Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2015

Паэтычны слэм «Беларусь — Украіна» 1:0 (фота+відэа)

Камандна-індывідуальны паэтычны слэм “Беларусь — Украіна” завяршыў праграму трэцяга дня фестывалю “Вершы на асфальце”, прысвечанага памяці Міхася Стральцова. Каманднае выступленне дзвюх паэтычных зборных Беларусі супраць зборнай Украіны ў першым туры ўжо ў паўфінале ператварылася ў індывідуальнае. У якасці суддзяў на слэме выступілі гледачы, а мадэратарам імпрэзы быў паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч.

Атэна Фарухсад і Дзмітрый Плакс. Фота Алены Казловай

Да 18 паэтаў-удзельнікаў слэму падчас вечарыны далучыліся яшчэ два творцы — спецыяльная госця слэму паэтка Атэна Фарухсад са Швецыі, і перакладчык яе вершаў на беларускую мову Дзмітрый Плакс.

Прадбачыць зыход паэтычнага слэму досыць складана ці нават немагчыма. Цяжка меркаваць, што больш спадабаецца публіцы — глыбокі верш, прачытаны без асаблівага артыстызму, ці просценькі тэкст на блізкую многім тэму, прадстаўлены з густам. Гэта як баі без правілаў: прымаюцца любыя метады ўздзеяння на публіку, спробы прывабіць увагу гледачоў і запомніцца.

Мадэратар паэтычнага слэму Андрэй Хадановіч

Няважна, чым паэт плануе ўразіць — акцэнтаваць увагу на яркіх чырвоных туфлях на высокім абцасы, амаль давесці да істэрыкі былога суддзю-гледача гукавым вершам ці рэпам пад рытм We Will Rock You — важны вынік у выглядзе высокіх адзнак і прыхільнасці аўдыторыі.

Уверсе, злева направа: Дар'я Бялькевіч, Ганна Коўшар, Алена Сцепаненка, Ганна Комар; унізе злева: Сяргей Прылуцкі 

Так, паводле правілаў слэму, кожны ўдзельнік меў на выступленне тры хвіліны. За гэты час можна было чытаць адзін ці некалькі вершаў, разважаць пра жыццё, распавядаць гісторыю напісання ці сэнс тэксту. У першым туры прынялі ўдзел 18 паэтаў з Беларусі і Украіны. Яны аб’ядналіся ў тры ўмоўныя зборныя: украінскую, беларускую, прадстаўнікі якой чыталі вершы па-беларуску і беларускую, сябры якой прадстаўлялі рускамоўныя тэксты.

Зверху ўніз: Міхась Бараноўскі, Уладзімір Глазаў, Антон Рудак; Таццяна Светашова

Зверху ўніз: Дзмітро Лазуткін, Юры Мацевашчук, Яўген Бясчасны

Цягам першага тура гледачы паслухалі і паглядзелі чытанне шасці троек: у кожнай з іх выступала па адным прадстаўніку ўмоўных зборных. Такім чынам, у першым туры рэгулярна чаргаваліся мовы: беларуская, руская і ўкраінская. Склад троек вызначала лёсаванне, а чарговасць выхаду на сцэну выступоўцаў вызначалася па алфавіце.

Марыйка Мартысевіч

Адметна, што суддзямі на слэме былі гледачы. Набор адзнак атрымалі тыя, хто сам выказаў жаданне пабыць суддзёй, суддзі змяняліся пасля выступлення трох “троек”, а таксама перад паўфіналам і фіналам. Такім чынам, тыя суддзі, хто “тармазіў”, былі заўважаныя як неаб’ектыўныя ў сваіх ацэнках, вельмі хутка выключаліся з ліку арбітараў і не маглі значна ўплываць на канчатковы вынік слэму. Адметна, што ў працэсе ацэньвання ўдзельнікаў крайнія адзнакі, што моцна адрозніваліся ад іншых, не ўлічваліся, а кожны выступоўца атрымліваў дзве адзнакі: адну — за змест, паэтычнасць, глыбіню, вобразную сістэму, гукапіс, наватарства прачытанага верша, а другую — за артыстызм выступлення, яркасць падачы.

Уверсе, злева направа: Вета Знорк, Ганна Мананкова; унізе: Аляксандр Ткачынскі, Анастасія Кацюргіна

Так, у першым туры слэму выступілі тры зборныя ў поўным складзе. Беларускамоўныя тэксты прадставілі Дар’я Балькевіч, Ганна Комар, Міхась Бараноўскі, Вета Знорк, Антон Рудак, Анастасія Кацюргіна, рускамоўныя — Ганна Коўшар, Таня Светашова, Уладзімір Глазаў, Ганна Мананкова, Яўген Бясчасны, Георгі Барташ.

Юры Завадскі

Склад украінскай зборнай быў наступны: Алена Сцепаненка, Сяргей Прылуцкі, Дзмітро Лазуткін, Аляксандр Ткачынскі, Юры Мацевашчук, Юры Завадскі.

Георгі Барташ

У фінал выйшлі шэсць паэтаў, і менавіта тут пачаўся этап “кожны сам за сябе”. Па выніках першага тура паэты Антон Рудак і Міхась Бараноўскі набралі аднолькавую колькасць балаў і ў дадатковым спарынку змагаліся за права выхаду ў паўфінал. Сур’ёзны тэкст Антона ўразіў суддзяў больш, чым сумная гісторыя кахання лірычнага героя Міхася да Анджаліны Джалі, і ў паўфінале беларускую зборную прадставіў Антон Рудак. З ім спаборнічалі беларускі рускамоўны паэт Георгі Барташ, а таксама чатыры ўдзельнікі з Украіны: Алена Сцепаненка, Аляксандр Ткачынскі, Юры Завадскі, Дзмітро Лазуткін.

Верш, які прынёс перамогу Георгію Барташу. Аўтар відэа Дзяніс Кандрацьеў

Гледачоў захапілі спевы і вершы Георгі Барташа пра наяўнасць добрых чаравікаў, але адсутнасць шчасця, лебедзяў, а таксама пасіянарнае чытанне шчырых тэкстаў Алены Сцепаненкі з Украіны. Менавіта гэтыя выступоўцы апынуліся ў фінале. У выніку пасля непрацяглай барацьбы (паводле правілаў слэму, калі фіналісты атрымліваюць аднолькавыя адзнакі, то чытаць яны могуць вельмі доўга) перамог Георгі Барташ. Думаецца, суддзяў і гледачоў уразілі яркасць падачы тэкстаў, блізкасць тэматыкі, а таксама элегантны шалік на яго шыі.

Адметна, што пераможца атрымаў смартфон Prestigio, а ўсе паўфіналісты — прызы ад Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Тэкст і фота: Марына Весялуха, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»
20 кастрычніка 2017

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Чытаць далей...
Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!
20 кастрычніка 2017

Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Чытаць далей...
«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
19 кастрычніка 2017

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Чытаць далей...
Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка
19 кастрычніка 2017

Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка

Чытаць далей...
795