cт. Русiфiкацыю 19-20 стагоддзя. Канечне, многа робiцца i дзяржавамi, i суседзямi, каб беларусаў не цiкавiла свая гiсторыя, культура, мова. I гэта вельмi яскрава заўважаецца па тэлебачаннi i ў сацыяльных сетках. Аднаго разу я натыкнуўся ў iнтэрнэце на дыскусiю двух расейскiх iнтэлектуалаў: ліберала i кансерватара (умоўна). Ліберал абураецца тым, што падчас рэвалюцыi i пасля з тэрыторыi Расii на Захад эшалонамi вывозiлi рукапiсы, старыя i каштоўныя кнiгi, важныя манаграфii. Маўляў, гэта ўсё гэтыя iншаверцы, iншапляменнiкi. Сапраўдныя рускiя гэтак не рабiлi нiколi.

Вельмi хацелася б нагадаць гэтаму «лібералу» 1830-год, калi пасля паразы «Лiстападаўскага паўстання» данскiя казачкi i iх камандзiры грэлiся некалькi дзён каля вогнiшча з кнiг, што выцягнулi з бiблiятэкi Дзярэчынскага Дамінiканскага кляштара. А колькi ўсяго тады было знiшчана бiблiятэк на тэрыторыii тагачаснай Беларусi? Асноўная частка бiблiятэк тады знаходзiлася пры кляштарах, якiя адмiнicтрацыя Мураўёва зачыняла сотнямi. Таму, даражэнькiя мае, усё, што з вамi адбылося ў 1917 годзе, гэта ўсё заканамерна. Альбо, вось яшчэ: сённяшнiя расейскiя iмперцы «сокрушаются», як камунiсты-габрэi бесчалавечна паступiлi з целамi iмператара Мiкалая i яго сямi, парэшткамi генерала Лаўра Карнiлава. Ой як хацелася б нагадаць iм, як афiцэры расейскай iмператарскай армii -- заўважаю, не салдаты, а менавiта расейскiя афiцэры -- у 1863 годзе выдзiралi cа cцен Бярозаўскага Картузiянскага кляштара пазалочаную раку, у якой захоўвалася сэрдца фундатара гэтай святынi -- падканцлера ВКЛ, доктара права, графа i князя Казiмiра Льва. Дарэчы, сведчанне той варяцкая акцыi захоўваецца ў Гарадзенскiм архiве.


Некалькі пытанняў пра кнігу "Чужы". Як прыйшла ідэя яе напісання? Як і чаму вы змясцілі персанажаў менавіта ў гэты час (1940-50-я гг.) і месца? Што для Вас "шарая часіна"?

«Шарая часiна» -- гэта калi дзень яшчэ не скончыўся, а ноч яшчэ не наступiла. Час нявызначанасцi i няўпэўненасцi. Менавiта ў гэты адрэзак содняў на дарогах гiне больш за ўсё людзей. Якраз пад вечар звычайна змяняецца надворе. Распачынаюцца буры i завеi. Невыпадкова i аповесць «Чужы» пачынаецца з «шарай часiны».

На маю думку, наш народ, можа, таму i выжыў ва ўсiх гiстарычных калатнечах, што выпадалi на яго долю, таму, што лiчыў сваiм галоўным прыярытэтам дбаць наперад усяго пра сваю сямю, пра сваiх дзяцей, бацькоў, пра сваё жытло i сваю зямлю. Зяўленне сярод якога-небудзь народа героя i яго жыццёвы шлях -- гэта зява анамальная. I ў большасцi выпадкаў -- трагiчная. А народ -- гэта азначэнне вечнае.

У нашых галовах за час панавання Саветаў нешта кардынальным чынам змянiлася. Тысячагадовая гiсторыя хрысцiянства вучыць: «Не забi. Не ўкрадзi. Не жадай». А мы? Забiў дзесяць, альбо сотню сабе падобных -- герой! Адабраў у сябра апощняе - моцны, смелы. Залез да суседскай жонкi ў ложак -- сапраўдны мужчына. Але гэта ўсё ад нячысцiка. Сапраўдны чалавек, як на маю думку, -- гэта той, што раз за разам адбудоўвае спаленую «героямi» родавую cядзiбу. Нараджае i любiць сваiх дзяцей, шануе сваё i паважае чужое. Як ні банальна гэта гучыць.


Наколькі я ведаю, вы не толькі пісьменнік і даследчык, старшыня Гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, але і прадпрымальнік. Таксама вы бралі ўдзел у будаўніцтве царквы, усталяванні памятнай шыльды ў гонар Ларысы Геніюш. Як Вы кіруеце сваім часам, расстаўляеце прыярытэты і якой дзейнасці аддаеце перавагу?

У мяне няма прыярытэтаў. Усё, чым я займаюся, гэта маё звыклае жыццё. Да ўсiх пералiчаных вамi cпраў я, як магу, стаўлюся сурёзна i адказна. Я насамрэч лiчу, што ўсё пералiчанае неяк узаемазвязана. Уявiце сабе, каб Трэцякоў не стварыў бы галерэю. Альбо Уршуля Радзiвiл не займалася тэатрам, а расейскi выбiтны паэт i наш зямляк  Н. Шклярэўскi не дапамагаў  нашым чарнобыльцам. Як па мне, то найвялiкшае шчасце тады, калi ты можаш даваць тым, хто побач з табой, а не браць ад iх. Хтосьцi ахвяруе грошы на добрыя справы. Хтосьцi дорыць людзям cвой талент. Манахi моляцца i нясуць розныя неабходныя паслушаннi. Карацей, кожны сам робiць свой выбар, як жыць. Я яго таксама зрабiў.

Як Вы лічыце, ці складаней гарадзенскім пісьменнікам самарэалізавацца ў параўнанні з мінскімі? Якім чынам іх падтрымлівае Вашае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў сёння?

На маю думку, галоўнае, каб нашы лiтаратары пiсалi добрыя, таленавiтыя рэчы. Якiя будуць падабацца не толькi сабе, а i чытачу. Наконт таго, як яны мусяць самарэалiзоўвацца -- гэтае пытанне заўсёды будзе выклiкаць спрэчныя меркаваннi.

Справа ў тым, што зараз, у час камп’ютараў, тэлебачання, iнтэрнэту, вельмi мала людзi набываюць кнiжак. Лiтаратура, як i ўвесь свет,  iмклiва перасяляецца ў iнтэрнэт. А пiсьменнiк, як i раней, працягвае пiсаць кнiгi, якiя прадаць у цяперашнi час амаль немажлiва. Я ўпэўнены, што з цягам часу будзе знойдзена адэкватнае рашэнне дадзенай сiтуацыi. Але гэта ў будучыні.

Цяпер жа мы мусiм пiсаць i пiсаць, iншага выйсця няма. Кiраўнiцтва СБП, як i кiраўнiцтва фiлii, робiць усё, што можа. Выдаецца абласны штогадовы альманах  «Новы Замак», на старонках якога могуць друкавацца сябры фiлii. Маецца сайт пры СБП, нядаўна зявiўся сайт у абласнога аддзялення, выдаюцца кнiгi сяброў Саюза, ладзяцца сустрэчы з чытачамi. Карацей, робiм усё, што магчыма.

Пытанні задавала Алена Босава, для lit-bel.org 

Фота прадастаўленае Валянцінам Дубатоўкам

Гродна, інтэрв'ю

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Памёр пісьменнік Васіль Якавенка
23 студзеня 2018

Памёр пісьменнік Васіль Якавенка

Чытаць далей...
Лятучы ўніверсітэт прымае заяўкі на навучанне — дэдлайн 5 лютага
22 студзеня 2018

Лятучы ўніверсітэт прымае заяўкі на навучанне — дэдлайн 5 лютага

Чытаць далей...
Віншуем студзеньскіх юбіляраў!
22 студзеня 2018

Віншуем студзеньскіх юбіляраў!

Чытаць далей...
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
261