Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

13 лютага 2016

Зорка, якая набліжаецца — адкрыццё Стральцоўскага фэсту (ФОТА, ВІДЭА)

12 лютага ў Галерэі TUT.BY адбылося ўрачыстае адкрыццё V Міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Сёлета ён сабраў гасцей з дзевяці краінаў свету: Гішпаніі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Украіны.

Фэст распачаўся неспадзяваным і нечаканым для наведнікаў прысвячэннем і ў пэўным сэнсе падарункам Міхасю Стральцову да ўгодкаў дня яго нараджэння, якія адбудуцца 14 лютага.

Трое замежных паэтаў падняліся на сцэну, каб прачытаць за вядоўцам Андрэем Хадановічам свае пераклады з беларускага класіка, зробленыя адмыслова для адкрыцця фестывалю: Богдан Задура чытаў Стральцова па-польску, Анхела Эспіноса – па-іспанску, Марус Бурокас – на літоўскай мове.

Пасля прадстаўлення асноўных арганізатараў фестывалю – ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускага ПЭН-Цэнтра, амбасадаў Ізраіля, Латвіі, Літвы, афіцыйна адкрыць фестываль быў запрошаны Барыс Пятровіч, старшыня СБП і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”.

Арганізатары фэсту -- ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускі ПЭН-цэнтр.

Барыс Пятровіч

-- Шчыра вітаю ўсіх, хто прыехаў з розных краін сёння ў Беларусь, з розных гарадоў Беларусі да нас. Кажуць, што творца, адыходзячы ад нас, аддаляючыся, з гадамі становіцца бліжэй. Кажуць, што зорка, якая аддаляецца ад нас, з гадамі становіцца толькі ярчэй. А некаторыя зоркі ўспыхваюць звышяркай звышновай. Так не раз было ў гісторыі літаратуры, так сталася і з Міхасём Стральцовым. З гадамі папулярнасць яго толькі расце ў Беларусі, прыхільнікаў яго творчасці становіцца ўсё больш, і больш людзей, якія захапляюцца яго паэзіяй, прозай, эсэістыкай. Цяпер імя яго гучыць побач з нашымі класікамі – Янкам Купалам і Якубам Коласам, Уладзімірам Караткевічам і Максімам Багдановічам. Гэта не выпадкова. Гэта тое, што робіць шчаслівым лёс любога творцы. Ён дзеля гэтага зрабіў тое, што мог, пакінуў нам выдатную спадчыну.

Рыхтуючыся да гэтага фестывалю, мы надрукавалі спецвыпуск нашай газеты “Літаратурная Беларусь”, дзе нямала вершаў і Міхася Стральцова, і гасцей нашага фестывалю. Шмат вершаў нашых гасцей змешчана і ў новым, васьмідзясятым нумары часопіса “Дзеяслоў”, які выйшаў напярэдадні фестывалю. Чытайце паэтычнае слова, слухайце яго тут, на фестывалі, ад беларускіх і замежных паэтаў. Калі мы думалі некалі пра час правядзення фестывалю, то было ясна, што большасць такіх падзей адбываецца напрыканцы вясны, улетку, у цёплае надвор’е. Але падумалася, што варта зрабіць гэты фестываль зімой, каб нейкім чынам дадаць цяпла халоднай беларускай зіме, наблізіць вясну.

Дзякуй усім, хто адгукнуўся на нашы запрашэнні і прыехаў у Мінск, дзякуй амбсадам краін-партнёраў, нашым творчым саюзам і, вядома, кампаніі “Будзьма беларусамі”, усім, хто спрычыніўся да арганізацыі фестывалю. Будзем разам набліжаць беларускую вясну, яна абавязкова прыйдзе, бо такі закон прыроды.-- адзначыў у прывітальным слове празаік, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч.

Уверсе, злева направа: Сямён Ханін (Латвія), Андрэй Хадановіч, Карліс Вердзіньш (Латвія); Старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч; унізе: мадэратар вечарыны, паэт, перакладчык, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Фестывальным пралогам стаўся чацвярговы выступ ізраільскага паэта Ёнатана Берга, чый прыезд падтрымлівала ізраільская амбасада. На адкрыцці Барга прадставіла сама часовая павераная ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Співакоў:

“Вітаю ўсіх аматараў літаратуры, вялікі гонар для нас упершыню ўдзельнічаць у гэтым фестывалі. Літаратура і культура – гэта тая прылада, дзякуючы якой завязваюцца сувязі паміж людзьмі і паміж народамі. Паэзія займае адно з цэнтральных месцаў у культурным слоі. Яна можа паспяхова перакладаць мэсэджы культуры ўніверсальнай мовай. І часам, на мой погляд, не патрабуе перакладу. Прыемна, што на працягу фэсту мы паслухаем і ізраільскі голас – голас Ёнатана Барга”.

“Ізраільскі голас” перад чытаннем падзяліўся адчуваннем, што ягоны прыезд у Беларусь “абавязкова адлюструецца ў ягонай паэзіі”. Зрэшты, і тэмай сваіх вершаў Берг часам судакранаўся з блізкай беларусам геаграфіяй – напрыклад, у вершы “Адэса”. Бацька паэта менавіта з Адэсы эміграваў у Ізраіль.

Выступае Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь спадарыня Юлія Рачынскі-Співакоў, перакладае Павал Касцюкевіч

Уверсе: выступае Ёнатан Барг (Ізраіль); унізе, злева направа: Богдан Задура (Польшча), Дайва Чапаўскайтэ (Літва), Мар'юс Бурокас (Літва); культуролаг Юлія Чарняўская

Стральцоўскія фестывалі маюць даволі разнастайную тапаграфію выступаў: прымалі іх і галерэя "Ў", і арт-прастора "ЦЭХ", музеі і кнігарні. Сёлета асноўнай пляцоўкай для фэсту сталася "Галерэя TUT.BY", ад гаспадароў якой выступіла пісьменніца, культуролаг Юлія Чарняўская:

Юлія Чарняўская. Лабадзена, здравствуйте, hello і, канечне, добры вечар. Я вітаю ўдзельнікаў фестывалю на ўсіх мне даступных мовах. Сябры, я вельмі ўсцешаная тым, што вы сышліся тут. Я неверагодна шаную Міхася Стральцова, гэта адзін з улюбёнейшых маіх беларускіх пісьменнікаў. Бадай толькі, варта заснаваць яшчэ адзін фестваль яго памяці, а менавіта – фестываль прозы. Я б хацела, каб вам было тут добра: і гасцям, і тым, хто тут бывае часта на мерапрыемствах. Гэта рэальная пляцоўка для віртуальных праектаў, але адбываюцца і прэзентацыі, і лекцыі, і фестывалі. Я хачу пажадаць вам адно: каб тут і сёння вы адкрылі для сябе новых паэтаў, каб вы і гэтыя паэты спадабаліся адно аднаму і каб узніклі пераклады. Менавіта перакладу належыць свет. Гэта – спроба зразумець. Чым больш будзе такіх спробаў, тым камфортней будзе жыць у свеце. Няхай пакуль што ў свеце прозы і паэзіі. Дзякуючы вам – тут прысутным. 

Уверсе: Адам Глобус і Уладзімір Арлоў; выступае Міхась Скобла

Адмысловай міні-прэзентацыяй выбраных твораў Міхася Стральцова, якія выйшлі ў выдавецтве “Беларуская навука” ў “залатой” серыі “Беларускага кнігазбору” стаўся выступ Міхася Скоблы, укладальніка і каментатара гэтага бардовага тому.

Міхась Скобла: Калі я ўкладаў гэтую кнігу, раілі мне не бегаць па архівах, а ўзяць выбранае 1987 года з прадмовай Адамовіча. Сканаваць і выдаць паўтор. Але гэта было б недаравальнай памылкай. У пошуках невядомых твораў я паехаў на вуліцу Прытыцкага, і ўдава пісьменніка Алена Дзмітрыеўна мяне добра прыняла і паведаміла, што архіў Стральцова часткова ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Другая ж частка – ляжыць у адной вясковай хаце на Міншчыне. Алена Дзмітрыеўна правяла мяне ў тую хату, да гаспадароў, а гаспадары паказалі на гарышча. Ляжала ламачча, адзежа, старыя колы ад ровараў. Капаўся я там цэлы дзень, але толькі на самым дне знайшлася запаветная скрынка з надпісам “архіў М. Стральцова”. Там былі знойдзеныя творы, якія дапоўнілі выбранае 1987 г. 30 лістоў, жартоўныя вершы Стральцова да дачкі Алесі, пераклады з Мікеланджала. Нямала засталося і чарнавікоў, асобных запісаў, якіх даволі цяжка расчытаць. Па ўспамінах Янкі Брыля, калі Стральцоў адыходзіў, то папрасіў Івана Антонавіча нахіліцца і прашаптаў: “Мне без вас нельга”. Сёння ўсім нам нельга без паэзіі і прозы Міхася Стральцова. Пяты міжнародны фестываль яго памяці – таму яскравае пацверджанне.

Следам за Міхасём Скоблам на сцэну выйшаў Адам Глобус. У яго ўспрыняцце Стральцова было зусім амбівалентным.

Адам Глобус: Мой выступ будзе складацца з дзвюх частак: цёмнай і светлай. Лёс у Стральцова быў цяжкі. Некалі рускі паэт Шаламаў напісаў у дзённіках, што ўсе вершы, якія мы пішам, незалежна ад якасці, усе належаць д’яблу. Усе да аднаго. Заўжды знойдзецца такі чалавек, які пра гэта скажа. Мне сказаў настаўнік Карпейчык. Я падумаў, у светлага Стральцова не будзе ніводнага верша ад д’ябла. Але я знайшоў верш “Цыклопы”, які варта цытаваць толькі са згадкай Шаламава.

Светлае: кожны год я даю прэмію “Залатая літара” за найлепшую кнігу мінулага года. Выдатная прэмія, бо ты сам вырашаеш, каму даваць, калі і дзе. Сёлета я вырашыў, што найлепшая кніжка – “Выбранае” Міхася Стральцова. Выдатная літаратура па невысокім кошце, прадаецца ў кожнай кнігарні. Стральцова ўжо няма сярод нас, таму матэрыяльны эквівалент прэміі “Залатая літара” я аддаю арганізатарам цудоўнага фестываля “Вершы на асфальце”.

Уверсе: Алена Казлова і Аляксандра Дварэцкая; унізе: Алег Мінкін; свежы нумар "Дзеяслова" з перакладамі вершаў замежных гасцей фестывалю

Хінемаана Бэйкер (Новая Зеландыя)

Упершыню на фестывалі “Вершы на асфальце” геаграфія пашырылася аж настолькі далёка, што закранула і Новую Зеландыю. Менавіта адтуль прыехала Хінемаана Бэйкер, якую даўняе сяброўства звязвае з беларускай паэткай і перакладчыцай Марыяй Мартысевіч, у тандэме з якой яна і выступала. Пачала Хінемаана з прамовы на мове маоры, “абавязковай для незнаёмай аўдыторыі, каб патлумачыць, хто яна такая і з якіх плямёнаў паходзіць”.

Акрамя ўласных вершаў (і беларускіх перакладаў у выкананні Марыі Мартысевіч) Хінемаана далучылася да "стральцовіяны", зачытаўшы перастварэнне верша Міхася Стральцова “Разбіраюць барак пад маім акном” па-англійску.

Уверсе, злева направа: Марыя Мартысевіч, Хінемаана Бэйкер; Мар'юс Бурокас, Сямён Ханін; Карліс Вердзіньш; унізе: Андрэй Хадановіч, Раіса Баравікова

Другі год запар на стральцоўскі фэст робіцца паэтычны дэсант з Латвіі. Сёлета латышскімі гасцямі былі іранічныя паэты Карліс Верзіньш і Сямён Ханін, якія выклікалі бурлівую і ўхвальную рэакцыю ў публікі, дзякуючы сваім вершам “LIVE”, «Успаміны кандыдата ў члены Саюза Пісьменнікаў ЛССР», «Успаміны доктара Ватсана», «Успаміны ісландскай хатняй гаспадыні», «Маніфест свініны». Цікава, што Верзіньш піша па-латышску, Ханін па-руску, але паэты цэняць і перакладаюць адзін аднаго.

Злева направа: перакладчык Павел Рааго (Беларусь), пісьменнікі Іван Штрпка і Петэр Мілчак (Славакія)

Ала Мікалаенка (Украіна), Галіна Дубянецкая, Уладзімір Някляеў

Ала Мікалаенка (Украіна): «Дужа прыемна быць сёння з вамі і асабліва прыемна адчуваць, што ўсе вы мяне разумееце. Шчырыя вітанні з Кіева, з Нацыянальнага Саюзу пісьменнікаў Украіны, а найбольшыя вітанні, праўда, перадаваў мой бацька, які вучыўся ў беларускім Магілёве два гады. Фестываль – гэта мажлівасць міжнароднай камунікацыі. Кожны з нас будзе вяртацца ў сваю краіну з часцінкай Беларусі, Латвіі, Новай Зеландыі».

Уладзімір Някляеў: «У Стральцова была выдатная памяць на вершы. Неяк у Каралішчавічах – ужо, відаць, трэба тлумачыць, што такое Каралішчавічы – гэта быў невялікі пісьменніцкі дом творчасці – мы сядзелі кампаніяй у застоллі. І прыдумалі конкурс на лепшую памяць: чытаем радок верша, і трэба працягнуць далей. Кампанія была добрая: Рыгор Барадулін, Мікола Федзюковіч, шматх хто яшчэ. І Міхась Стральцоў. Стральцоў сядзеў неяк збоку – ён заўсёды стараўся сесці збоку. Калі Караткевіч прыходзіў, то ён адразу станавіўся цэнтрам, арганізоўваў прастору, ішлі анекдоты, расповеды – у Міхася гэтага не было. І вось як толькі нехта з кампаніі забываўся, Міхась адтуль, збоку, чытаў гэты радок. Ён перамог… Стральцоў насіў у сабе нешта дзіцячае. У ім жыў дух прыгодніцтва. Можа быць, і лёс ягоны праз тое такім складаным стаўся. Ён увесь час чакаў нейкіх цудаў. Выходзілі ў лес – чакаў дзівоснай птушкі, выходзілі на вуліцу – чакаў сустрэчы з нейкім незвычайным чалавекам. Я таксама чакаю цудаў, і часам яны адбываюцца. Саюз беларускіх пісьменнікаў арганізаваў конкурс «Экслібрыс» імя Барадуліна. І я, будучы ў журы, хістаўся паміж дзвюма падборкамі. Пазней жа, калі з'явіліся імёны, я проста не мог паверыць, што я, прафесійны паэт, чытаў вершы гішпанкі, якая сама вывучыла беларускую мову, і не адрозніваў іх па мове – настолькі яны былі дасканалыя. Дзяўчынка-паэтка Анхела Эспіноса. Гэта дае надзею, што нашы страхі пра знікненне нашай мовы дарэмныя».

Пісьменнікі Георгій Барташ і Наталля Кучмель

Злева направа: Вольга Гапеева (Беларусь), Алена Сцепаненка (Украіна), Дайва Чапаўскайтэ (Літва)

Чытаюць Андрэй Хадановіч (пераклад) і Дайва Чапаўскайтэ (арыгінал)

Šuma

Адкрыццё фестывалю аказалася вельмі насычаным, слухачы толькі і паспявалі пераключаць у сваёй свядомасці ўсё новыя і новыя мовы, якія ўрэшце адгукаліся беларускамоўным перакладам альбо вершам беларускага аўтара ці аўтаркі. Акрамя загаданых паэтаў і паэтак прачыталі свае вершы Галіна Дубянецкая, Раіса Баравікова, Вольга Гапеева, Дайва Чэпаўскайтэ, з кароткім выступам з'явіліся на сцэне славацкія аўтары Петэр Мілчак і Іван Штрпка. Завершылася адкрыццё фолькам ад гурта Šuma, які канчаткова сплёў усе мовы ў гласалалію.

Тэкст: ЦЧ; фота ВТ, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова
14 снежня 2017

Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова

Чытаць далей...
1223