Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2016

«Мы пінгвіны!», або Як дзеткі спрычыніліся да «Вершаў на асфальце» (+ФОТА)

У дзень усіх закаханых былая кватэра Петруся Броўкі прытуліла не толькі паэтаў-удзельнікаў Стральцоўскага фэсту, але і самых маленькіх аматараў беларускай паэзіі. У музейным пакойчыку быў аншлаг — на падушках, якія былі раскіданыя па падлозе, утульна разлягліся малыя, а, каб пасадзіць усіх дарослых, не хапіла крэслаў.

Аксана Спрынчан з дачкой Альжбэтай

На вечарыну можна было прыйсці не толькі для таго, каб пачэрпаць веды пра выхаванне маленькіх беларусаў, але і каб пазнаёміцца з дзецьмі паэтаў, якія ў сваёй большасці пайшлі па слядах сваіх бацькоў.

Святы Валянцін не абмінуў і дзіцячую вечарыну. Мадэратар імпрэзы Анатоль Івашчанка прапанаваў усім дзеткам напісаць пажаданне на адмыслова зробленых для гэтага валянцінках.

Серж Мінскевіч

Адкрыў вечарыну паэт Серж Мінскевіч. Разам з дзеткамі ён праспяваў пад гітару “Мы — пінгвіны!”. Акрамя беларускамоўных вершаў, ён падрыхтаваў для малых і верш па-англійску, які выклікаліся прачытаць самыя смелыя.

Раіса Баравікова

Раіса Баравікова, акрамя чытання вершаў, павесяліла дзетак і ўласнымі загадкамі.

Усевалад Сцебурака

Усевалад Сцебурака закрануў блізкую малым тэму — тэму дамашніх жывёл. Ён прачытаў жартаўлівы верш-інструкцыю пра тое, як трэба паводзіць сябе дзецям, калі тыя вырашылі ўзяць дадому бяздомнага сабаку. Сабакі былі галоўнымі героямі і ў астатніх яго вершах.

Вера Бурлак з сынам

Вера Бурлак выступіла ў дуэце разам з сынам Кастусём. Кастусь прачытаў свае міні-вершы. А на заканчэнне маці з сынам выканалі песню, аўтарства якой належыць Кастусю. Песня было пра тое, як яны лячылі цацку, у якой завялася цвіль.

Алег Мінкін

На пытанне Анатоля Івашчанкі “Хто з вас быў у Вільні?” амаль палова дзетак з залі паднялі рукі. Па гэтай прычыне яны з цікавасцю сустрэлі віленскага госця Алега Мінкіна.

Спяваюць Анатоль Івашчанка і ягоная дачушка 

Для ўжо стомленых дзетак была прадугледжана музычная паўза. Анатоль Івашчанка праспяваў разам з усімі вясёлую “Куру Шчабятуру”.

Не абышлася імпрэза і без творчай сям’і Аксаны Спрынчан. Аксана пазабаўляла дзетак уласнымі загадкамі. Таксама яна прынесла з сабой чароўны мех з цацкамі. Дзеткі па чарзе выцягвалі з меха адну цацку. Якую цацку выцягнулі, пра тое і чытала верш Аксана. Завяршыла сямейны выступ дачка паэткі Альжбэта прачытаннем уласнага верша.

Выступаюць Уладзімір Сіўчыкаў (уверсе) і Леанід Дранько-Майсюк

Леанід-Дранько Майсюк у сваім выступе быў самы лаканічны. Ён прачытаў толькі два вершы, адзін з якіх — пра Зюзю. Леанід заклікаў дзетак шанаваць і не злаваць яго.

Андрэй Хадановіч

Завяршыў вечарыну Андрэй Хадановіч. Ён пазабавіў дзетак вершамі з кнігі “Нататкі таткі”. Прачытаць іх сольна яму не ўдалося, бо малым бацькі набылі яго кнігу, таму “Нататкі для таткі” чыталі ўсе разам. З дзеткамі Андрэй Хадановіч заспяваў песню пра галоднага ваўка. А дачка паэта Алена прадэкламавала жартаўлівы татаў верш пра тое, якімі строгімі бываюць бацькі, калі ў малых няма дысцыпліны.

Больш фота на нашай старонцы ў Фэйсбуку

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове
26 чэрвеня 2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове

Чытаць далей...
Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
23 чэрвеня 2017

Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Чытаць далей...
Моцарт беларускай літаратуры
23 чэрвеня 2017

Моцарт беларускай літаратуры

Чытаць далей...
Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!
23 чэрвеня 2017

Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!

Чытаць далей...
651