Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2016

Час народаў «ПрайдзіСвету» (+фота)

Другі фестывальны дзень «Вершаў на асфальце» парадаваў нас вечарынай каманды перакладчыкаў – “Паэзіяй народаў “ПрайдзіСвету”. У ёй узялі ўдзел вядомыя паэты і перакладчыкі Алег Мінкін, Ганна Янкута, Ігар Кулікоў, Ганна Комар разам з Чарльзам Букоўскі, Кацярына Маціеўская, Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас, які выступіў у дзвюх іпастасях: выдаўца і перакладчыка.

Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас

Адкрываючы імпрэзу, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч адразу папярэдзіў прысутных, што той адрэналін, які віруе ў паветры пасля тых вечарын, якія ўжо прайшлі, яшчэ спатрэбіцца для таго, каб вытрымаць моцны ціск перакладчыцкай энергіі. І сапраўды, выступоўцы здзіўлялі аўдыторыю не толькі шырокай геаграфіяй сваёй дзейнасці, але і тым, з якім захапленнем, з якім заглыбленнем у радкі сусветна вядомых твораў яны чыталі свае пераклады.

Уверсе: Алег Мінкін, унізе: Ганна Янкута, Ігар Кулікоў

Спецыяльна дзеля фесту ў Менск завітаў, як сказаў спадар Хадановіч, “рэдкі госць, які не так часта песціць менчукоў сваімі візітамі” – Алег Мінкін. Вядомы творца на фестывалі выступае ў некалькіх ролях: як перакладчык, як творца і як аўтар вершаў для дзяцей. На вечарыне “ПрайдзіСвету” ён прачытаў не толькі даўно вядомыя свае пераклады, але і новыя, зробленыя нядаўна (“Боская камедыя” Дантэ, абноўленае перастварэнне “Крумкача” Эдгара По і інш.).

Ганна Янкута прачытала апошні свой перакладзены з ангельскай мовы верш Альфрэда Тэнісана “Сэр Галахад”, які падаўся пісьменніцы цікавым больш формай, чым зместам.

Ігар Кулікоў прачытаў адзін з гімнаў Рыгведы – па словах перакладчыка, самага стражытнага твора індыйскай цывілізацыі і ўвогуле ўсяго чалавецтва. Перакладзены з санскрыту гімн – адзін з прыкладаў касмалагічных загадак, якімі былі насычаны слоўныя спаборніцтвы тагачасных індусаў.

Уверсе, злева направа: Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас; Кацярына Маціеўская; унізе: Марына Шода, Ганна Комар

Правакатыўную паэзію другой паловы ХХ стагоддзя прадставіла Ганна Комар з “інтэрактыўнай падтрымкай” ад Чарльза Букоўскі (на экране праектара). Перад выступам Кацярыны Маціеўскай нечакана заспяваў вядоўца вечарыны Андрэй Хадановіч, супакойваючы шумную аўдыторыю за столікамі Галерэі TUT.BY, а сама перакладчыца прачытала “вечнае і злабадзённае” ад Баляслава Лесьмяна, пасля чаго ўвагу зноў прыцягнуў нястомны Хадановіч і прадставіў публіцы свае пераклады Гіёма Апалінэра.

Ёнатан Барг (Ізраіль) і Павал Касцюкевіч; Андрэй Хадановіч

У другім аддзяленні “перакладчыцкай” імпрэзы Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас прэзентавалі кнігу выбраных перакладаў вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх творцаў спадара Баршчэўскага “І боль, і прыгажосць…”. Сам аўтар перакладаў прачытаў у арыгінале вершы на ірландскай, шведскай, расейскай, ісландскай і нямецкай моў. А Змітра Коласа, які прадставіў пераклад з французскай Андрэ Шэнье, Андрэй Хадановіч параіў ужываць як арыгінал Лявона Баршчэўскага.

Люба Якімчук і Марк Токар

Вечар прадоўжыла ўкраінская паэтка Люба Якімчук, якая сумесна з музыкам Маркам Токарам і вялізным кантрабасам прадставіла музычна-паэтычную праграму “Абрыкосы Данбасу”.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Тэкст і фота: Крысціна Бандурына, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове
26 чэрвеня 2017

Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд на беларускай мове

Чытаць далей...
Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
23 чэрвеня 2017

Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

Чытаць далей...
Моцарт беларускай літаратуры
23 чэрвеня 2017

Моцарт беларускай літаратуры

Чытаць далей...
Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!
23 чэрвеня 2017

Даведнік па аўтарскім праве – вольна пампуйце і чытайце!

Чытаць далей...
332