Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

04 ліпеня 2017

Зямля пад чорнымі крыламі

"Можна было б напісаць, што «гэты аўтар знаходзіцца наводдаль ад асноўных тэндэнцый беларускай прозы», каб не знаходзіліся там жа і ўсе астатнія аўтары: бо даўно разышліся сьцежкі-дарожкі ўтаптаных кірункаў, дый еднасьць былых таварыстваў зь іх маніфэстамі і няўлоўным прысмакам «агульнага» выглядае дастаткова сумнеўнай". Пра новую кнігу Вінцэся Мудрова піша Ціхан Чарнякевіч.

Цяпер кожны сам па сабе — камусьці гэта прыемна, у кагосьці выклікае раздражненьне.

Ня ведаю, мне дык такая свабода, нягледзячы на ейную нацыянальную змрочнасьць, даспадобы. Калі ня трэба фінішаваць першым, можна плысьці так, як хочацца табе, а ня трэнэру. Гэткі заплыў адзіночак у бяскрайнім акіяне мовы, уласна кажучы, і ёсьць літаратурным працэсам. Назірай за ім моўчкі, калі хочаш атрымаць задавальненьне.

 

У новай кнізе Вінцэся Мудрова «Забойца анёла» мне пабачыўся сьвядомы супраціў канкрэтным зьявам, зь якімі асацыюецца ягонае, аўтарава, імя. Тут ствараецца ўмоўны сьвет, без маркераў часу і месца, што для Мудрова — вядомага сваім полацкім мінулым — у нейкім сэнсе становіцца магчымасьцю адкаснуцца ад «полацкага тэксту». Кажучы пра «полацкі тэкст», ужо, мабыць, трэба і тлумачыць, што гэта за пятрушка такая, дый ці ёсьць наагул гэтая цёмная котка ў цёмным пакоі. Папросту гадоў дваццаць таму замацавалася пэўная міталягема Полацку як новага літаратурнага цэнтру. З пашырэньнем кніг пра даўнія княствы, уваходжаньнем абавязковых разьдзелаў пра Рагвалода, Эўфрасіньню й Скарыну ў школьныя праграмы, беларусы па-новаму адчулі свой паўночны горад. Што да літаратурнай успрымальнасьці, то ў Полацку ўтварылася даволі актыўнае Таварыства вольных літаратараў, невялікія кніжачкі якога моцна вылучаліся на тле традыцыйнай літаратурнай прадукцыі дзяржвыдавецтваў. Калі ў двух словах гаварыць пра тое, што гіпатэтычна магло б аб’яднаць тагачасных полацкіх аўтараў і ТВЛ-аўцаў з розных гарадоў, то гэта ўвага да гратэску, абсурду і карнавальнасьці. Позьнесавецкія і постсавецкія эклектычныя інтэр’еры, у якіх найчасьцей адбывалася дзеяньне, пасавалі сюды найлепшым чынам.

Адным з найцікавейшых археолягаў савецкага абсурду і быў Вінцэсь Мудроў. Пэўным апатэозам штудыяў у гэтым кірунку стаў «Альбом сямейны» зь «Бібліятэкі Свабоды» — адмысловы этналінгвістычны слоўнік, які й праз дваццаць гадоў складзе добрую дапамогу пачаткоўцам у галіне савецкай этнаграфіі. У «Альбоме» былі зьмяшаныя бязьлітасная іронія і цёплая настальгічная ўсьмешка, якая ўзьнікае кожнага разу, як раптам занурысься ў час дзяцінства й юнацтва.

Калі супаставіць «Альбом сямейны» з новай кнігай, то гэта немагчыма, і ўся Адэса будзе супраціўляцца. «Забойца анёла» максымальна аддалены ад слоўнікавай яснасьці, гэта збор успамінаў і візіяў «цёмнага лорда», з загадкавымі пэрсанажамі, неартыкуляванымі знакамі бяды, містычным дэтэрмінізмам, інстынктыўнымі парываньнямі сюжэтаў пры ўладзе паноўнай навэлістычнай кампазыцыі.

Згаданая містыка ў кнізе Мудрова («Кава апоўначы», «Карты ня хлусяць», «Сьветлай ноччу», «Ведзьма» і інш.) спалучаная з вульгарным, нізавым, гэта нібы ўказаньне на тое, што толькі ў маргіналізаваным, рэдукаваным сьвеце магчымыя трансфармацыі сьвядомасьці — галюцынацыі, прымхавыя фобіі. «Містык» быццам замыкае сябе ў пэўны лад мысьленьня, і гэта можа адбыцца пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў. Можна раскатурхаць сваю эмацыйнасьць алькаголем, пажадай, імпульсіўнасьцю, няспраўджаным чаканьнем. Герой на пачатку апавяданьня паказваецца, умоўна кажучы, нармальным, але ў ходзе тэксту зазнае мэтамарфозы. Гэта мог бы быць клясычны і нават традыцыйны псыхалягізм у прозе, каб аўтар «Забойцы анёла» ня йшоў крыху далей: псыхалягічны зрыў ён ператварае ў вар’яцтва, і героя абступае навакольны сьвет і зьядае яго з патрахамі.

Іронія і настальгічная ўсьмешка ператвараюцца тут у татальны чорны абсурд, з пэрвэрсіямі й расчлянёнкай. Калі і ўсплывае савецкая рэчаіснасьць, нейкія ўмоўныя 70-я ў нейкім дастаткова ўмоўным топасе-акварыюме, то і яны, нібыта сто разоў ужываная старая рэч, зь мілай штукенцыі робяцца звыродлівым і абрыдлым Ding an sich, якога ня можаш пазбавіцца, бо прыліпла смалой, і цягаеш яго паўсюль, і выклікае яно толькі нянавісць.

У гэтым чорным гумары абсурдысцкай кнігі Мудрова бачыцца і адлюстраваньне стомленасьці грамадзтва ад савецкай тэмы, зашмальцаванай пальцамі ідэолягаў богведама колькіх пакаленьняў. Замкнёнае кола агляду, утыканае квадратна-гнездавым мэтадам у галовы, з сталінымі-ленінымі-гальштучкамі, урэшце перастае выклікаць якую-кольвечы настальгію.

Гэта ўжо ня сьмешна. Гэта проста балюча.

Ціхан Чарнякевіч, svaboda.org

 

Вінцэсь Мудроў, кнігі, Кнігарня пісьменніка, крытыка, Ціхан Чарнякевіч

Каментары

Афiша

19 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
У мінскай Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх; ст. м. Міхалова).
19 лістапада
Літаратурны фестываль «Знак роўнасці» пройдзе ў Мінску (ПРАГРАМА)
17, 18, 19 лістапада ў Галерэі ТУТ.бай (пр-т. Дзяржынскага, 57). Уваход ВОЛЬНЫ
20 лістапада
Лекцыя Віктара Марціновіча пра Джуліяна Барнса
У прасторы Space (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16А).
21 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)
У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)
18 лістапада 2017

Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада
16 лістапада 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада

Чытаць далей...
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак
16 лістапада 2017

Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак

Чытаць далей...
Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск
15 лістапада 2017

Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск "Кнігарні пісьменніка"!

Чытаць далей...
387