Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

14 лютага 2016

Бібліятэка СБП — яркія імёны і новыя кнігі (фота+відэа)

У другі дзень праграмы V Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова адбылася прэзентацыя кніжных серый ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і паэтычных зборнікаў, а таксама новага, 80-га нумара часопіса «Дзеяслоў».

Выступае Валянціна Аксак

На вечарыне, мадэраванай першым намеснікам Старшыні ГА "СБП" Алесем Пашкевічам, было прадстаўлена пяць кніг: "Дзікая сліва"  Валянціны Аксак, "Поўня"  Леаніда Галубовіча, "З'яўленне Інфанты"  Людмілы Рублеўскай, "Каштаны ў кішэнях"  Наталлі Русецкай, "9 гранаў"  Сяргея Украінкі. Леанід Дранько-Майсюк прэзентаваў сваю публікацыю ў свежым нумары "Дзеяслова", прысвечаную Міхасю Стральцову, у гонар якога названы фестываль "Вершы на асфальце" і дзень нараджэння якога ягоныя прыхільнікі адзначаюць 14 лютага.

Празаік, першы намеснік Старшыні ГА "СБП" Алесь Пашкевіч

-- Шчыра вітаем усіх на нашым фестывалі! Так сталася, што не кожны сучасны беларускі аўтар можа выдацца ў дзяржаўным выдавецтве, таму праект, зыніцыяваны ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", аказаўся вельмі патрэбным і плённым. У яго ўваходзіць некалькі канцэптуальна адрозных серый: "Кнігарня пісьменніка" для сталых творцаў, "Пункт адліку" для дэбютантаў; "Каляровы ровар" яднае арыгінальныя і перакладныя выданні для дзяцей, а Бібліятэчка часопіса "Дзеяслоў" прадстаўляе розныя пакаленні нашых літаратараў. Сёння мы радыя прэзентаваць вам нашыя кніжныя навінкі, -- адзначыў у прывітальным слове Алесь Пашкевіч.

Уверсе: дзеяслоўцы Таццяна і Анатоль Івашчанкі; проста маленькі глядач; унізе, злева направа: Алесь Пашкевіч, Богдан Задура (Польшча), крайняя справа Анхела Эспіноса (Іспанія), за ёй -- паэт Ігар Канановіч

Злева направа: Леанід Галубовіч, Алег Мінкін, Валянціна Аксак

Музычны сэт ад праекта "Мірнае мора". Уверсе, злева направа: Яўген Звераў (барабаны), Ірына Снапкова (вакал, тэксты песень і музыка), Юры Несцярэнка (вакал, гітара), Віктар Зайцаў (бас) 

Наталля Русецкая

Зборнік Наталлі Русецкай (Беларусь-Польшча) выйшаў у Бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" і мае назву "Каштаны ў кішэнях". У сваім паэтычным сэце пані Наталля чытала вершы пра падарожжы, якіх, як яна прызналася, па волі лёсу ў яе шмат.

Леанід Галубовіч

Уверсе: Дзмітры Дзмітрыеў (Магілёў), унізе: Ларыса Раманава (Ветка) і Анхела Эспіноса; Наталля Русецкая

Выступае Леанід Галубовіч

Паэт і літаратурны крытык Леанід Галубовіч дэкламаваў вершы з кнігі "Поўня", куды ўвайшло найлепшае выбранае. 

Пісьменніца, крытык і журналіст Людміла Рублеўская, прадстаўляючы сваю кнігу "З'яўленне Інфанты", распавяла, што выхад гэтага зборніка стаўся для яе асаблівай падзеяй, бо апошнім часам аўтарка аддае перавагу прозе (чытачам палюбіліся яе прыгодніцка-авантурныя раманы пра Пранціша Вырвіча), і на напісанне паэзіі не хапае часу.

Уверсе: Людміла Рублеўская; Алесь Пашкевіч, Богдан Задура; унізе: Павел Рааго (Беларусь), Іван Штрпка (Славакія); Уладзімір Арлоў

Валянціна Аксак

У сваёй кнізе "Дзікая сліва" паэтка Валянціна Аксак раіць чытачам узрошчваць свой сад -- як у метафізічным, так і ў наўпроставым сэнсе. У сваім выступе спадарыня Валянціна, акром агучвання вершаў, падзялілася ўспамінамі пра сустрэчы з Міхасём Стральцовым.

Сяргей Украінка

Кніга магілёўскага паэта і выкладчыка Сяргея Украінкі "9 гранаў" пабачыла свет у серыі "Кнігарня пісьменніка". Спадар Сяргей прачытаў як сур'ёзныя філасофскія тэксты (якіх, дарэчы, у зборніку найбольш), так і гумарыстычныя.

Леанід Дранько-Майсюк выступіў з успамінамі пра Міхася Стральцова, а таксама прэзентаваў публікацыю сваіх лістоў да яго, што выйшла ў свежым, 80-м нумары "Дзеяслова".

Юры Несцярэнка і гурт Nestary Band

Пісьменнік і музыкант Юры Несцярэнка, кніга прозы якога выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка", прадставіў на Стральцоўскім фэсце два адметныя праекты: гурт Nestary Band выканаў песні на вершы Алёны Беланожка, Леаніда Галубовіча, Людмілы Рублеўскай, Міхася Стральцова, а калектыў "Мірнае мора" паказаў аўтарскія беларускамоўныя песні Ірыны Снапковай.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Тэкст, фота і відэа: Віка Трэнас, для lit-bel.org        

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове
26 чэрвеня 2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове

Чытаць далей...
Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
23 чэрвеня 2017

Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Чытаць далей...
Моцарт беларускай літаратуры
23 чэрвеня 2017

Моцарт беларускай літаратуры

Чытаць далей...
Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!
23 чэрвеня 2017

Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!

Чытаць далей...
1039