Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

13 лютага 2015

Намаляваныя вершы (+фота)

Імпрэзай-пралогам паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце», прысвечанага памяці Міхася Стральцова, стала вечарына «Як намаляваць верш». Яна прайшла 12 лютага ў галерэі «Ў» і была зладжаная Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.

Райнхард Кляйст

Удзельнікамі гэтай незвычайнай падзеі сталі нямецкі мастак, майстар графічнага рамана і рэпартажнай журналістыкі Райнхард Кляйст, паэт, перакладчык і спявак Андрэй Хадановіч і паэт, перакладчык, музыка Уладзь Лянкевіч.

Франк Баўман 

Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман у сваім прывітальным слове адзначыў:

— Калі мы запрашалі Райнхарда ў Беларусь, то думалі, што ён будзе выступаць з расповедам пра свае кнігі коміксаў, якія ў Германіі выходзяць вялізнымі накладамі, раскажа пра тое, з чаго складаецца праца пісьменніка і мастака, і, можа быць, правядзе майстар-клас для кніжных ілюстратараў. Такі майстар-клас сапраўды адбудзецца, але сёння мы станем сведкамі творчага эксперыменту: Андрэй Хадановіч будзе іграць на гітары, спяваць і чытаць вершы, з музычнай часткай яму дапаможа Уладзь Лянкевіч, а Райнхард будзе маляваць тут і зараз, проста ў рэжыме жывога часу.

Прывітальны малюнак Райнхарда Кляйста

Уладзь Лянкевіч і Андрэй Хадановіч

Імпрэза ў фармаце live drawing — малявання тут і цяпер, проста на вачах у публікі, стала новай не толькі для гледачоў, але і для саміх яе ўдзельнікаў. Так, Андрэй Хадановіч нават пажартаваў:

— Я толькі зараз зразумеў, у якую авантуру мы ўсе трапляем. Мы зараз будзем рабіць пераклады, бо сёння адбываецца, па сутнасці, вечарына перакладчыкаў. Справа не толькі ў тым, што палову запланаваных нумароў складуць папулярныя песні, пераствораныя на беларускай мове, але і ў тым, што падчас іх выканання Райнхард будзе геніяльна перакладаць адну мастацкую сістэму на другую. Музыка і паэзія ператворацца ў жывапіс, слова — у візуальны вобраз.

Малюнак Райнхарда Кляйста да верша Андрэя Хадановіча “Шнуркі”. Мастак за працай.

Можна сцвярджаць, што кампазіцыі і вершы, якія гучалі падчас вечарыны, далі магчымасць гледачам і слухачам пападарожнічаць. Выконваліся амерыканскія, французскія, бельгійскія, нямецкія песні, ірландская балада, руская песня, натхнёная англійскім пісьменнікам. Усё было замежнае, акрамя мінскай любоўнай гісторыі з верша Андрэя Хадановіча “Шнуркі”.

Малюнак Райнхарда Кляйста да песні "Наша кляса". Спявае Андрэй Хадановіч

Уверсе: супрацоўнік Інстытута імя Гётэ ў Мінску Аляксандр Назарчук і дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман, унізе: Райнхард Кляйст і перакладчыца Вера Дзядок

Дарэчы, паводле задумкі Райнхарда і Андрэя, падчас вечарыны менавіта 13 кампазіцый і вершаў мусілі стаць малюнкамі — так меркавалася адзначыць той факт, што імпрэза адбылася напярэдадні пятніцы 13-га. Аднак у праграме нечакана з’явілася дадатковая песня “на біс”. Магчыма, яна сімвалізавала пярэдадзень Дня ўсіх закаханых.

Можна быць упэўненымі: падмены не адбылося, і мастак Райнхард Кляйст проста ў рэжыме жывога часу намаляваў вобразы, што ўзнікаюць падчас прачытання вершаў Андрэя Хадановіча “Шнуркі”, “Вайна і мір”, “Трымацца побач”, “Святы Францыск Каліфарнійскі”, “Макдональдс”, цыкла маленькіх фрагментаў “Музей Сярэднявечча”.

Зверху ўніз: малюнак Райнхарда Кляйста да песні "Наша кляса"; малюнак да верша Андрэя Хадановіча “Трымацца побач”; малюнак да песні “Я ўвесь твой”

Малюнкамі сталі пераклады песень Конара О’Браена “Памяць”, Яцэка Карчмарскага “Наша кляса”, Леанарда Коэна I’m Your Man (у беларускім перастварэнні — “Я ўвесь твой”), твор Сержа Гензбура з абсалютна неперакладальнай назвай, што ў беларускім варыянце называецца “Анахраніст”, “Маленькі венскі вальс” Федэрыка Гарсія Лоркі і Леанарда Коэна. У мастацкія вобразы на паперы ператварылася і “Песня пра пакрыўджаны час” Уладзіміра Высоцкага, натхнёная казкай Льюіса Кэрала “Аліса ў краіне цудаў”.

Уверсе, злева направа: малюнак Райнхарда Кляйста да верша Андрэя Хадановіча “Святы Францыск Каліфарнійскі”; малюнак да “Песні пра пакрыўджаны час”; унізе злева направа: малюнак да верша Андрэя Хадановіча “Макдональдс”; малюнак да песні “Маленькі венскі вальс”

Паводле плану, апошняй мусіла выконвацца і перакладацца на мастацкую мову песня “Лілімарлен”, што была напісаная нямецкім салдатам Гансам Ляйбам у 1915 годзе і стала вельмі папулярнай у гады Другой сусветнай вайны. Але завяршальнай песняй “на біс” стала знакамітая Hallelujah Леанарда Коэна ў беларускім перакладзе Андрэя Хадановіча.

Адметна, што падчас яе гучання Райнхард маляваў вулічную спявачку, якая часта стаіць каля супермаркета недалёка ад яго дома. Мастак распавёў, што калі яна выконвае гэтую песню, мінакі, як зачараваныя, спыняюцца паслухаць.

Ужо напрыканцы імпрэзы Райнхард Кляйст заўважыў, што малюе толькі пэндзлем, а таксама прызнаўся:

— Я вельмі хваляваўся, бо сёння ўпершыню маляваў вершы. Раней я ўжо ладзіў падобныя імпрэзы, але падчас іх проста маляваў пад музыку Джоні Кэша. Я вас крыху расчарую і дам разгадку гэтай містыфікацыі: тэксты я чуў не ўпершыню, у мяне былі загадзя падрыхтаваныя пераклады.

Уверсе: малюнак да песні "Памяць", унізе: малюнак да песні "Анахраніст"; Райнхард Кляйст і Андрэй Хадановіч

Спадзяёмся, малюнкі, выкананыя Райнхардам падчас вечарыны, застануцца ў Мінску. Як пажартаваў Андрэй Хадановіч, мытнікі не дазволяць вывезці з краіны такія мастацкія шэдэўры. Прынамсі, адна з замалёвак у Беларусі будзе дакладна — у прыватнай калекцыі спадара Андрэя. Гэта мастацкае выяўленне “анахраніста” з песні Сержа Гензбура.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПРАГРАМА СТРАЛЬЦОЎСКАГА ФЭСТУ

Тэкст і фота — Марына Весялуха, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова
14 снежня 2017

Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова

Чытаць далей...
1023