Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

28 траўня 2013

У Мінску адбылася прэзентацыя новай кнігі Галіны Каржанеўскай

27 мая ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзентацыя кнігі Галіны Каржанеўскай “Што варта радасці і слёз…”. Выданне пабачыла свет у серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў. “Аўтабіяграфія ў нарысах і вершах” – так акрэслены жанр новай кнігі.

Раіса Баравікова і Галіна Каржанеўская

У прывітальным слове Галіна Анатолеўна Каржанеўская адзначыла, што на імпрэзу завіталі яе землякі, родзічы, сябры і прыяцелі, і, канечне, прыхільнікі творчасці пісьменніцы.

Злева направа: Раіса Баравікова, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Вера Буланда

Сярод прысутных у залі былі і калегі-літаратары: Людміла Паўлікава-Хейдарава, Эрнест Ялугін, Вера Буланда.

Ірына Шматкова, вучоны сакратар Музея гісторыі беларускай літаратуры, даследчыца творчасці спадарыні Галіны, у сваім выступе акрэсліла рознабаковасць таленту аўтаркі. Спадарыня Каржанеўская вядомая як паэтэса, драматург, публіцыст, крытык. Прычым творца піша не толькі для дарослых, але і для дзяцей.

Галіна Каржанеўская

Звярнуўшыся да аповеду пра новую кнігу, выступоўца расказала пра змест і структуру выдання. Уся Міншчына (калі больш дакладна – Случчына і Лагойшчына) стала для Галіны Анатолеўны малой радзімай – яе дзяцінства і юнацтва прайшлі ў вёсках Лясішча, Аксаміты, Янушкавічы, Плешчаніцы. У кнізе “Што варта радасці і слёз…” пісьменніца расказвае гісторыю свайго роду праз гісторыю вёскі. Невыпадкова ў зборніку можна знайсці вялікую колькасць архіўных фота 1940-х – 1950-х гг., а таксама аповеды мясцовых жыхароў, успаміны.

У гэтай аўтабіяграфічнай кнізе паказваецца самае кранальнае, самае простае і самае важнае ў жыцці чалавека, падкрэсліваецца прыярытэт традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Акрамя таго, аўтарка выказвае любоў да ўсяго жывога: у выданні ёсць асобныя творы, прысвечаныя яе любімым жывёлам – катам.

Моманты з тэатральнай сцэнкі. Кот і мыш.

Моманты з тэатральнай сцэнкі. Мыш.

Моманты з тэатральнай сцэнкі. Мыш і кот.

Прычым, як прызнаецца спадарыня Галіна, за банальнымі на першы погляд гісторыямі і ўспамінамі пра жывёл узнікаюць іншыя, больш сур’ёзныя тэмы і згадкі. Таму не дзіўна, што падчас прэзентацыі была паказана кароткая гумарыстычная сцэнка – паэтычны дыялог між катом і мышшу, выкананы маладымі акцёркамі.

Алесь Пашкевіч 

Алесь Пашкевіч, першы намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, літаратар, родам са Случчыны, і кніга Галіны Каржанеўскай для яго блізкая і зразумелая. Спадар Алесь адзначыў:

-- Далікацтва і пяшчота гэтых твораў – прыклад дбайнага стаўлення да каранёў, шатаў і галін радаводнага дрэва. Нездарма на гербе Слуцка – Пегас. Случчына вядомая тым, што тут нарадзіліся пісьменнікі Ян Скрыган, Васіль Вітка. Але не толькі творцы-мужчыны, але і жанчыны – Алена Васілевіч, Галіна Каржанеўская. Вельмі ганарова пачувацца побач з такімі талентамі.

З паэзіяй спадарыні Галіны Алесь Пашкевіч пазнаёміўся яшчэ тады, калі быў случаком-школьнікам, а пабачыўся ўпершыню з паэтэсай у 1992 годзе – тады Галіна Анатолеўна працавала загадчыцай аддзела крытыкі ў газеце “Літаратура і мастацтва”, куды Алесь прынёс свой артыкул пра Каруся Каганца.

Галіна Каржанеўская расказвае пра здымкі

Цягам вечарыны на праектары дэманстраваліся архіўныя фота, змешчаныя ў кнізе “Што варта радасці і слёз…” Спадарыня Галіна з вялікай увагай і кранальнасцю паказвала здымкі і распавядала пра сваіх бацькоў, бабулю і дзядулю, стрыечных сясцёр.

На імпрэзе выступіла і прадстаўнік Саюза ветэранаў Надзея Чэрня, якая падзялілася сваімі ўражаннямі ад прачытання кнігі і агучыла вершы спадарыні Галіны.

Раіса Баравікова віншуе Галіну Каржанеўскую з выхадам кнігі

Адметным стала слова Раісы Андрэеўны Баравіковай, у якім вядомая пісьменніца расказала пра сваё першае знаёмства з Галінай Каржанеўскай. Закранула выступоўца і паэтычнае пакаленне, да якога абедзве пісьменніцы належаць, згадала Валянціну Коўтун, Яўгенію Янішчыц, Ніну Мацяш.

Ніна Галіноўская, сяброўка і калега спадарыні Галіны, расказала пра тое, як некалі маладыя паэтэсы наведвалі Еўдакію Лось і Эдзі Агняцвет.

Фелікс Баторын

Лаканічным, але трапным было выступленне паэта Фелікса Баторына: творца прачытаў экспромт, прысвечаны спадарыні Галіне, і адзначыў: “Кніга патрабуе працягу. У ёй закранута хіба 10—15 гадоў жыцця, але яна вартая таго, каб мець працяг”. Цёплымі былі словы Соф’і Русак – зямлячкі і сяброўкі Галіны Анатолеўны.

Этна-гурт "Сёмуха"

Этна-гурт “Сёмуха” выканаў купальскія і вясельныя песні.

Барыс Пятровіч

Завяршылася вечарына словам празаіка, галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыса Пятровіча. Спадар Барыс павіншаваў аўтарку з выхадам кнігі “Што варта радасці і слёз…”, падзякаваў ёй за супрацу ў межах серыі “Кнігарня пісьменніка” і адзначыў, што творцы знаёмыя вельмі даўно, працавалі разам больш за дзесяць гадоў у газеце “Літаратура і мастацтва”, а значыць, плённая супольная дзейнасць на карысць беларускай літаратуры будзе працягвацца.

Болей фота гл. на нашай старонцы ў фэйсбуку.

Тэкст: Віка Трэнас

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
989