Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

05 лютага 2018

11 апавяданняў і 2 прыпавесці. Выйшла новая кніга прозы Уладзіміра Някляева

«На ўсякім сьвеце» — так называецца новая кніга прозы Ўладзімера Някляева. У ёй адзінаццаць апавяданьняў і дзьве прыпавесьці. Хаця падзел на гэтыя жанры даволі ўмоўны, асабліва, калі казаць пра такога літаратара як Уладзімер Някляеў.

Ён дэбютаваў вершамі і шырокае прызнаньне займеў за паэтычныя зборнікі. Але проза не адпускае Някляева ўжо ня першы год, а за раман «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» ён атрымаў прэмію імя Ежы Гедройця.

«Што б ні казалі, ні плялі, мы не ў зямлі, а на зямлі!» — напісаў Уладзімер Някляеў у адным з вершаў. У ягоных творах увогуле як бы няма памерлых. Усе — жывыя. Не Ў зямлі, а НА зямлі, не Ў небе, а ПАД ім. І гэта ня толькі дае чытачу адчуваньне цэласнасьці сьвету, але і дазваляе аўтару ствараць неверагодныя, фантастычныя — і ў той жа час на дзіва рэальныя сюжэты, што і стала зьместам кнігі «На ўсякім сьвеце».

Сьветаў, як вядома, два — гэты і той. У прыпавесьці, якая дала назву кнігі, яны злучыліся ў адзін. Усе памерлыя на Дзяды прыйшлі жывымі да сваёй роднае хаты і галоўны герой зусім не дзівіцца, пабачыўшы гэткую фантасмагорыю. У адным з інтэрвію аўтар сказаў, што гэтым творам ён хацеў сабраць у адным месцы ў адным часе ўсю сваю сям’ю. «…маю на увазе сям’ю з дзядамі, прадзедамі, прапрадзедамі і так далей у глыбіню стагодзьдзяў. Гэта спроба праз аб`яднаньне маёй крэўскай сям’і (Уладзімер Някляеў родам з Крэва) аб`яднаць у адну сям’ю ўсю Беларусь».

Фантазійнага ў новай кнізе шмат. Чаго варты хаця б шчымлівы сюжэт пра тое, як намаляваная на капоце машыны малпа ў крытычны момант ажывае і ратуе з пад колаў дзіця («Што да чаго?»).

Ці спрадвечная гісторыя братазабойства, наноў пераказаная праз дачыненьні катоў, якая так і называецца — «Каты». Альбо шчымлівы сюжэт пра каханьне й нянавісьць акторкі і палкоўніка ў «Школе танцаў».

Гэтыя ды некаторыя іншыя апавяданьні можна назваць паэтычным рэалізмам, але ўсялякія намёкі на паэтычнасьць зьнікаюць у творах, заснаваных на нядаўнім суровым жыцьцёвым досьведзе аўтара. Асабліва суровым у апавяданьні «Зьмены сувязяў», якое напісана пад час хатняга арышту, якім яму замянілі турэмнае зьняволеньне ў гэтак званай «амэрыканцы», куды Ўладзімера Някляева зьвязенілі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў-2010.

Актыўныя допыты — так, аказваецца, называюцца катаваньні, якімі з вязьня сьледчыя спрабуюць здабыць патрэбныя прызнаньні. Парог болю — таксама мяжа паміж гэтым сьветам і тым. Паміж ахвярай і катам. Паміж праўдзівым і злачынцам. Паміж жыцьцём і літаратурай.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў». І яна ўжо ёсьць у незалежных кнігараспаўсюднікаў.

Каментары

Афiша

18 красавіка
Наіўна. Супер: Размова з нарвежскім пісьменнікам Эрлендам Лу
У Мінску ў межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» у івэнт-прасторы Space (вул. Кастрычніцкая, 16А).
19 красавіка
Творчая сустрэча з Паўлам Севярынцам у Гародні
Прэзентацыя кнігі "Беларусалім" па адрасе: Гародня, вул. Будзённага, 48А.
03 траўня
Уручэнне прэміі Цёткі
У мінскім культурніцкім цэнтры «Корпус» (пр. Машэрава, 9).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным
18 красавіка 2018

Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

Чытаць далей...
Літаратары галасуюць за «Кнігу году 2017»
18 красавіка 2018

Літаратары галасуюць за «Кнігу году 2017»

Чытаць далей...
У Зэльве павінен быць музей Ларысы Геніюш: размова з Валянцінам Дубатоўкам
13 красавіка 2018

У Зэльве павінен быць музей Ларысы Геніюш: размова з Валянцінам Дубатоўкам

Чытаць далей...
Леаніда Маракова ўспомнілі ў Мінску (фота)
13 красавіка 2018

Леаніда Маракова ўспомнілі ў Мінску (фота)

Чытаць далей...
375