Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

11 кастрычніка 2017

Збор сродкаў на выданне дзіцячай кнігі «Дзве Авечкі» Вольгі Гапеевай

Знайсці якасную дзіцячую літаратуру на роднай мове з сучаснымі героямі і адпаведнымі ілюстрацыямі – вялікая праблема. Выданне кніжкі для дзяцей Вольгі Гапеевай «Дзве Авечкі» з ілюстрацыямі Марты Герашчанка дапаможа цудоўным гісторыям знайсці сваіх чытачак і чытачоў.

Выдавецтва “Галіяфы” запускае краўдфандынгавую кампанію па выданні доўгачаканай кніжкі Вольгі Гапеевай “Дзве Авечкі”.

Кніга складаецца з трох вершаваных гісторый, кожная з якіх – гэта цікавыя прыгоды дзвюх сябровак-авечак. У канцы кніжкі ёсць прыемны сюрпрыз для тых, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову – ілюстрацыйны слоўнік, які дапаможа дзеткам і бацькам арыентавацца ў некаторых словах.

У выданні жывуць прыгожыя каляровыя ілюстрацыі і надзвычай захапляльныя гісторыі. “Дзве авечкі” ўжо падрыхтаваліся да вандроўкі і хацелі бы зазірнуць і да вас у госці.

Для тых, хто хоча падтрымаць выданне кніжкі, аўтары праекта зрабілі штмат выгодных прапаноў. У залежнасці ад сумы лота можна будзе не толькі атрымаць асобнік, але і сустрэцца за кавай з аўтаркай і мастачкай, і нават узяць у іх майстар-клас па стварэнні кніжкі! Абраць прыдатны лот і падтрымаць праект можна на сайце Ulej.by.

Папярэдняя кніга Вольгі Гапеевай для дзяцей “Сумны суп” стала кнігай года 2015, таксама перамагла ў конкурсе Экслібрыс імя Янкі Маўра ў 2014 г. За тры гады распрадаўся ўвесь тыраж кнігі (1000 асобнікаў), на сённяшні дзень засталіся лічаныя экзэмпляры. Кніга таксама была заўважаная на расійскім кніжным рынку і выдавецтва “Вектар” з Санкт-Пецярбургу выпусціла яе на рускай мове(“Грустный суп”). Цяпер кніга перакладаецца на ўкраінскую і неўзабаве з’явіцца на ўкраінскім кніжным рынку.

Кампанія “Velcom” уключыла кнігу “Сумны суп” у сваю праграму па прамоцыі беларускай літаратуры “Мовабокс” і правяла імпрэзу для дзяцей з удзелам аўтаркі. 

Попыт з боку чытачоў, безумоўна, прысутнічае: дзеці і дарослыя, якія знаёмыя з кнігай “Сумны суп” чакаюць новых гісторый ад Вольгі Гапеевай з малюнкамі ад Марты Герашчанка.

 

Пра выдавецтва

“Галіяфы” – незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. Мае сваю аднайменную кнігарню ў Мінску, а таксама інтэрнэт-краму halijafy.by. Рухавіком і дырэктарам “Галіяфаў” з’яўляецца паэт і мастак Зміцер Вішнёў.

Выдавецтва спецыялізуецца на выданні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў. Другі важны накірунак – дзіцячыя кнігі на беларускай мове.

Акрамя таго, выдавецтва займаецца кнігамі па мастацтву і выданнямі, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.

Кнігі “Галіяфаў” неаднаразова адзначаліся літаратурнымі прэміямі, у тым ліку двойчы прэміяй “Кніга году”.

 

Пра аўтарку

Вольга Гапеева (Volha Hapeyeva) — беларуская паэтка, пісьменніца, мыслярка, перакладчыца, лінгвістка (кандыдат навук, дацэнт).

Аўтар кніг “Граматыка снегу”, “Няголены ранак”, “Прысак і пожня”, “Сумны суп”, “(в)ядомыя гісторыі” і інш. Творы Вольгі Гапеевай перакладзеныя на больш як 10 моваў свету. Стыпендыятка міжнародных праграм для пісьменнікаў і перакладчыкаў (Аўстрыя, Нямеччына, Латвія, Швейцарыя), удзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый і літаратурных фестываляў (Славенія, Германія, Чэхія, Швейцарыя, Польшча і інш.). Аўтарка супрацоўнічае з электроннымі музыкамі, выступае з аўдыёвізуальнымі перформансамі. Займаецца літаратурным перакладам, даследаваннямі ў галіне філасофіі мовы, кампаратыўнай лінгвістыкі, сацыялогіі цела.

 

Пра мастачку

Ілюстрацыі ў кнізе выкананыя Мартай Герашчанка, якая ўжо вядомая чытачам па кнізе “Сумны суп”.

Марта Герашчанка – скончыла Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт (Вільнюс, Літва), праграма Дызайн і Медыя. З 2011 г. – аніматар і мастак на кінастудыі "Беларусьфільм", "Саюзмультфільм"; фрыланс дызайнер і ілюстратар дзіцячых кніг. З 2013 года – арганізатар і выкладчык майстар-класаў па анімацыі для дзяцей і дарослых у Беларусі і Літве. Аўтарка ілюстрацый для такіх кніг як “Сумны суп” (Вольга Гапеева), “Капелька, туман, снежинка. Волшебные превращения воды” (Юлія Смірнова), “Тропинка” (Наталья Абрамцава).

 

Кантакты выдавецтва “Галіяфы”:

Яўгенія Барысевіч (куратар праекта “Дзве авечкі” па краўдфандынгу)

+375336711314, ybarysevich@tut.by

Паводле прэс-рэлізу

выданні, дзіцячая літаратура, паэзія, кнігі, збор сродкаў, Вольга Гапеева

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава
17 снежня 2017

«Першазмест усіх вершаў — невядомая велічыня». У Мінску адсвяткавалі 70-годдзе Алеся Разанава

Чытаць далей...
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
232