Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

15 лютага 2016

Чарнавікі Стральцова: даробак і няспраўджаныя задумы (тэзісы лекцыі)

Адкрывала трэці дзень V Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова лекцыя Ціхана Чарнякевіча. Яна якраз была прысвечана патрону фестываля, які 14 лютага мог бы святкаваць свой 78-ы дзень нараджэння.

- Імя Стральцова на фестывалі гучыць даволі часта, апошнія гады з’яўляюцца і пераклады ягоных вершаў на самыя розныя мовы. Відавочна, ствараецца пэўны сімвал, хоць змест ягоны акрэсліць было б цяжкавата. Тым не менш, навуковая размова пра спадчыну Стральцова так і не пачынаецца: маўчыць крытыка і літаратуразнаўства, нібыта ўсе пытанні ягонай біяграфіі і творчасці даўно высветленыя і развязаныя. Гэта, калі казаць акуратна, не зусім. Пра Стральцова дагэтуль у Беларусі не напісана ніводнае кнігі. Адзіная вядомая манаграфія па ягонай творчасці выдадзена ў Польшчы на польскай мове.

- Біяграфія Стральцова не створана ні ў якім выглядзе. Няма навуковага “летапісу жыцця і творчасці”, школьнага крытыка-біяграфічнага нарысу, сучаснага нон-фікшну – нічога. Разам з тым, тэма гэтая абяцае пісьменніку ці крытыку ці журналісту надзвычай багаты на фактуру матэрыял, нетыповы для біяграфічных нарысаў пра беларускіх пісьменнікаў пасляваеннай савецкай пары.

- Архіў. Фонд Стральцова ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва – адзін з самых сціплых. Гэтаму “пасадзейнічалі” многія фактары. Найперш сам пісьменнік не асабліва рупіўся пра збіранне і захаванне ўласнага архіва аж да драбніцаў. Па-другое, жывыя яшчэ дзясяткі родных, сяброў, сучаснікаў і знаёмых Міхася Стральцова і, адпаведна, многія ягоныя аўтографы застаюцца па-за сценамі архіўнага фонда. Такім чынам, калі брацца за сапраўды навуковае вывучэнне спадчыны Стральцова, яго біяграфіі, то даследчык апынецца ў незайздросным становішчы. Напрыклад, у фондзе захоўваецца ўсяго два лісты пісьменніка, з апавяданняў – толькі некалькі. На пальцах можна пералічыць фотаздымкі. Крыху лепшая сітуацыя з вершамі і крытычнымі артыкуламі. Яны захаваліся ў дастатковым аб’ёме і ў асабістым фондзе, і ў фондах літаратурных часопісаў, дзе друкаваўся Міхась Стральцоў. Тым не менш, калі падагульняць размову пра архіў Стральцова, то, нягледзячы на параўнальна невялікі аб’ём напісанага, нават гэта не ўдалося захаваць у аб’ёме хаця б 50%-ным. Пошук аўтографаў, асабліва ранняга часу, можа неўзабаве стаць адным з прыярытэтаў стральцовазнаўства.

- Барацьба спраўджанага з уціскам. Адной з жыццядайных для даследчыка тэм можа стаць аповед “Як рэдагавалі Міхася Стральцова”. Калі параўноўваць часопісныя і кніжныя публікацыі яго ранняй прозы, становіцца ясна, што напачатку Стральцова чакаў моцны рэдактарскі прэсінг, які не прымаў ягонай манеры, лексікі і нават сюжэту. Рэдактары часам да непазнавальнасці перапісвалі апавяданні Стральцова, мянялі сюжэтныя лініі, скарачалі творы. У кніжных варыянтах пісьменнік адкінуў усе навязаныя яму праўкі.

- Вялікай і плённай тэмай для філолага можа стаць тэксталагічны аналіз лірыкі Стральцова. Можна сказаць, што большую частку сваіх вершаў, прыкладна дзве траціны, аўтар так ці інакш перапісваў ад выдання да выдання. Апафеозам гэтай працы стаўся выхад перадсмяротнай кнігі выбранага ў 1987 годзе, калі Стральцоў вельмі грунтоўна перапрацаваў свае вершы – аж да скарачэння на 4-8 радкоў і зменаў назваў. Яшчэ большае тэксталагічнае багацце чакае пры сустрэчы з першымі, дургімі і трэцімі рэдакцыямі і варыянтамі вершаў, якія дастаткова поўна захаваліся ў БДАМЛМ (прынамсі што тычыцца вершаў зборніка “Цень ад вясла” і асабліва – “Мой свеце ясны”).

- Гэтыя і шмат якія іншыя тэмы – напрыклад, кампаратывістычныя даследаванні творчаага метаду Стральцова з метадамі Гарэцкага, беларускіх і рускіх шасцідзясятнікаў, хэмінгуэўскай традыцыяй – могуць стацца асновай для больш сур’ёзнага аналізу стральцоўскай спадчыны. Які абавязкова мусіць быць праведзены.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»
20 кастрычніка 2017

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Чытаць далей...
Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!
20 кастрычніка 2017

Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Чытаць далей...
«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
19 кастрычніка 2017

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!

Чытаць далей...
Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка
19 кастрычніка 2017

Пайшоў з жыцця пісьменнік Іван Івашка

Чытаць далей...
484