Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2014

Другі дзень Стральцоўскага фэсту – мора вершаў, музыкі і нечаканак

14 лютага, у Дзень усіх закаханых, у мінскай крэатыўнай прасторы “Цэх” адбылося Урачыстае адкрыццё Трэцяга міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова, а таксама Слэм-сэйшн “Зборная Беларусі – Зборная Свету”.

Сёлета было шмат нечаканак. Упершыню ў гісторыі беларускіх слэмаў Віктар Жыбуль не прайшоў нават у паўфінал, саступіўшы Юлі Цімафеевай, а Раіса Баравікова абышла ў двубоі Андрэя Адамовіча. Пераможцам слэму стаў маскоўскі паэт Аркадзь Штыпель, але першае месца далося яму толькі пасля дадатковага раўнду, бо наш Глеб Лабадзенка набраў такую ж колькасць балаў.

Вядучы фестывалю, суарганізатар мерапрыемства, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч павітаў усіх наведнікаў – імпрэзу наведалі госці з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус.

Празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч абвесціў Урачыстае адкрыццё фестывалю, адзначыўшы, што з года ў год мерапрыемства пашыраецца і развіваецца, з’яўляюцца ўсё новыя аўтары, выступоўцы, ідэі. Не выпадкова, што фэст носіць імя адметнага, таленавітага беларускага пісьменніка Міхася Стральцова, якому якраз 14 лютага гэтага года споўнілася б 77 гадоў.

Злева направа: літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч, празаік Павел Анціпаў, перакладчыца Алена Пятровіч, фатограф і паэт Юліюс Келерас, у глядацкай зале - празаік і публіцыст Таццяна Заміроўская.

Крытык і навуковец Ціхан Чарнякевіч расказаў пра падрыхтоўку двухтомнага збору твораў Міхася Стральцова, укладальнікам якога ён з’яўляецца.

Буктрэйлер “Смаленне вепрука”, зняты рэжысёрам Змітром Вайноўскім пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прадстаўляе вядомы твор Міхася Стральцова у нязвыклым для класічнай літаратуры фармаце -- з удзелам пісьменніка Альгерда Бахарэвіча і культуролага Максіма Жбанкова.  

У межах Адкрыцця паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Раіса Баравікова прачытала некалькі сваіх вершаў. Асабліва інтрыгоўным быў твор “Французскае танга з Уладзімерам Някляевым”.

Літоўскі паэт і фатограф Юліюс Келерас, фотавыстава якога адкрылася ў “Цэху” адначасова са Стральцоўскім фэстам, распавёў:

-- Гэтая серыя здымкаў створаная 8 год таму, менавіта тады я пачаў даследаваць гісторыю Вільні праз фатаграфаванне брукаванак гэтага горада. На першы погляд дзіўна, як можна праз брук паказаць гісторыю Літвы, і нават гісторыю аднаго чалавека. Для кагосьці гэта жывапіс, а для кагосьці проста здымкі – запрашаю да інтэрпрэтацыі.

Напрыканцы Юліюс прачытаў вершаваны цыкл у перакладзе на рускую мову.

Андрэй Хадановіч і Данатас Пятрошус

Літоўскі паэт Данатас Пятрошус выступіў на адкрыцці супольна з перакладчыкам Андрэем Хадановічам – можна было пачуць літоўскі арыгінал і беларускі пераклад.

Музыка, паэт і кампазітар Сяргей Пукст выступіў з правакацыйнымі і заліхвацкімі кампазіцыямі. Дапамагаў яму экспрэсіўны барабаншчык, перашкаджаў -- маленькі Сева Пукст. 

Музыка Сяргей Пукст і Сева Пукст.

Публіка прыкметна ўзрушылася, калі вядучы Андрэй Хадановіч абвясціў пра пачатак паэтычнага спаборніцтва. Такія відовішчныя літаратурныя шоу заўсёды праходзяць з аншлагам.

Сёлета слэм быў камандным, а ўдзельнікі ў першым туры абавязкова павінны былі дэкламаваць не свае вершы, а творы класікаў. Паэты выступалі ў двубоях – па адным з супрацьлеглай каманды. Па традыцыі, ацэнкі за конкурсныя выступы ва ўсіх турах выстаўлялі сябры журы, выпадкова выбраныя сярод публікі. Падлічвалі балы Алена Пятровіч і Павел Анціпаў.

Андрэй Хадановіч, Алена Пятровіч і Павел Анціпаў

За зборную Беларусі выступілі Раіса Баравікова, Вера Бурлак, Галіна Дубянецкая, Віктар Жыбуль, Глеб Лабадзенка, Таня Светашова, Усевалад Сцебурака, Андрусь Такінданг, Віка Трэнас, Анка Упала. Гучалі вершы Наталлі Арсенневай, Рыгора Барадуліна, Аляксея Пысіна, Віктара Шалкевіча ды іншых.

За зборную Свету – Андрэй Адамовіч (чытаў пераклады з Акіта Фуджы, Японія), Анастасія Векшына (Расія-Польшча), Марыя Галіна (Расія), Алена Герасімюк (Украіна), Юрый Завадскі (Украіна), Марыя Мартысевіч (чытала пераклады з Галіны Крук, Украіна), Алена Сцепаненка (Украіна), Альвідас Шляпікас (Літва) і Георгій Яфрэмаў (Літва-Расія), Юля Цімафеева (чытала пераклад  з Чарльза Букоўскага), Аркадзь Штыпель (Расія).

Удзельнікі слэму: Раіса Баравікова, Андрэй Адамовіч, Алена Сцепаненка, Анка Упала, Віка Трэнас, Алена Герасімюк, Галіна Дубянецкая, Усевалад Сцебурака, Анастасія Векшына.

Перакладчыца Ганна Янкута з рэдкай "пяцёркай". Збольшага Ганна была вельмі строгай у выстаўленні балаў удзельнікам.

Пакарыла публіку Вера Бурлак, якая выступіла ў вобразе сцюардэсы і прадставіла перфоманс па матывах вершаў Янкі Купалы.

Вера Бурлак чытае Янку Купалу

Віктар Жыбуль, пастаянны фаварыт усіх беларускіх слэмаў, з інсцэніроўкай на тэму верша Віктара Казлоўскага “Матылькі” (твор напісаны ў 1924 годзе) быў надзвычай эмацыйным, але на гэты раз не падаўся публіцы настолькі пераканаўчым, каб працягнуць барацьбу ў паўфінале.

Віктар Жыбуль

Юля Цімафеева

Марыя Мартысевіч

Марыя Галіна (Расія)

Юрый Завадскі (Украіна)

Георгій Яфрэмаў (Літва-Расія) і Альвідас Шляпікас (Літва)

Пасля напружанага супрацьстаяння ў фінале апынуліся Таня Светашова, Глеб Лабадзенка і Аркадзь Штыпель.

Таня Светашова

Таня Светашова з вялікім артыстызмам прадстаўляла свае пераклады вершаў Віталя Рыжкова і заняла трэцяе месца.

Глеб Лабадзенка з вершамі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Някляева быў у адным кроку ад перамогі ў слэме, але першым стаў усё ж Аркадзь Штыпель.

Глеб Лабадзенка

Аркадзь Штыпель (Расія)

Вядучы Андрэй Хадановіч адзначыў, што насамрэч перамагло сяброўства, бо па агульнай колькасці балаў абедзве каманды былі роўныя.

Нагадаем, што сёння праграма Стральцоўскаг фэсту распачнецца ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску а 14-й гадзіне. Навіны фэсту на сайце stralcou-fest.by.

Тэкст Віка Трэнас, Фота Алена Казлова, lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове
26 чэрвеня 2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове

Чытаць далей...
Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
23 чэрвеня 2017

Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Чытаць далей...
Моцарт беларускай літаратуры
23 чэрвеня 2017

Моцарт беларускай літаратуры

Чытаць далей...
Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!
23 чэрвеня 2017

Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!

Чытаць далей...
717