Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

14 лютага 2016

Компас Вітаўта, альбо Мульцівіза ў Вялікае Княства

Сталай традыцыяй і, можна сказаць, візітоўкай фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова ёсць праграма “Вялікае Княства Паэзіі”, якая штогод аб’ядноўвае літарацкую супольнасць былых народаў ВКЛ: Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны. Зрэшты, паэтычнае ВКЛ кожны год пашыраецца.

Выступае Богдан Задура (у цэнтры)

“Вялікае Княства Паэзіі” акумулюе размаітыя паэтычныя практыкі: нягледзячы на тое, што паэзія ВКЛ як быццам мусіць несці пераважна высокую эстэтыку, класічную паэтыку, на Стральцоўскім фэсце гэтая назва хутчэй гаворыць пра мультыкультурнае разуменне народаў – магчымае праз дыялог і пераклад.

Чаканым госцем на сцэне “Галерэі TUT.BY” стаўся Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. Бо менавіта ён з’яўляецца аўтарам ідэі “Вялікага Княства”, якое калісьці адбывалася на пляцоўцы літоўскай амбасады.

Эвалдас Ігнатавічус

Эвалдас Ігнатавічус: Лабас вакарас! Віншую ўсіх са святам паэзіі. Нашаму пасольству заўжды прыемна быць часткай чагосьці вялікага. “Вялікае Княства Паэзіі” пачалося дзесяць гадоў таму як невялікая камерная з’ява. Спачатку толькі як імпрэза, што яднае народы Вялікага Княства Літоўскага. А пасля “Княства” расло і расло, і дарасло да вялікага фармату. Увогуле – чым больш паэзіі, тым менш у свеце не-паэзіі. Чым больш паэзіі, тым менш варажнечы. Зычу ўсім прысутным наталіцца шматгалоссем, шматмоўем гэтага Вялікага Княства, якое сёлета пашырылася ажно да берагоў Новай Зеландыі. 

Галасы, не зразумелыя без перакладу, чаргаваліся з галасамі, зразумелымі без перакладу. Княства набліжалася пакрысе, бо на сцэну выйшаў творца, які належыць беларускай паэзіі, але ў той жа час і Вільні, Літве. Віленскі жыхар, выдатны паэт Алег Мінкін, працягваючы тэму, прачытаў свой даўні верш, яшчэ з першага зборніка “Сурма”, а менавіта – “Нясвіскія партрэты”, прысвечаны выдатным дзеячам Вялікага Княства.

Выступае Алег Мінкін (Вільня)

Лацінападобныя санорныя і “ус”-авыя канчаткі літоўскай мовы напоўнілі залу да астатку, бо пачала гучаць паэзія Дайвы Чапаўскайтэ з Каўнаса. Гармонію яе і перакладчыка Андрэя Хадановіча спрабавалі ўлавіць музыкі гурта TonqiXod і Віктар Сямашка.

Дайва Чапаўскайтэ (Літва), Макс Субач, Віктар Сямашка

Злосную іранічную інтэрмедыю здзейсніў пасля гэтай медытатыўнай паўзы беларускі паэт Усевалад Сцебурака, прачытаўшы вершы пра дэміурга-асенізатара, а пасля пра сяброў дзяцінства чэкіста Генку і таксіста Толіка. Думаю, што Вялікае Княства стрывае гэты хуліганскі ход”, -- прамовіў паэт пад апладысменты гледачоў.

Усевалад Сцебурака

Пасля компас вялікага князя Вітаўта хітнуў стрэлку на поўдзень, і таму на сцэну выйшла кіеўская паэтка Ала Мікалаенка, ужо вядомая заўсёдніку фестывалю па ўчорашнім адкрыцці. Ейны паэтычны выступ працягнуў беларускі паэт Ігар Кулікоў з вершамі пра тое, што “тут можна нарадзіцца адно з будаўнічага друзу”, пра метафізічнага “зваяра”, “зорашукальца”, метафізічнае “Вялікае Княства” і метафізічную “Пагоню”.

,

Ала Мікалаенка (Украіна)

Ганаровая грамадзянка Вялікага Княства новазеландка Хінемаана Бэйкер на пару з перакладчыцай Марыйкай Мартысевіч зрабіла невялікі фурор. Вершы з другой кнігі спадарыні Бэйкер “Косткі” распавядалі пра пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці. Напалову маоры, напалову еўрапейка, Хінемаана апісвае тыповыя для мясцовых аўтахтонаў сітуацыі. Гэтак, нашчадкі маоры, на манер беларускіх і ўкраінскіх вышыванак, набіваюць сабе татуіроўкі, вось толькі мужчыны могуць "абшыць" нацыянальным каларытам усё сваё цела, жанчынам жа даводзіцца задавольвацца татуіроўкай выключна на губах і шыі.

Але татуявацца могуць толькі тыя, хто заслужыў гэта перад продкамі.

Хінемаана Бэйкер і Марыя Мартысевіч з музыкамі гурта "TonqiXod" і Віктарам Сямашкам

Компас Вітаўта, працягваючы лётаць стрэлкай у розныя бакі свету, ад Новай Зеландыі выйшаў на поўнач, у знаёмае еўрапейцам паўшар'е, выбраўшы для паэтычнага чытання жывога класіка ўкраінскай паэзіі Аляксандра Ірванца. Адзін з заснавальнікаў "Бу-Ба-Бу" прачытаў шэраг напоўненых самаіроніяй вершаў, як “Каму ж, як не Арлову”, сцвярджалася, што “толькі з АББЫ ніхто не памірае”. Вёўся расповед і пра сітуацыю, “калі падчас пацалунка злятае зубны пратэз”

Аляксандр Ірванец (Украіна)

Чараду іраністаў, самаіраністаў і блюзнераў змяніў зноў-такі медытатыўны настрой, што, як і ў мінулы раз, ствараўся пры дапамозе выдатнай музыкі.

Богдан Задура, адзін з карыфеяў сучаснай польскай паэзіі, чытаў свае творы, зачароўваючы залу глыбінёй свайго чалавечага досведу. Прыемна, што ўжо ў часе Стральцоўскага фестывалю можна было абсалютна свабодна прыдбаць беларускае выбранае Задуры, здзейсненае Андрэем Хадановічам і апублікаванае ў выдавецтве "Логвінаў".

Богдан Задура, Макс Субач, Віктар Сямашка

З грамадзянаў Вялікага Княства ўвага паступова пераключылася на грамадзянак: у імпрэзе ўзялі ўдзел беларускія паэткі Алеся Башарымава, Сабіна Брыло, Марыя Мартысевіч і Віка Трэнас, паказаўшы зусім адрозныя паэтычныя жаночыя практыкі, якія вагаліся ад медытатыўнага заклёну праз эмацыйны ўсплёск - да ўтульнасці і іроніі хатняга агмяню.

Алеся Башарымава

Завершылася "Вялікая Княства Паэзіі" міжнароднымі, блізкімі сэрцу ліцьвіна літоўска-латыскімі дывертысментамі Сямёна Ханіна (Латвія) і Маруса Бурокаса (Літва). Компас вялікіх князёў стаў на адпачынак да заўтрашняга дня - у чаканні трэцяга дня юбілейнага, пятага, Міжнароднага паэтычнага фестывалю "Вершы на асфальце" памяці Міхася Стральцова.

Выступае Сямён Ханін (Латвія)

Марус Бурокас (Літва)

Андрэй Хадановіч і Богдан Задура (Польшча)

Сяргей Бірукоў (Расія-Германія) і Дзмітрый Строцаў (Беларусь)

Марыя Мартысевіч і Хінемаана Бэйкер (Новая Зеландыя)

Тэкст Ціхана Чарнякевіча, фота і відэа Вікі Трэнас, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова
14 снежня 2017

Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова

Чытаць далей...
1105