Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2016

Дэбюты і GRAPHO-лагічная Textura: мерыдыяны паэтычнага руху (+ФОТА)

14 лютага ў межах трэцяга дня фестывалю “Вершы на асфальце” прайшла прэзентацыя дэбютных кніг “Розныя рэчы”, а таксама чытанні ўдзельнікаў літаратурнага клубу GRAPHO. Дзве гадзіны фестывальнага часу аб’ядналі маладых зорак беларускай паэзіі.

Нядзіўна, што ў гэты дзень сярод выступоўцаў не раз гучала тэма кахання. 

Адкрыла прэзентацыю мадэратарка вечарыны дэбютных кніг Віка Трэнас, якая ў далейшым прадстаўляла выступоўцаў. Першай з іх стала беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноса. Дзяўчына нядаўна прачнулася знакамітай праз тое, што самастайна вывучыла нашу мову і піша на ёй вершы і прозу. Анхела прэзентавала сваю дэбютную кнігу “Раяль ля мора”. Сярод яе твораў, прачытаных з іспанскай экспрэсіўнасцю,  знайшоўся і верш, прысвечаны "другой радзіме" – Беларусі.

Анхела Эспіноса прэзентуе кнігу “Раяль ля мора”

Паэт Георгій Барташ, прэзентуючы кнігу “Ботиночки”, прызнаўся аўдыторыі, што зрабіў у жыцці адну вялікую памылку: “Я думаў, што шмат напішу, назбіраю і выберу лепшае. Так і зрабіў. Спадзяюся, кніга атрымалася добрая, але першую кнігу трэба выдаваць у дваццаць год. Другую – у дваццаць пяць, трэцюю ў трыццаць. Потым першую трэба хаваць ад сяброў і знаёмых, выкрадаць з бібліятэк і знішчаць”. З нагоды рамантычнай даты Георгій прачытаў гумарыстычны верш-“валянцінку”.

Георгій Барташ

Далей мікрафонам завалодаў паэт і шоумэн Алесь Плотка, вядомы пад псеўданімам Байсан. Такую ж назву мае і дэбютная кніга. Алесь падзяліўся ўражаннямі ад “Вершаў на асфальце”: “Фестываль вельмі класны, праграма шыкоўная. Жадаю і далей расшыраць Вялікае княства паэзіі, аж пакуль мы не паглынем увесь свет і не станем Злучанымі штатамі паэзіі”. Хардкоравыя вершы Алеся Плоткі, чытаныя пад відэашэраг "Жаху і нянавісці ў Лас-Вэгасе", лавінаю сыпаліся на слухачоў і цалкам захапілі ўвагу.

Алесь Плотка прадстаўляе кнігу "Байсан"

Асаблівым пунктам праграмы сталі дзве дэбютныя кнігі серыі “Пункт адліку” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Іх прэзентавалі яскравыя маладыя зоркі Таня Светашова і Мікіта Найдзёнаў.

Дэбютная кніга Таццяны “Разные вещи” выйшла ў снежні мінулага года. Вобраз паэткі падчас выступу надзвычай адпавядаў танальнасці вершаў. У яе стылі спалучаюцца тонкія, часам сумныя ці іранічныя назіранні аб рэчаіснасці і водгукі дзяцінства.

Таня Светашова і "Разные вещи"

Таня Светашова: “Для мяне гонар – паўдзельнічаць у фестывалі з кніжкай. Я ўдзельнічала і ў папярэдніх стральцоўскіх фэстах. Але цяпер ёсць нагода паказаць, што ты зрабіў, пэўная справаздача”.

Паэт і музыкант, лідар гурта HURMA Мікіта Найдзёнаў расказаў пра стварэнне кнігі і працу над ёй пад рэдакцыяй Андрэя Хадановіча. “Кніга называецца ‘Развітанцы’. Звычайна такімі рэчамі завяршаюць свой творчы шлях. Але ‘Развітанцы’ – гэта ўменне сказаць ‘Давай, да пабачэння’ пэўнаму перыяду, сабраць вершы і выдаць”.

Мікіта Найдзёнаў

Мікіта падтрымаў святочную атмасферу вершамі аб каханні і яго загадках.

Пасля невялікага перапынку Андрэй Хадановіч склікаў слухачоў вярнуцца ў залю з “кулуараў” кава-зоны: “Зараз хочацца прадставіць блок чытанняў вельмі сімпатычных аўтараў, якія нібыта спалучаныя сасуды, але разам з тым абсалютна самастойныя з’явы. Лічыце гэта асаблівасцю дызайну арганізатараў літаратурнага клубу GRAPHO”.

Мадэравала гэтую частку праграмы паэтка Наста Кудасава.

Наста Кудасава

Першым Наста запрасіла Алеся Емяльянава-Шыловіча, які прачытаў уласныя вершы і пераклады. Алесь з’яўляецца таксама аўтарам дзіцячых твораў. І хоць ні адзін з іх не прагучаў, філасофска-гумарыстыя вобразы ў вершах паэта ствараюцца з такой непасрэднасцю, што здаецца слушнай жартоўная заўвага Андрэя Хадановіча: “Усё, што ён робіць – дзіцячая творчасць”.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч

Мадэратарка Наста прадставіла наступную аўтарку так: “Гэта паэт, з якім побач лягчэй дыхаецца. Яна зусім нядаўна з’явілася ў публічнай прасторы. Увесь час гадавалася, выхоўвалася, як чароўная кветка. І прыйшла да нас з кнігай вершаў, якая выйшла літаральна на днях”. Тонкая атмасферная паэзія Вольгі Злотнікавай стала прыемным адкрыццём у праграме.

Вольга Злотнікава

Танальнасць змяніў экспрэсіўны Стась Карпаў, паэт, публіцыст, сёлетні пераможца “Фэсту аднаго верша” і, па словах Насты, “своеасаблівы, самабытны мысляр”. Напрыканцы выступу слухачам пашчасціла паслухаць самы апошні з вершаў аўтара, які быў напісаны ноччу перад гэтым.

Стась Карпаў

“Я доўга думала, як прадставіць наступную аўтарку. Шчыра кажучы, гэта настолькі сталы, цэльны аўтар са сваім самабытным голасам, што нейкія эпітэты да яе нават не хочацца падбіраць”, – сказала мадэратарка. Ліна Казакова пашкадавала, што яе вершаў пра каханне не хапае на рэгламентаваныя сем хвілін часу, і назвала свой выступ эклектыкай: у вершаваных радках прагучалі самыя розныя тэмы.

Ліна Казакова

Далей быў прадстаўлены “сур’ёзны чалавек” Андрэй Фаміцкі – стваральнік і галоўны рэдактар парталу Textura.by, аўтар трох паэтычных зборнікаў. Пасля ўласных паэтычных чытанняў Андрэй скарыстаўся магчымасцю і прадставіў Насту Кудасаву – яскравую паэтку і аўтарку двух кніг.

Андрэй Фаміцкі

Наста завяршыла блок сваімі вершамі з надзвычай шчырай і сакавітай мовай. У канцы выступу па просьбе слухачоў паэтка прачытала калыханкі, якія напісала для сваіх дзяцей. Падагульненнем і музычным падарункам для аўтараў дэбютных кніг, суполкі GRAPHO і сайта TEXTURA.BY стаўся выступ барда, перакладчыка і літаратара Арцёма Сітнікава.

Арцём Сітнікаў

Тэкст Марыя Маляўка, фота Таццяны Матусевіч, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Моц слова Францішка Скарыны
15 снежня 2017

Моц слова Францішка Скарыны

Чытаць далей...
Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня
15 снежня 2017

Губернскі дэтэктыў у музеі Багдановіча — 22 снежня

Чытаць далей...
Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)
15 снежня 2017

Да 200-годдзя Таварыства філаматаў (ФОТА, ВІДЭА)

Чытаць далей...
Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова
14 снежня 2017

Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова

Чытаць далей...
987