Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

11 лістапада 2011

Алег Анцукевіч: Віленскія метамарфозы

Алег Анцукевіч: Віленскія метамарфозы

1 верасня 1939 года Нямеччына напала на Польшчу — і пачалася Другая сусветная вайна. Некаторыя фрагменты тых падзей выразна захаваліся ў памяці 9-гадовага хлопчыка.

Апошні дзень польскай Вільні

1 верасня 1939 года Нямеччына напала на Польшчу — і пачалася Другая сусветная вайна. Некаторыя фрагменты тых падзей выразна захаваліся ў памяці 9-гадовага хлопчыка. Доктар сацыяльных навук Алег Мікалаевіч АНЦУКЕВІЧ (Вільня, Летува) успамінае:

«Жыхары Вільні паступова пачалі абвыкаць да будняў вайны: зацямнення вокнаў па вечарах і горада — па начах; капання равоў у парках і скверах; аб’яваў паветранай трывогі па радыё і гучнагаварыцелях; выцця сірэнаў, налётаў нямецкай авіяцыі і бамбёжак; чэргаў па прадукты ў крамах; разлепленых амаль на кожным куту заклікаў быць пільнымі і выяўляць варожых шпіёнаў і г.д. З кожным днём забеспячэнне насельніцтва прадуктамі сілкавання станавілася ўсё цяжэй. Некаторыя крамы наогул зачыніліся, а ў пакінутых — тавара станавілася ўсё менш. Каб купіць самае неабходнае, даводзілася выстойваць у чэргах.


Ішоў 18-ы дзень вайны. Мая маці ад кагосьці даведалася, што менавіта ў гэты дзень у харчовай краме на вуліцы Віленскай (каля кінатэатра «Геліёс») будуць прадаваць муку. Са мной, 9-гадовым сынам, яна стала ў вялізную чаргу па жаданы прадукт. Крама была зачыненая, але людзі гаварылі, што яе хутка адкрыюць, бо мука ўжо завезеная. Народ цярпліва чакаў. У падобнай невядомасці мы прастаялі некалькі гадзін. І раптам на вуліцы пачаўся нейкі незвычайны рух. Спачатку ў бок «Зялёнага моста» праехалі некалькі вазоў, нагружаных рэчамі; ехалі, мяркуючы па знешнім выглядзе, абшарнікі. Затым праехалі некалькі фаэтонаў мясцовых фурманаў, таксама цалкам загружаных, з відавочна багатымі людзьмі. Чым далей ішоў час, тым жвавей станавіўся рух — і толькі ў адным кірунку. Літаральна адзін за іншым ехалі аўтамабілі, набітыя людзьмі і рэчамі, простыя калёсы. Калі дзень стаў хіліцца да вечара, па вуліцы цякла суцэльная рака транспартных сродкаў, уключаючы веласіпедыстаў.

Публіка ў чарзе здзіўлялася:

— Што гэта дзеецца? Чаму такая маса народу кудысьці едзе?

Стала прыкметна больш паліцыянтаў, афіцэраў. Людзі нічога не маглі зразумець і разгублена глядзелі на гэтую бясконцую працэсію.

Тым часам пачало шарэць. Транспартны струмень паступова стаў памяншацца і неўзабаве зусім спыніўся. Людзі, прастаяўшы ўвесь дзень у чарзе, нарэшце зразумелі, што іх падманулі. Усе пачалі разыходзіцца па хатах. Пайшлі і мы з маці. Па дарозе віленцы абмяркоўвалі незвычайны рух у бок «Зялёнага моста» і выказвалі розныя здагадкі. Часцей за ўсё гаварылася, што ўся гэтая маса людзей накіроўваецца па вуліцы Вілкамерскай (цяпер Укмяргес) да летувiскай мяжы, але чаму гэта адбываецца, ніхто не мог зразумець.

Калі мы падышлі да Ратушнага пляца, ужо зусім сцямнела. Але ля Вострай Брамы нешта свяцілася ў агульнай апраметнай цемры. Па Вялікай вуліцы мы падыходзілі бліжэй — і амаль аслупянелі. Уся Вострабрамская вуліца ажно да «Святых Варотаў» была ярка асветленая пражэктарамі, таму было светла, як днём. Уся прастора была запоўнена народам. Усе былі ў прыўзнятым настроі, радасна ўсміхаліся, а пры набліжэнні да «Святых Варотаў» наогул упадалі ў нейкі радасны экстаз. Людзі кідаліся адзін да аднаго, абдымаліся, цалаваліся, спявалі патрыятычныя песні і ўдзячныя малітоўныя гімны. У натоўпе бегалі хлапчукі — разносчыкі газет, і ўсім прапаноўвалі так званы «Dadatek nadzwyczajnу» да штодзённай віленскай газеты з ашаламляльнымі навінамі: «Гітлер забіты! Польскія войскі ад абароны перайшлі да наступальных баёў! Саюзнікі высадзіліся ў Польшчы! Чакаюцца вялікія перамены ў палітыцы!» і г.пд. Народ радаваўся: «Перамога! Хвала Войску Польскаму!»...

У капліцы «Святых Варотаў» ішло набажэнства. Прабіцца скрозь жывую сцяну радаснай публікі было не так і проста. Але мы дабраліся амаль да сценаў капліцы, калі ксёндз звярнуўся да народа. Даслоўна не памятаю, але сэнс паўтараў загалоўкі газетных публікацый: Італія разарвала саюз з Нямеччынай і ўступае ў барацьбу на баку Польшчы, Англіі і Францыі; Гітлер забіты, у кіраўніцтве Нямеччыны — разброд; нямецкі наступ на Варшаву спынены, паўночная групоўка польскіх войскаў перайшла ў контрнаступленне і рухаецца на Кенігсберг. Гэтыя словы выклікалі ў натоўпе новыя выбухі радасці. Людзі са слязьмі на вачах абдымалі адзін аднаго, цалаваліся, ахопленыя ўсеагульнай весялосцю.

Сяк-так мы прабіліся праз гэты радасны натоўп і выйшлі на пляц, размешчаны перад «Вострай Брамоай». І зноў уразіліся апраметнай цемры і нешматлікім мінакам.

Летувiскае войска ў Вiльнi. Кастрычнiк 1939 года


Ачмурэлыя ад убачанага і пачутага, па цёмнай і пустэльнай Піўной вуліцы мы паспяшаліся дахаты. Калі падыходзілі да манастыра сясцёр-«візітовак», што на вуліцы Роса, пачулі быццам грымоты. У небе зашугалі ні то маланкі, ні то зараніцы. Маці гучна сказала, што дзіўна назіраць навальніцу ў другой палове верасня. У гэты час нас дагнаў пажылы рабочы і ў адказ на маміныя словы заявіў:

— Пані памыляецца. Гэта не навальніца, а бальшавіцкая артылерыя абстрэльвае прыгарад Вільні.

— Якія бальшавікі? Што вы вярзеце?! — запярэчыла маці.

— Пані не ведае? Бальшавікі яшчэ ўчора перайшлі мяжу Польшчы, і цяпер іх перадавыя часткі знаходзяцца на подступах да Вільні, — «адукаваў» нас пралетар.

На наступны дзень, 19 верасня 1939 года, Чырвоная Армія ўступіла ў Вільню і мы апынуліся ў Савецкім Саюзе.

Хто арганізаваў вышэйапісаную бутафорыю, дакладна не вядома. Магчыма, мясцовыя ўлады, каб адцягнуць насельніцтва ад масавых уцёкаў у Летуву, якія мы назіралі, стоячы ў чарзе? Пасля нідзе і ніколі мне не давялося сустрэць хоць бы якую інфармацыю аб гэтым.

Мяркуючы па аповедах відавочцаў, савецкія танкі з’явіліся на ўскраінах Вільні яшчэ 18 верасня каля 4-5 гадзін дня. Мой знаёмы Юрый Зімніцкі распавядаў, што прыкладна ў гэты час праходзіў па вуліцы Ліпоўка каля праваслаўных могілак. Раптам на вуліцы з’явіліся 2 ці 3 савецкія танкі. Танкіст з першай «баявой машыны» паклікаў мінака і спытаў: «Гэта ўжо Вільня?». Калі Юрый адказаў сцвярджальна, яны развярнуліся і з’ехалі за межы горада.

Потым хадзілі чуткі, быццам бы камандаванне надыходзячай на Вільню групоўкі Чырвонай Арміі прапанавала мясцовым уладам, каб пазбегнуць марнага кровапраліцця, затрымаць наступ на горад да 19-га, каб прадстаўнікі ўладаў ды іншыя антысавецкія элементы маглі спакойна пакінуць горад і межы Польшчы, якой у той час належала Вільня (што і назіралі мы з маці, стоячы ў чарзе). У любым выпадку, аперацыя па заняцці Вільні Чырвонай Арміяй пачалася адразу ж пасля 12 гадзін начы, гэта значыць ужо 19-га, а да гэтага ў горадзе было ўсё спакойна…

Віленскія метамарфозы

Нягледзячы на ваенны час, яшчэ 18 верасня 1939 года знешне віленцы выглядалі як заўсёды. У цэнтры горада пераважала публіка панскага тыпу, г.зн. мужчыны былі апранутыя ў добрыя гарнітуры і плашчы, многія — у капялюшах; моладзь — у асноўным у гімназічнай форменнай вопратцы; жанчыны — у добрых сукенках, плашчах, паліто, як правіла, у капялюшыках. Працоўнага люду ў цэнтры было мала, але ён адразу ж вылучаўся сярод агульнай масы таннай вопраткай, мужчыны — у кепках, жанчыны — у хустках.

Насельніцтва горада фактычна не ведала яшчэ аб уваходзе на тэрыторыю Польшчы Чырвонай Арміі. Радыёпрымачы былі рэдкасцю, а ад афіцыйных кругоў гэтыя паведамленні не паступалі. Ды «ўладу трымаючыя» ўсё выдатна ведалі, таму ў большасці сваёй масава накіраваліся да летувіскай мяжы. Туды ж падаліся большасць афіцэраў, а таксама паліцыянтаў і высокіх службоўцаў. Застаўшыся без камандавання, салдаты Віленскага гарнізона «растварыліся» ў агульнай масе насельніцтва.

Але для польскай гісторыі патрэбныя былі факты «гераічнай абароны Вільні ад бальшавіцкіх захопнікаў». У старэйшых класах гімназій праводзілася ваенная падрыхтоўка юнакоў па так званым курсе «przysposobienia wojskowego». «Бацькі горада», уцякаючы, далі загад некалькім афіцэрам арганізаваць абарону Вільні сіламі навучэнцаў. Па гэтым «патрыятычным» закліку да начы з 18 на 19 верасня сабралі некалькі соцень 16-17 гадовых падлеткаў, якім раздалі сякія-такія пісталеты, стрэльбы, гранаты, але галоўнай зброяй лічыліся бутэлькі з «палымянай сумессю» супраць танкаў. Сярод «абаронцаў» былі і вучні выпускных класаў гімназій, і студэнты. Але яны хутка сцямілі, што іх проста «падставілі», г.зн. пасылаюць «на ўбой», — і большасць разышлася па хатах.

На вулiцы Вiльнi ў вераснi 1939 года

Тых, хто застаўся, афіцэры размеркавалі групамі па розных пунктах горада, у асноўным па могілках, садах, на гары Бельмонт.

Як толькі пачаўся наступ Чырвонай Арміі, тыя групы пачалі страляць. У некалькіх месцах ім удалося падпаліць пару танкаў. Натуральна, у адказ на страляніну хлапчукоў быў адкрыты агонь усёй моцы надыходзячых воінскіх частак: артылерыйскі, кулямётны. Усе агмені супраціву адразу былі знішчаныя. Што сталася з «гора-абаронцамі» Вільні, толкам не ведаю. Хутчэй за ўсё, большасць разбеглася па хатах: была ноч, навучэнцы не былі апранутыя ў ваенную форму. Але многія і загінулі…

Мой 15-гадовы брат раніцай 19 верасня пайшоў да гары Бельмонт паглядзець вынікі баёў. Ад людзей чулі, што там стаіць падпалены савецкі танк. Брат убачыў, што «баявая машына» яшчэ дыміцца. Жахлівым быў выгляд вуліцы. На адхонах для сцёку вады ляжалі трупы няшчасных падлеткаў, якіх палітыкі ўцягнулі «ў дарослыя гульні».

Некалькі чырвонаармейцаў стаялі на варце, а вакол сабраўся натоўп жанчын, якія галасілі і спрабавалі адшукаць сваіх дзяцей. Каго знайшлі — патруль дазваляў забраць...

Так фактычна завяршылася «гераічная» абарона Вільні ад бальшавікоў у 1939 годзе. Тым не менш, пазней у польскім друку, у радыё- і тэлеперадачах зрэдку з’яўляліся паведамленні аб гераічнай абароне Вільні сапраўднымі патрыётамі, многія з якіх аддалі жыццё за свабоду Радзімы і тым самым заслужылі навекі ўдзячную памяць будучых пакаленняў Польшчы…

Наступіў новы дзень — 19 верасня. Каля апоўдня бацька ўзяў мяне на шпацыр у горад, каб даведацца, што адбываецца ў цэнтры. Яшчэ не даходзячы да Вострай Брамы, мы былі здзіўленыя ўбачаным. Публіка на вуліцах горада як быццам па ўзмаху чароўнай палачкі цалкам змянілася. Па вуліцах ішлі людзі ў нейкіх патрапаных куртках, у пацёртых старых ботах, кепках, хоць відаць было, што гэта — былыя гаспадары. Ніводнай жанчыны не было ў капялюшыку, усе — у хустах ці берэтах. Значна больш у цэнтры было і працоўнага люду. Змянілася і хада. Раней публіка панскага тыпу хадзіла не спяшаючыся, прыстойна, з відавочным пачуццём уласнай годнасці. Цяпер жа большасць людзей імкнуліся прайсці незаўважанымі, хуткім крокам, аглядаючыся па баках.

Савецкi агiтацыйны плакат 1939 года


Каля Вострай Брамы мы ўпершыню ўбачылі патрулі народнай міліцыі — прадстаўнікоў гарадской беднаты і пралетарыяту з чырвонымі павязкамі на рукавах і са стрэльбамі. Шмат дзе стаялі «эмкі» савецкіх камісараў. Каля машын збіраліся групкі людзей — распытвалі пра савецкія парадкі. У адказ ім ажыўлена распавядалі аб хуткім харастве новага жыцця.

У цэнтры горада, каля Ратушнага пляца, вялізны натоўп лю­дзей вітаў часткі Чырвонай Арміі. Калі мы падышлі бліжэй, кінулася ў вочы пераважная большасць тут габрэяў. Маладзіцы падносілі салдатам і афіцэрам кветкі, абдымалі і цалавалі іх.

То тут, то там утвараліся імправізаваныя мітынгі, выступалі прамоўцы: віталі Чырвоную Армію. Натоўп хутка павялічваўся і неўзабаве запоўніў увесь пляц і вялікую вуліцу. А па ўсіх асноўных артэрыях горада бесперапыннымі струменямі ішлі часткі Чырвонай Арміі: танкі, артылерыя, конніца, пяхота.

Патрулі народнай міліцыі затрымлівалі на вуліцы падазроных «рабацяг» з панскімі фізіяноміямі або з ваеннай выправай. Некаторых забіралі і кудысьці адводзілі, іншых — адпускалі. Шукалі ў асноўным пераапранутых афіцэраў і паліцыянтаў.

За адну ноч Вільня быццам перарадзілася. Змянілася ўлада, амаль цалкам змяніўся і твар горада…

Загадкі сарака дзён беларускай Вільні


У большасці публікацый пра майго бацьку Мікалая Пятровіча Анцукевіча гаворыцца, што ён быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі з канца верасня да пачатку лістапада 1939 года. Але ў некаторых крыніцах кіраўніком у той перыяд называецца Барыс Кіт. Дзе ж праўда?

Разабрацца ў гэтым дапамаглі знойдзеныя ў архіве майго бацькі дакументы, якія пацвярджаюць правату абодвух сцверджанняў.

Пасля гучнага скандалу 1936 года, калі ў беларускай гімназіі раскрылі ячэйку Кампартыі, быў арыштаваны дырэктар навучальнай установы Радаслаў Астроўскі (праз некалькі месяцаў стаў настаўнікам гімназіі ў гора­дзе Лодзь). Упраўленне адукацыі прапанавала пост кіраўніка Мікалаю Анцукевічу. Польскія ўлады значна актывізавалі дзейнасць у кірунку поўнай паланізацыі нацыянальных меншасцяў. Асабліва заўзята за гэтую справу ўзяўся Віленскі ваявода Бецяньскі. У пачатку 1938/1939 навучальнага года ён выклікаў майго бацьку і прапанаваў яму арганізаваць збор подпісаў бацькоў навучэнцаў беларускай гімназіі пад хадайніцтвам перавесці ўвесь навучальны працэс выключна на польскую мову. Мікалай Пятровіч катэгарычна адмовіўся гэта зрабіць. Ён неадкладна быў звольнены з пасады дырэктара і накіраваны на працу ўглыб Польшчы, у горад Ломжа пад Варшавай (выкладчыкам латыні ў мясцовых гімназіях — мужчынскай і жаночай). Дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі быў прызначаны У. Кавалевіч, які адразу ж выканаў усе патрабаванні польскіх уладаў.

19 верасня 1939 года ў Вільню ўступіла Чырвоная Армія. На 40 дзён горад стаў сталіцай Заходняй Беларусі. Натуральна, папярэдняга дырэктара беларускай гімназіі вызвалілі ад пасады, а кіраўніком быў прызначаны Барыс Кіт, які яшчэ пры маім бацьку выконваў абавязкі намесніка дырэктара. Малады таленавіты матэматык пасля стаў сусветнавядомым навукоўцам-астрафізікам.

40 дзён беларускай Вільні адзначыліся небывалым уздымам нацыянальнага адраджэння ва ўсіх сферах дзейнасці. Асабліва гэта выявілася ў адукацыі. З усёй Заходняй Беларусі ў Вільню пацякла маса дзяцей, жадаючых вучыцца, у асноўным — юныя прадстаўнікі сельскай беднаты, якой у польскі час платная сярэдняя адукацыя была недаступнай па фінансавых прычынах.

У апошнія дні верасня 1939 года ў Віленскую беларускую гімназію прыехала некалькі тысяч такіх дзяцей, прычым большасць іх была пераросткамі. У гімназіі змушаныя былі арганізаваць многа — да 10-ці — паралельных класаў.

Натуральна, у такіх умовах Віленская беларуская гімназія не магла задаволіць усіх жадаючых. Было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Вільнi Другой беларускай гімназіі. Па хадайніцтве беларускай грамадскасці было даручана арганізаваць яе М. Анцукевічу, адразу ж прызначанаму дырэктарам. Другая Віленская беларуская гімназія размясцілася ў памяшканні былой польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча на Дамініканскай вуліцы.

Наплыў навучэнцаў і ў гэтую гімназію таксама быў вялізным. Кожны дзень прыбывала ўсё новая і новая моладзь. Трэба было дзесьці размяшчаць гэтых юнакоў і маладзіц. Усе школьныя інтэрнаты былі перапоўненыя. Бацька цэлымі днямі быў заняты размяшчэннем маладых людзей, якія прагнулі ведаў, і арганізацыяй навучальнага працэсу. Трэба было набіраць калектыў настаўнікаў, даставаць школьны інвентар, вырашаць іншыя шматлікія пытанні. Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца копіі дакументаў, якія захаваліся ў майго бацькі:

1. Загад «камісара Культуры і Народнай Асветы тав. Клімава» па арганізацыі навучальнага працэсу ў Другой Віленскай беларускай гімназіі, перададзены Франуком Грышкевічам. Член Кампартыі, пры Савецкай уладзе ён адразу ж заняў высокі пост у Камісарыяце (дзіўна, але быў і апошнім дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі ў гады акупацыі — 1942-1944);

2. Прашэнне дырэктара Другой Віленскай беларускай гімназіі аб аказанні матэрыяльнай дапамогі новай гімназіі і каштарыс неабходных выдаткаў. Мяркуючы па датах, другая Віленская беларуская гімназія была арганізаваная ў канцы верасня 1939 года, бо ў пачатку кастрычніка яна ўжо функцыянавала.

28 кастрычніка 1939 года Савецкім Саюзам Вільня была перада­дзена Летуве. Амаль усе навучэнцы Другой Віленскай беларускай гімназіі і вялікая частка Першай Віленскай беларускай гімназіі тэрмінова з’ехалі дамоў. З сыходам Савецкай улады вялікая частка калектыва Першай Віленскай беларускай гімназіі на чале з яе дырэктарам Б. Кітом пераехала ў Наваградак — у Беларусь. З астаткаў абедзвюх гімназій летувіскімі ўладамі была створана Віленская беларуская трохкласная прагімназія. Дырэктарам яе ў гэты пераходны перыяд да сярэ­дзіны лістапада 1939 года заставаўся мой бацька. Затым улады прызначылі кіраўніком вядомага беларускага палітычнага дзеяча ксяндза Адама Станкевіча.

У ліпені 1940 года ў Летуве была ўсталявана Савецкая ўлада. Мой бацька ізноў узначаліў беларускую ўстанову адукацыі. Мікалай Пятровіч Анцукевіч заставаўся на пасадзе дырэктара Віленскай беларускай прагімназіі да яе ліквідацыі ў сувязі з пачаткам вайны 22 чэрвеня 1941 года і заняццем Вільні нямецкімі войскамі.»

Запісала Таццяна Канапацкая

Надрукавана ў 62-м нумары "Літаратурнай Беларусі".

Pdf-версія "Літаратурнай Беларусі" № 62 цалкам

Каментары

Афiша

21 лістапада
Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)
У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).
23 лістапада
ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ
Прэзентацыя падручніка на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31, аўд. 304).
25 лістапада
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае»
Запрашаем у Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя Астроўскага (пр. Газеты “Праўда”, 20А, ст. м. Пятроўшчына).
25 лістапада
«Кніжная Шафа» ўпершыню прадстаўляе выставу малюнкаў
Паказ пройдзе з 24 кастрычніка (адкрыццё) па 25 лістапада ў Мінску.
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Спроба паставіць «Знак роўнасці» (фотарэпартаж)
20 лістапада 2017

Спроба паставіць «Знак роўнасці» (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Як Біл з Болаю вучылі дзяцей любові да іншасці
20 лістапада 2017

Як Біл з Болаю вучылі дзяцей любові да іншасці

Чытаць далей...
Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)
18 лістапада 2017

Фестываль «Знак роўнасці» адкрыўся ў Мінску (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада
16 лістапада 2017

Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае» — 25 лістапада

Чытаць далей...
139