Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

19 лютага 2013

Рэха Стральцоўскага фэсту. Дзень другі: лекцыі, чытанні, кнігі

Рэха Стральцоўскага фэсту. Дзень другі: лекцыі, чытанні, кнігі

Другі дзень Другога міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” запомніўся публіцы лекцыяй шведскай пісьменніцы і працяглымі чытаннямі на розных мовах, а самім выступоўцам — цёплай атмасферай і вельмі прыязнымі слухачамі, гатовымі літаральна бясконца слухаць паэзію.

Другі дзень Другога міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” запомніўся публіцы лекцыяй шведскай пісьменніцы і працяглымі чытаннямі на розных мовах, а самім выступоўцам — цёплай атмасферай і вельмі прыязнымі слухачамі, гатовымі літаральна бясконца слухаць паэзію.

 

Аўтабіяграфія — прыватныя лёсы ў мастацкай прозе

Інга-Ліна Ліндквіст — паэтка, літаратарка, выкладае пісьменніцкае майстэрства ў адной са Шведскіх літаратурных школ. Малая радзіма Інгі-Ліны — горад Барысаў, і таму для аўтаркі аказаліся надзвычай цікавымі рэаліі, у якіх развіваецца сучасная беларуская літаратура.

У другі дзень Стральцоўскага фестывалю спадарыня Ліндквіст прачытала лекцыю “Лёс і апавяданне: аўтабіяграфічная проза”.

Інга-Ліна Ліндквіст

Аўгуст Стрындберг, шведскі пісьменнік і драматург, пачынальнік сучаснай шведскай літаратуры і тэатра, спрычыніўся таксама і да запачаткавання і развіцця аўтабіяграфічнай прозы. Ягоныя творы, у якіх пісьменнік распавёў пра негатыўны досвед свайго асабістага жыцця, шырока абмяркоўваліся ў грамадстве.

Новая хваля цікавасці да аўтабіяграфічнага жанру адзначаецца пачынаючы з 1950-х—1960-х гадоў, калі шведы пачалі вельмі актыўна вандраваць, і з’явіліся дзясяткі і нават сотні кніг-рэпартажаў, падарожных нататак. Спецыфіка гэтых выданняў была ў тым, што збольшага аўтары пісалі не пра краіны, дзе ім давялося пабываць (Афганістан, Індыя), а пра сябе. Збольшага гэта былі аўтары-мужчыны.

У 1970-х да аўтабіяграфістыкі звярнуліся творцы-жанчыны. Прыкладам, дацкая пісьменніца Сюзан Броге ўзняла ў сваіх шматлікіх навелах і раманах менавіта жаночае пытанне. У адным з твораў яна апісала сваё падарожжа ва Узбекістан і тое, як яна падверглася гвалту з боку мясцовых мужчын.

Часта жанчыны-пісьменніцы закраналі так званыя табуяваныя тэмы: напрыклад, вялікі грамадскі розгалас мела кніга, у якой распавядалася пра нянавісць дачкі да сваёй маці. Былі аўтаркі, якія адстойвалі свабодную любоў ці выступалі за разбурэнне інстытуту сям’і.

Такія кнігі выклікалі бурныя абмеркаванні і станавіліся крыніцай літаратурных скандалаў, што спрыяла яшчэ большай папулярызацыі аўтабіяграфічнага жанру.

Інга-Ліна адзначыла, што беларускай літаратуры не хапае аўтабіяграфічнай прозы, што гэты жанр выразна адрозніваецца ад мемуараў, бо мае структуру мастацкага твора. Лектарка адзначыла важнасць выпрацоўкі тэхнікі аўтарскага голасу і стварэння так званай “літаратуры сведчанняў”, “літаратуры сведак”, якая мае распаўсюд у Швецыі, але не развітая ў нас.

 

Беларусы закаханыя ў паэзію

З прывітальным словам да гледачоў і ўдзельнікаў фестывалю звярнуўся Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску спадар Франк Баўман, перакладчыкам стала Вера Дзядок.

Франк Баўман і Вера Дзядок

Злева направа: Ігар Коцюх, Уладзімір Някляеў, Анатоль Івашчанка

Выступленне Уладзіміра Някляева запомнілася экспрэсіўнасцю і артыстызмам. Творца агучыў новыя вершы, якія ўвойдуць у наступную кнігу:

 

Калі доўга глядзець і глядзець, як кладуцца на краты сняжынкі,

Можна ўспомніць старыя, чорна-белыя фотаздымкі,

На якіх я то з маці, то з бацькам, то з братам — ён у куртачцы новай,

А на гэтым з табой — новы ён, каляровы.

Як змянілася ўсё: людзі, дрэвы, машыны, дамы!

Толькі я каля мамы той самы,

Як і процьму гадоў да турмы.

 

Андра Тээдэ, маладая паэтка з Эстоніі, гаворыць толькі на сваёй роднай мове, таму разам з ёй у тандэме выступіў яе зямляк, паэт і перакладчык Ігар Коцюх. Спадар Ігар прадстаўляў і свае ўласныя тэксты на рускай мове.

 

Андра Тээдэ

— Беларуская публіка, як ніводная іншая, вельмі любіць паэзію, гэта надзвычай прыемна, — адзначыў эстонскі творца, спадар Ігар Коцюх.

Віталь Рыжкоў 

Віталь Рыжкоў, адзін з лепшых беларускіх слэмераў, акрамя звыклага рэпертуару, што яму самому, як прызнаецца паэт, ужо надакучвае, прачытаў новы, нядаўна напісаны верш, чым вельмі парадаваў сваіх прыхільнікаў.

Са сваёй паэзіяй на рускай мове выступіла Інга-Ліна Ліндквіст.

 

Сяргей Прылуцкі

Сюжэтныя вершы з яркімі персанажамі — унікальны стыль беларуса Сяргея Прылуцкага, які ўжо колькі гадоў жыве ва Украіне і прыехаў адмыслова на фэст.

Сяргей Бірукоў

Сяргей Бірукоў (Расія/Германія) практыкуе галасавую паэзію, і яго выступы адзначаюцца візуалізацыяй вершаў і відовішчнасцю. На беларускую мову творы Сяргея пераклалі Віктар Жыбуль і Варвара Чаркоўская.

Міхась Скобла

Алесь Ліпай

Класічную паэтычную традыцыю прадставілі Міхась Скобла і Алесь Ліпай. Выступіў адзін з заснавальнікаў рускамоўнай авангарднай паэзіі Беларусі Дзмітры Строцаў.

Маладзейшае пакаленне сучасных беларускіх паэтаў — Павал Свярдлоў, Наста Кудасава, Анатоль Івашчанка, — прадэманстравалі як верлібры, так і рыфмаваныя вершы.

Аня Кампман

Аня Кампман (Германія) выступіла супольна з перакладчыцай Марыяй Мартысевіч.

Завяршыў блок паэтычных чытанняў музыка Яўген Барышнікаў.

 

Серыя “Кнігарня пісьменніка” — новыя выданні

Празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч расказаў, што ў серыі “Кнігарня пісьменніка”, заснаванай у 2009 годзе, выйшла ўжо 35 кніг, большасць з якіх — паэтычныя. У межах прэзентацыі выступілі аўтары, чые кнігі пабачылі свет.

Барыс Пятровіч прадставіў гарадзенскага паэта, выкладчыка і перакладчыка Анатоля Брусевіча, у якога выйшаў вершаваны зборнік “Апошні дзень”. Анатолю было ўрачыста ўручана пісьменніцкае пасведчанне — сябрам СБП паэт стаў зусім нядаўна, хаця яго першая кніга з'явілася, калі аўтар быў яшчэ школьнікам-дзевяцікласнікам.

Аксана Данільчык агучыла вершы з кнігі “Сон, які немагчыма забараніць”.

Сяргей Сыс

Сяргей Сыс чытаў са свайго зборніка “Стрэмка”. Завяршыў праграму Леанід Дранько-Майсюк з “Кнігай для спадарыні Эл”.

Леанід Дранько-Майсюк

Цягам прэзентацыі сярод гледачоў былі разыграны прызы — кнігі з серыі “Кнігарня пісьменніка”.   

 

Болей фота гл. на нашай старонцы ў фэйсбуку.

 

Гл. таксама: 

1 дзень: http://lit-bel.org/by/news/3547.html

3 дзень: http://lit-bel.org/by/news/3571.html

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове
26 чэрвеня 2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове

Чытаць далей...
Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
23 чэрвеня 2017

Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Чытаць далей...
Моцарт беларускай літаратуры
23 чэрвеня 2017

Моцарт беларускай літаратуры

Чытаць далей...
Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!
23 чэрвеня 2017

Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!

Чытаць далей...
666