Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

16 лютага 2014

Трэці дзень Стральцоўскага фэсту: добрай паэзіі шмат не бывае

Марыя Пушкіна

Трэці дзень Стральцоўскага фэсту: добрай паэзіі шмат не бывае

Гэты дзень запомніўся разнастайнасцю жанраў і формаў – былі і паэтычныя чытанні, і кніжныя прэзентацыі, і музычныя выступы, і абмеркаванне буктрэйлера “Смаленне вепрука”.

15 лютага ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску працягнуўся Трэці міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова.

У агуле праграма заняла каля шасці (!) гадзін. Цягам дня публікі станавілася ўсё болей, і гэта ярка сведчыць пра прыхільнасць беларусаў да паэзіі і пра тое, што добрых вершаў шмат не бывае.

Дзейства пачалося а 14-ай, а ўвечары гледачоў чакаў праект – фестываль унутры фестывалю – “Вялікае Княства Паэзіі”. Але пра гэтую адметную падзею варта распавесці ў асобным рэпартажы – настолькі многа было там яркіх імёнаў і цікавостак.

Модныя тэндэнцыі сучаснасці: буктрэйлер, кнігі на паперы і не толькі

Пачаўся трэці дзень фэсту з паказу і абмеркавання буктрэйлера “Смаленне вепрука”, які быў створаны пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Рэжысёр Зміцер Вайноўскі і пісьменнік і акцёр Альгерд Бахарэвіч адказалі на пытанні наведнікаў. Мадэратарам сустрэчы і вядучым цягам усяго дня быў паэт, перакладчык, суарганізатар фестывалю, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

– Адной з асноўных мэтаў стварэння буктрэйлера было імкненне паказаць, што ёсць такі інструмент па прамаванні літаратуры, і прадэманстраваць, наколькі ён эфектыўны, – адзначыў рэжысёр Зміцер Вайноўскі. – У мяне часта пытаюцца, чаму было абрана менавіта гэтае апавяданне. Адказ просты – каб што-небудзь рабіць, неабходна гэта любіць. Насамрэч я вельмі люблю менавіта гэты твор. Акрамя таго, класіка заўсёды ўдзячная для такога кшталту эксперыментаў, з сучаснай літаратурай больш складана. Стральцоў з'яўляецца ўжо гісторыяй, узорам. Паколькі ўвесь цалкам сюжэт немагчыма было экранізаваць, то давялося выбіраць самыя яркія моманты, і выбар быў няпросты, бо апавяданне ўвогуле складанае для візуалізацыі.

Зміцер Вайноўскі, фота Джона Кунстадтэра для budzma.by

– Мастацкая місія Максіма Жбанкова, які не прамовіў ніводнага слова ў буктрэйлеры, – быць антыподам, супрацьлегласцю і аўтара, і галоўнага героя, каб дапамагчы ім такім чынам зразумець і знайсці сябе, – адказаў рэжысёр на жартаўліва-правакацыйнае пытанне Андрэя Хадановіча пра ролю Максіма.

Пісьменнік і акцёр Альгерд Бахарэвіч глыбока асацыятыўна ўспрымае асобу і творчасць Міхася Стральцова: 

– Стральцоў – гэта мой аўтар, я адчуваю сваю блізкасць з ім. Ён для мяне пісьменнік, у філасофскім сэнсе, вусцішны. Калі я думаю пра Стральцова, мне ўяўляецца сонечны дзень, калі цені вельмі добра відаць, і перада мною – пустая шырокая менская вуліца. І калі ідзеш па ёй, то адчуваеш вусціш і прыгажосць навакольнага свету. Я і сам стараюся пісаць, укладваючы гэтую вусціш у тэкст. Таму калі Зміцер (Вайноўскі – заўв. рэд.) аднойчы падышоў да мяне каля кнігарні "Логвінаў" і прапанаваў зняцца ў яго фільме, я пагадзіўся без роздумаў.

Дарэчы, калі пісалася кніга эсэ "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча", Стральцоў і Адамчык сталі для мяне самымі яркімі адкрыццямі савецкай літаратуры. З такім жа вялікім задавальненнем, як у сувязі са Стральцовым, я зняўся б у фільме пра Вячаслава Адамчыка, адзінае, што Адам Глобус тады не дараваў бы мне ў выпадку дрэннай ігры, – сціпла дадаў Альгерд.

Альгерд Бахарэвіч

Пасля адбылася прэзентацыя зборніка “Азёрная школа паэзіі” па выніках літаратурнага конкурсу імя Максіма Танка. Выступілі пераможцы гэтага конкурсу, чые творы былі апублікаваныя ў кнізе, – маладыя паэты і перакладчыкі сярод якіх Андрэй Адамовіч, Андрэй Вылінскі, Наталля Рак, Юля Цімафеева, Павел Капанскі, Ганна Янкута, Антон Рудак, Марыя Пушкіна.

Ганна Янкута

Антон Рудак

Паэт Адальстэйн Асбэрг (Ісландыя) і перакладчыца Марыя Пушкіна

Перакладчык Андрэй Вылінскі (Беларусь) і паэт Юрый Завадскі (Украіна)

Павел Капанскі

Малады літаратар Павел Капанскі, які з’яўляецца куратарам выдавецкага праекта BYBOOKS, правёў прэзентацыю электронных кніг, якія пабачылі свет у межах гэтай ініцыятывы. Прадставілі свае зборнікі і прачыталі творы Ася Волкава, Воля Чайкоўская, Яўген Ліпковіч, Сяргей Прылуцкі, Ліна Казакова.  

Ліна Казакова

Воля Чайкоўская

Яўген Ліпковіч

Андрэй Хадановіч, Павел КапанскіЯўген Ліпковіч

Любоў да паэзіі аб’ядноўвае ўсіх, або Госці завіталі на фэст  

Вядучы Андрэй Хадановіч абвесціў пачатак наступнага блоку Стральцоўскага фэсту, у якім узялі ўдзел паэты-ганаровыя госці імпрэзы.

Альгерд Бахарэвіч выступіў як перакладчык з нямецкай мовы на беларускую вершаў Яна Вагнера.

Госць з Ісландыі, пісьменнік Адальстэйн Асбэрг, прачытаў тэксты са сваёй кнігі “Чорнае неба” разам з перакладчыцай Марыяй Пушкінай.

Адальстэйн Асбэрг

Паэтка Наста Кудасава (Карэлічы) прачытала некалькі вершаў з новай кнігі.

Наста Кудасава

Вандроўны паэт, які прадстаўляе Гародню і з’яўляецца пераможцам гарадзенскага слэму – Валеры Руселік, таксама завітаў у Мінск, каб выступіць на фэсце. 

Валеры Руселік

Магілёўскі паэт Дзмітрый Дзмітрыеў прэзентаваў сваю новую кнігу “Ліра спіралі”. Камбінаторныя практыкаванні, як прызнаўся Дзмітрый, выліліся ў лірычны зборнік. На экране праектара аўтар прадэманстраваў паліндромы і амбіграмы, а таксама невялічкае відэа пра асацыятыўную і візуальную сувязь нямецкай мовы з законамі фізікі.

Дзмітры Дзмітрыеў

Анастасія Векшына – паэтэса, якая жыве ў Гданьску, піша па-руску, мае эстонскае грамадзянства і перакладае сучасную польскую паэзію, прачытала свае тэксты.

Анастасія Векшына

Кася Сенкевіч прадстаўляе Падляшша і піша па-беларуску. Дзяўчына запрасіла ўсіх да супрацоўніцтва з беластоцкім літаратурным часопісам “Тэрмапілы” і прачытала вершы.

Кася Сенкевіч (Польшча)

У працяг вечара прадставілі ўласную творчасць Марыя Галіна (Расія) і Алена Сцепаненка (Украіна).

Марыя Галіна

Алена Сцепаненка 

Аркадзь Штыпель (Расія), пераможца нядаўняга слэм-сэйшну, майстар галасавой паэзіі, выступіў з іранічнымі тэкстамі, якія змусілі гледачоў усміхнуцца.

Аркадзь Штыпель

Музычную частку вечара забяспечылі барды Раман Яраш і Яўген Барышнікаў.

Раман Яраш

Яўген Барышнікаў

Нагадаем, што 16 лютага адбудзецца чацвёрты, заключны дзень Фестывалю на пляцоўцы Крэатыўнай прасторы “Цэх”, праграма пачнецца ў 17 гадзін.

Навіны фестывалю чытайце на сайце stralcou-fest.by 

Справаздачы з папярэдніх дзён фэсту:

Дзень першы: Імправізацыйна і небяспечна – Уладзь Лянкевіч прэзентаваў сваю першую кнігу

Дзень другі: Мора вершаў, музыкі і нечаканак

Тэкст: Віка Трэнас, Фота: Алена Казлова, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»
20 кастрычніка 2017

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Чытаць далей...
Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!
20 кастрычніка 2017

Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Чытаць далей...
«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
19 кастрычніка 2017

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Чытаць далей...
Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка
19 кастрычніка 2017

Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка

Чытаць далей...
999