Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

17 лютага 2015

Беларускія пісьменнікі абгрунтавалі мажлівы «канец прыгожага пісьменства»

У межах IV Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова галерэя TUT.BY стала пляцоўкай для дыскусіі «Літаратура пасля літаратуры. Канец прыгожага пісьменства?», якую распрацаваў і падрыхтаваў Беларускі Калегіюм.

У абмеркаванні ўдзельнічалі Валянцін Акудовіч — загадчык секцыі філасофіі і літаратуры ў Беларускім Калегіюме; Максім Жбанкоў — пісьменнік, журналіст; Сяргей Цімафееў — латышскі рускамоўны пісьменнік; Жанар Секербаева — пісьменніца з Казахстана.

Злева направа: Максім Жбанкоў, Сяргей Цімафееў, Жанар Секербаева

Чаму наогул узнікла такая тэма?

Ірына Дубянецкая

Мадэратарка дыскусіі Ірына Дубянецкая адзначыла:

— Мы вельмі часта гаворым пра тое, што літаратура ўспрымалася як важны складнік культурных і духоўных працэсаў. Да літаратуры заўжды было стаўленне паважнае. Але літаратура — гэта адна з нешматлікіх сфер жыцця, якую мы не можам прагназаваць, але можам казаць, як яна развівалася. І калі зараз вы запытаеце ў звычайных беларусаў пра тое, якіх пісьменнікаў яны ведаюць, наўрад ці яны назавуць маладое імя ў айчыннай літаратуры, апроч тых, хто жыў яшчэ ў Савецкім Саюзе. І калі мы зазірнем назад, то пабачым зусім іншую ролю, якую адыгрывала літаратура.

Злева направа: Максім Жбанкоў, Сяргей Цімафееў, Жанар Секербаева, Ірына Дубянецкая

Пра сучасны стан літаратуры. Ці ёсць нешта, што абвяшчае канец прыгожаму пісьменству?

У кожнага з удзельнікаў дыскусіі перад пачаткам імпрэзы было сваё меркаванне наконт таго, ці чакае літаратуру хуткі канец. Сярод тых, хто баіцца гэтага канца — Валянцін Акудовіч. На думку пісьменніка, канец прыгожага пісьменства настане праз… адмену карыстання асадкай:

— Фінскі ўрад адмяніў навучанне пісьму школьнікаў. Цяпер у дзетак на партах будуць толькі планшэты і ноўтбукі. А цывілізацыя паўстала менавіта з асадак. Але натуральна, што ў прамым сэнсе мы не можам сказаць, што прыгожае пісьменства сканчваецца праз сканчэнне выпуску асадак. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў чытача знікла патрэба ў літаратуры як у чымсьці надзвычай істотным. Я калісьці сфарміраваў такую штучку-дручку: “Не бывае геніяльных пісьменнікаў — бываюць геніяльныя чытачы”. Калі памёр Васіль Быкаў, то яго праважалі ў апошні шлях каля сямі тысяч чалавек. Ці будуць кагосьці праважаць зараз так? Проста тады літаратура была нечым больш за літаратуру.

Максім Жбанкоў вылучыў некалькі прычын зменаў у літаратуры:

— Большасць тэкстаў у сучаснай літаратуры — пасрэдныя, бо яны з’яўляюцца неахайнымі па сваім стылі. Так адбываецца, перш за ўсё, таму, што сыходзяць з літаратуры майстры стылю, а прыходзяць людзі “звонку”, часцей за ўсё — журналісты. Я бы назваў гэты працэс “журналізацыяй”. І, канечне, прычына пасрэдных тэкстаў у прастамоўі —  дастаткова пачытаць “цёркі” ў сеціве і паглядзець, якой мовай яны там напісаныя.

Латвійскі рускамоўны паэт Сяргей Цімафееў пракаментаваў усё гэта наступным чынам: “Праблема ў тым, што вы бачыце праблему, а мы — не. У дадзеную хвіліну людзі пішуць велізарную колькасць тэкстаў у сеціве. І сотні людзей чытаюць гэтыя тэксты”.

Сяргей абсалютна не супраць, што і ў літаратуры з’яўляюцца тэксты пра тое, “як хто паеў”.

Жанар Секербаева

Жанар Секербаева падтрымала Сяргея. Маладую паэтку ў сучасных тэкстах прываблівае менавіта хаатычнасць і разарванасць: “У іх няма такой структуры, якая была бы пакрытая мармурам. І ў гэтых тэкстах нібыта няма аўтара, і гэта дае свабоду”.

Сяргей Цімафееў яўна “быў на адной хвалі” з Жанар: “Я бы сказаў, што сучасная паэзія, кажу пра паэзію, бо больш да яе набліжаны, — гэта не аўтары, а форма культуры”.

Быць мату ў літаратуры або не быць?

Ірына Дубянецкая нагадала, што зараз выходзіць шмат кніг, у тэкстах каторых часта можна сустрэць ненарматыўную лексіку. Ці ўплывае гэта на якасць тэкстаў?

Максім Жбанкоў намагаўся паглядзець на ўжыванне нецэнзурнай лексікі ў тэкстах досыць аб’ектыўна:

— Не трэба адразу выкідваць тэксты з ненарматыўнай лексікай. Пісьменнік мае аўтарскае права, права на свой слоўнік і, канечне, ён мае права на сваё самавыказванне.

Сяргей Цімафееў параўнаў катэгарычнасць супраць нецэнзурных слоў у тэксце з палітычным рэжымам: “Калі хочаце мець дэмакратыю ў грамадстве, то майце дэмакратыю і ў літаратуры, не ставячы ні на чым крыж”.

Пра “нявартасць” некаторых сучасных тэкстаў

Пытанне пра магчымы канец прыгожага пісьменства непарыўна звязана з пануючым меркаваннем пра тое, што большасць сучасных тэкстаў з’яўляюцца прадуктамі нізкай літаратуры.

Максім Жбанкоў лічыць, што нічога жудаснага не адбудзецца, калі сучасная літаратура не будзе жыць доўга:

— Можна прывесці нават самы банальны прыклад з майго жыцця. Калісьці я цягнуўся за аднымі творцамі, але зараз яны не адыгрываюць ні ў маім жыцці, ні ў маёй творчасці вялікай ролі. Кожны чалавек мае сваю праўду, адпаведна, кожны чытач — сваю літаратуру. Таму да зменаў пазіцый з “высокага” на “нізкае” варта ставіцца спакойна. Але трэба памятаць, што ў культуры нічога не праходзіць проста так. Вартае гэта ці не вартае на дадзены момант, яно ўсё роўна адыграе сваю ролю.

Валянцін Акудовіч на працягу дыскусіі не змяніў традыцыйнага меркавання і працягваў даказваць, што літаратура павінна несці місію і глядзець не толькі на сучаснае грамадства, але і на наступныя пакаленні. Па яго меркаванні, сучаснае прыгожае пісьменства страчвае сваю каштоўнасную функцыю, тым самым усё больш набліжаючы свой канец.

Сяргей Цімафееў палічыў, што ў дазеным кантэксце варта асобна разглядаць прозу і паэзію: “Чытачы хочуць ведаць і валодаць сітуацыяй тут і зараз. І паэзія можа задаволіць патрабаванні чытачоў нашмат хутчэй, чым гэта зробіць проза”.

У залі -- Дзмітрый Кузьмін

Пытанне пра тое, што лічыць высокай, а што нізкай літаратурай, не пакінула раўнадушнымі і гасцей дыскусіі. Прысутны на імпрэзе паэт з Латвіі Дзмітрый Кузьмін: “Калісьці Вяргілій лічыўся паэтам высокім, адпаведна, Катул — наадварот. Але пасля фактычна ўсё будавалася на прыкладзе Катула”.

Высновы і літаратурныя прагнозы пісьменнікаў на будучыню

Не дзіўна, што дыскусія не прывяла літаратараў да пэўнай высновы. Жанар Секербаева ўпэўнена, што развіццё інфармацыйных тэхналогій ніякім чынам не стане прычынай канцу прыгожага пісьменства.

Жанар лічыць, што і сучасным творцам варта прыняць сённяшні лад жыцця — са смартфонамі і рыдарамі, які пануе ў грамадстве: “Творцы не павінны жыць па-за грамадствам, інакш на каго будуць накіраваныя іх тэксты?”.

Сяргей Цімафееў быў задаволены тым, што паднятая на дыскусіі тэма выклікала шмат пытанняў як у творцаў, так і ў чытачоў. Максім Жбанкоў у сваю чаргу працягнуў: “А на гэтыя пытанні і адкажуць літаратары сваімі тэкстамі”.

 

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»
20 кастрычніка 2017

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Чытаць далей...
Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!
20 кастрычніка 2017

Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Чытаць далей...
«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
19 кастрычніка 2017

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Чытаць далей...
Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка
19 кастрычніка 2017

Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка

Чытаць далей...
409