Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2016

Слэм Святога Валянціна: выжывуць толькі паэты

Амаль апоўначы, у апошні дзень Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова былі названыя пераможцы ўжо традыцыйнага для фэсту паэтычнага слэму.

Андрэй Хадановіч і Дайва Чапаўскайтэ

Сёлета публіку і журы не ўразілі ні тэатральнасць, ні гумар выступоўцаў-слэмераў. Толькі хардкор, толькі паэзія і толькі сур’ёзны змест.

Уверсе: Ніна і Даша -- уліковая каманда слэму; вядоўцы Андрэй Хадановіч і Дар'я Бялькевіч

 

Магчыма, справа ў тым, што ў склад журы, якое па правілах слэму выбіраецца з публікі, усё ж трапілі прафесіяналы галіны. Так, у першым туры суддзямі поруч са звычайнымі слухачамі былі паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп і паэт з Магілёва, перакладчык вершаў Уладзіміра Высоцкага на беларускую мову Міхась Булавацкі, а ў фінале адзін з камплектаў адзнак быў дабравольна-прымусова перададзены літаратурнаму крытыку Марыне Весялуха.

Анхела Эспіноса, уверсе: Іван Булва, унізе: Андрэй Адамовіч

Злева направа: Дайва Чапаўскайтэ, Андрэй Хадановіч, Таня Скарынкіна

А можа, справа ў “слэм-рэпертуары” саміх выступоўцаў, бо ў большасці выпадкаў яны рабілі акцэнт на змесце тэкстаў, арганічнасці іх прадстаўлення, і толькі нямногія імкнуліся эпаціраваць публіку нецэнзурнай лексікай і непрыстойнымі вершыкамі. Зрэшты, нават такія смельчакі не прадбачылі рэакцыі публікі. Да прыкладу, падчас выступлення Андрэя Адамовіча, які не саромеўся мацюкацца, некалькі жанчын абурана сказалі: “Ну ўсё, мы пайшлі адсюль” і пакінулі залу.

Як і летась, сёлета слэм праходзіў у камандна-індывідуальным фармаце. Тры зборныя – Беларусі, Свету і паэтычнага батла “Рухавік” па чарзе прадстаўлялі сваіх гульцоў на сцэне. Кожны з іх, змагаючыся за сябе, працаваў і на агульны камандны лік. Адметна, што сёлета журы і мадэратары строга сачылі за часам. Вялікі секундамер на маніторы, паўзмрок каля сцэны… Але па словах вядучага слэма Андрэя Хадановіча, так арганізатары імкнуліся прымусіць удзельнікаў чытаць па памяці, а секундамер – хутчэй дапамога для добрага паэта, які і так выдатна ведае, колькі часу ён прамаўляе.

Наста Кудасава і Ігар Кулікоў

Алена Сцепаненка 

У зборную каманду Беларусі ўвайшлі: беларускамоўная іспанка Анхела Эспіноса, Андрэй Адамовіч, Ганна Комар, пераможца леташняга слэму Георгій Барташ, Уладзімір Глазаў, Наста Кудасава.

Уверсе, злева направа: Валерыя Данілевіч, Ганна Комар; унізе: Георгій Барташ, Сяргей Прылуцкі 

Зборную Свету прадстаўлялі: Дайва Чапаўскайтэ (Літва) у тандэме з перакладчыкам Андрэем Хадановічам, Алена Сцепаненка, Люба Якімчук, Ала Мікалаенка (Украіна), Сяргей Прылуцкі (Беларусь-Украіна), Сяргей Бірукоў (Германія – Расія).

Асобную ўвагу варта звярнуць на каманду “Рухавік”, складзеную з пераможцаў паэтычных батлаў, што цягам мінулага года рэгулярна ладзіліся ў сталічным клубе “Графіці”. Як распавяла адна з кіраўнікоў “Рухавіка” Дар’я Бялькевіч (яна ж выступіла ў якасці сувядучай слэму), гэта абсалютна стыхійны паэтычны рух. Ладзячы першы батл, арганізатары проста змясцілі аб’яву ў сацыяльных сетках – і “Рухавік” запрацаваў. Цяпер, па выніках першага сезона яго працы, публіка мае магчымасць пазнаёміцца з многімі маладымі таленавітымі паэтамі. Так, слэмерамі, якія ўжо маюць вялікі досвед удзелу і перамог у паэтычных бойках, сталі: Іван Булва, Валерыя Данілевіч, Аліса Мініна, Алесь Сьнег, Рыгор Шабека, Марына Яўсеенка.

Люба Якімчук, Аліса Мініна, Алесь Сьнег 

Выступленні якіх слэмераў запомніліся найбольш? Эпатажны выступ Андрэя Адамовіча вышэй ужо згадваўся, не менш захапляльным было і выступленне Сяргея Прылуцкага, які спачатку развесяліў вершаваным расповедам пра беларускае вяселле, якое, як водзіцца, заканчваецца бойкай, а потым распавёў пра гаротнае жыццё паэтаў.

Уверсе: Уладзімір Глазаў, унізе: Рыгор Шабека; Ала Мікалаенка

Ганаровы “чаравічак” леташняга слэму Георгій Барташ гэтым разам распавёў гісторыю пра тое, як у яго двары здымалі кіно, а Уладзімр Глазаў проста ўварваўся ў свядомасць публікі сваім каронным “свет звужаецца”. Сяргей Бірукоў са зборнай Свету сваімі “Вершамі для тых, хто пазяхае” правёў своеасаблівую фізкульт-размінку для мышцаў твару, а кароткія і лаканічныя вершыкі Алеся Сьнега адразу ж запаміналіся. Вось, напрыклад, гэты:

Паэтку распялі ва Уруччы

А вы кажаце: паэзія неўміручая.

Паэтка з Украіны Люба Якімчук прапанавала публіцы верш пра фальшывых сяброў перакладчыка, а яе калега па камандзе Алена Сцепаненка не пабаялася прачытаць твор, напісаны акурат у дзень слэму. Наста Кудасава зачаравала сваёй неверагодна шчырай і жаноцкай паэзіяй, прадставіла некалькі вершаў і Валерыя Данілевіч з “Рухавіка”.

Уверсе, злева направа: Наста Кудасава, Сяргей Бірукоў, Марына Яўсеенка; унізе: Вера Бурлак; Юлія, асістэнт слэму 

Так, па выніках першага тура ў камандным заліку перамагла зборная Свету, а ў фінале апынуліся чатыры паэты: Наста Кудасава, Дайва Чапаўскайтэ ў пары з перакладчыкам Андрэем Хадановічам, Сяргей Прылуцкі і Алена Сцепаненка з Украіны.

Вера Бурлак з сынам Кастусём

Перад тым, як назваць пераможцаў, зазначу, што ў перапынках, калі працавала ўліковая камісія (Ніна і Даша лічылі адзнакі слэмераў), выступалі паэтка Таня Скарынкіна, а таксама Вера Бурлак з сынам Кастусём. І калі б Кастуць быў адным з удзельнікаў слэму, то перамога безумоўна і адзінагалосна дасталася б яму – настолькі жывым і непасрэдным было яго выступленне!

Таня Скарынкіна

Але вернемся да вынікаў. Так, ганаровае чацвёртае месца занялі прадстаўнікі каманды “Рухавіка” Алесь Сьнег, Аліса Мініна, Рыгор Шабека. Трэцяе месца падзялілі Наста Кудасава і Сяргей Прылуцкі, на другім месцы – Дайва Чапаўскайтэ з Літвы. І вельмі прыемна, што рэванш за мінулагодні слэм сёлета ўзяла Алена Сцепаненка (летась яна саступіла ў фінале Георгію Барташу) і перамагла. У якасці прыза ад Саюза беларускіх пісьменнікаў Алена атрымала букрыдар.

Але і на гэтым сюрпрызы амаль бясконцага паэтычнага слэму не скончыліся. Напрыканцы слова ўзяў, бадай, самы строгі суддзя вечарыны Міхась Булавацкі і прачытаў верш-прызнанне ў каханні (дзень Святога Валянціна ж!), які стаў вясельнай клятвай і блаславеннем на шчаслівы шлюб для многіх пар.

Больш фота на старонцы СБП у Фэйсбуку 

Тэкст і фота – Арына Радзівончык, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Віншуем Галіну Дубянецкую і Дзмітрыя Падбярэзскага!
20 жніўня 2017

Віншуем Галіну Дубянецкую і Дзмітрыя Падбярэзскага!

Чытаць далей...
Уладзімір Караткевіч: «У нас аднолькавыя толькі плаўкі»
18 жніўня 2017

Уладзімір Караткевіч: «У нас аднолькавыя толькі плаўкі»

Чытаць далей...
Тамаш Грыб — антыфашыст, антыкамуніст, скарыназнаўца і рамантык
18 жніўня 2017

Тамаш Грыб — антыфашыст, антыкамуніст, скарыназнаўца і рамантык

Чытаць далей...
Віншуем Таццяну Барысік!
18 жніўня 2017

Віншуем Таццяну Барысік!

Чытаць далей...
629